Рамантыка, а не агрэсія

№ 1 (819) 05.01.2008 - 11.01.2008 г

Сустрэўшы мяне ў фае Цэнтральнага Дома афіцэраў, жывапісец, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай АПІЁК адразу дзеліцца сваёй задумай: стварыць у гэтым будынку арт-кавярню, наведвальнікі якой паміж двума кубкамі кавы маглі б паглядзець выстаўку вядомага мастака. Неаспрэчна, ажыццяўленне гэтага праекта яшчэ больш замацуе за Домам афіцэраў ролю культурнага цэнтра, у чарговы раз засведчыўшы, што гарматы і музы не толькі могуць, але і павінны суіснаваць разам, натхняючы і натхняючыся. Зрэшты, пра гэта сведчыць і ўся дзейнасць Студыі ваенных мастакоў, якую ўзначальвае Мікалай АПІЁК.

 /i/content/pi/cult/143/923/Ramantyka.jpg
— Ці не ўсе творцы ў адзін голас заяўляюць: мы, маўляў, працуем для народа, — кажа Мікалай Афанасьевіч. — Але, каб гэтыя словы набывалі змест, з народам трэба сустракацца, што называецца, вочы ў вочы.
Мы, удзельнікі студыі, толькі за мінулы год такіх сустрэч наладзілі больш за трыццаць. Бралі свае палотны і везлі іх у вайсковыя часткі або нават проста на вучэнні.
— І якая рэакцыя гледачоў?
— Розная, але заўсёды — зацікаўленая. Навабранцы задаюць самыя простыя пытанні, кшталту: чым адрозніваецца жывапіс ад графікі, афіцэрская аўдыторыя рэагуе іначай, ахвотна ўступае ў дыскусію. Раз-пораз атрымліваем заўвагі — чаму, маўляў, тая ці іншая дэталь карціны пра лётчыкаў не адпавядае рэчаіснасці? Даводзіцца тлумачыць, што ў мастацкіх творах абсалютнае падабенства — зусім не галоўная мэта. Але, натуральна, з чыста пазнавальнага пункта гледжання такія сустрэчы для нас, мастакоў, вельмі карысныя.
Усе свае выстаўкі (а іх за гады існавання студыі адбылося ўжо пяць) мы дублюем у Сувораўскім вучылішчы. Яно рыхтуе людзей усебакова развітых, эстэтычна падрыхтаваных. Заўсёды натхняюся, углядаючыся ў твары гэтых яшчэ зусім маладзенькіх хлопцаў. Дарэчы, і свой апошні твор я прысвяціў выпускному балю ў Сувораўскім.
А няўжо мастака не можа натхніць урачысты момант прыняцця прысягі? Трэба разумець, што армія — гэта частка нашай беларускай рэчаіснасці. Частка неад’емная і вельмі важная. Армія паклікана ўвасабляць лепшыя памкненні чалавека — любоў да Радзімы, самаахвярнасць. І таму я проста не разумею тых сваіх калег, якіяставяцца да ваеннай тэматыкі не надта, сказаў бы, паважліва. Хаця мастак павінен жыць не толькі сваім асабістым жыццём, а жыццём народа, дзяржавы, урэшце — чалавецтва.
— Цягам усяго мінулага стагоддзя ваенна-патрыятычная тэматыка была ці не найважнейшай у беларускім мастацтве. Цяпер жа яна нібы адсунута кудысьці ўбок...
— Бо для многіх мастакоў куды прасцей і выгадней штампаваць салонныя пейзажыкі, чым узнімаць у сваіх творах глыбінную тэматыку. І законы рынку часта супярэчаць не толькі густу, але і пачуццю патрыятызму. Прыкладам, ведаю аднаго замежнага дзеяча, якога цікавіў толькі адзін аспект нашага беларускага жыцця — вясковыя прыбіральні. Ён быў гатовы шчодра аплаціць працу таго мастака, які спецыялізаваўся б на гэтай тэматыцы. Я таксама атрымліваў нямала спакуслівых прапаноў, але палічыў бы здрадай і сабе самому, і сваёй краіне, каб на іх пагадзіўся.
Аналізуючы ўзаемаадносіны дзяржавы і культуры ў гістарычнай перспектыве — пачынаючы ажно са старажытнага Егіпта, — нязменна прыходзіш да высновы, што задача падтрымліваць духоўнасць нацыі на “баявым пасту” заўсёды ўскладалася менавіта на мастацтва. Калі ў 1937 годзе Савецкі Саюз прагнуў прадэманстраваць свой патэнцыял міжнароднай супольнасці на міжнароднай выстаўцы ў Парыжы, галоўная стаўка была зроблена менавіта на мастацкі твор — “Рабочы і калгасніца” Мухінай. Твор, які стаў сапраўдным сімвалам эпохі.
— У наш час такіх этапных твораў-сімвалаў, мусіць, і няма...
— Ваша праўда! І гэта нават здзіўляе. Бо раней здавалася — як толькі будзе свабода, творчасць адразу завіруе. Але ж шэдэўраў маштабу “Партызанскай мадонны” Савіцкага, здатных ёміста абагульніць вялізны духоўны досвед нацыі і чалавека, за апошняе дзесяцігоддзе ў нас не з’явілася.Аднойчы мы гутарылі з Міхаілам Андрэевічам, і я прапанаваў яму стварыць карціну, дзе мовай мастацкіх алегорый было б адлюстравана зло. Вельмі хацеў бы, каб гэты твор стаў цэнтральным экспанатам выстаўкі, прысвечанай 90-годдзю Узброеных Сіл Беларусі, якую наша студыя зладзіць у лютым. Аднак... мастак пакуль не завяршыў сваю працу. Звышскладаная тэма патрабуе шмат часу і душэўных высілкаў.
— А якія творы вы рыхтуеце да гэтай маштабнай выстаўкі?
— На жаль, адзін з іх я дапісаць, мусіць, не паспею. Хацелася ўвасобіць з дапамогай пэндзля вобраз такога знамянальнага ваяра нашай мінуўшчыны, як Усяслаў Чарадзей. Планую выставіць партрэты Вітаўта і Ягайлы.
Мяне вельмі зацікавіў такі падыход да адлюстравання гісторыі: постаць мінуўшчыны ў абліччы сучаснага акцёра, які выконвае яе ролю ў спектаклі. Вось і на карціне “Вітаўт і Ягайла” вы ўбачыце нашых колішніх уладароў у абсалютна бліскучым увасабленні Мікалая Кірычэнкі і Генадзя Давыдзькі.
Наведвальнікі выстаўкі ўбачаць і рэалізацыю яшчэ адной маёй даўняй задумы — стварыць “непарадны” партрэт Жукава. На палатне адлюстраваны вельмі важны, бадай, вырашальны момант яго дыскусіі са Сталіным. Сталіна на карціне няма, але ягоныя словы “Ваша меркаванне, таварыш Жукаў...” (я так і планую назваць свой твор) нібыта завіслі ў паветры.
— Наколькі актуальнае сёння “абнаўленне” ваенна-гістарычнай тэматыкі — не толькі тэматычнае, але і з пункта гледжання фармальных сродкаў мастацтва?
— Мы не можам і не павінны штучна працягваць век сацрэалізму. Таму і нядзіўна, што сённяшняя моладзь мае новае бачанне станковага жывапісу, прапануе сваё светлавое і фармальнае вырашэнні. Думаю, іх падказвае маладым творцам само жыццё: у гаме іх колераў можна ўбачыць водбліскі культуры нашага часу.
Таму формы, без сумневу, будуць мяняцца. Але залежыць гэта перадусім ад саміх мастакоў, ад іх таленту і эстэтычных поглядаў. Галоўнае, каб нязменнай заставалася сутнасць. Вельмі важны аспект: у творах удзельнікаў студыі вы ніколі не ўбачыце праяў агрэсіі, гэткага наступальнага пафасу.І яшчэ. У адлюстраванні ваеннай тэматыкі нашымі мастакамі пакуль занадта шмат дакументальнасці і занадта мала рамантыкі, хаця ў вайскоўцаў рамантычных памкненняў ніколі не бракавала. Не бракуе іх і цяпер.
— А ці магчыма ўявіць твор на патрыятычную тэматыку, напісаны ў стылістыцы, скажам, супрэматызму або сюррэалізму?
— Я прымаю ўсе віды мастацтва — уключна са знакамітым “Чорным квадратам”. Таму калі хтосьці з мастакоў будзе асэнсоўваць ваенную тэматыку менавіта ў такім ключы, мяне гэта адно ўзрадуе.
Вядома, мастак арыентуецца на асяроддзе — а яно пакуль не надта падрыхтаванае да такіх новых (ці адносна новых) форм вырашэння вечнай тэмы. Але, думаю, грамадства з часам да гэтага прыйдзе. Бо жыццё вымагае руху наперад.
— На атрыманне спецыяльнай прэміі Прэзідэнта РБ вы былі намінаваны, сярод іншага, і за трыпціх “Шчыт Айчыны-2004”. Цікава было б пачуць гісторыю гэтага сапраўды запамінальнага твора...
— Наведванне вучэнняў “Шчыт Айчыны” — урадлівая глеба для творчага натхнення. Уяўляеце — прыгожыя нашы краявіды, верас цвіце, буслы... І раптам — грукат звышсучаснай тэхнікі, якую і ў сне не ўбачыш! Выбухі, стрэлы... А праз пяць хвілін — ізноў цішыня.
Адразу нарадзілася і кампазіцыйнае вырашэнне трыпціха. На цэнтральнай яго частцы — людзі, надзеленыя гісторыяй надзвычай адказнай місіяй: берагчы мір і спакой сваёй зямлі. Гэта Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, міністр абароны Леанід Мальцаў, іншыя ваеначальнікі... А бакавыя часткі трыпціха — мірны, цёплы беларускі краявід.