Тыраж — незапатрабаваны?

№ 35 (1109) 31.08.2013 - 07.09.2013 г

Сёлета я адпачываў ля мора ва Украіне. Хоць людзі і выбіраюцца як мага далей ад дому дзеля таго, каб прыдбаць новыя ўражанні, забыцца на хатнія клопаты ды вытворчую завядзёнку, аднак свае звычкі паўсюль возяць з сабой. Я, напрыклад, куды ні прыехаў бы, падсвядома шукаю вачыма кніжную краму або хаця б газетны шапік у спадзяванні пабачыць нешта такое, чаго няма ў мінскіх кнігарнях. У тым курортным мястэчку пад Адэсай друкаваная прадукцыя, як і мае быць, адпавядала адпачынкаваму фармату: танныя кніжкі кішэннага памеру і немудрагелістага зместу ў мяккіх вокладках. Але сярод лёгкага чытва мне на вока трапілася некалькі кніг адной выдавецкай серыі, якія выклікалі ў мяне сапраўдную цікавасць.

/i/content/pi/cult/443/9227/44-49.JPG

Тэматыка серыі пазначана як “Бібліятэка прыгод для дзяцей”, а змест кніг — “па матывах” класічных твораў сусветнай літаратуры. У тым шапіку на паліцы стаялі “Сабор Парыжскай Божай Маці”, “Капітанская дачка”, “Прыгоды бравага ваякі Швейка”. Гэта толькі малая частка вялікага адукацыйнага праекта. Серыя была заснавана дзесяць гадоў таму, і кніг у ёй выйшла багата.

“Па матывах” — вызначэнне, як мне падаецца, не зусім дакладнае, бо гэта не пераказ, а скарочаныя і адаптаваныя для сярэдняга школьнага ўзросту версіі класічных тэкстаў. Гэта звязаная сюжэтам нізка стрыжнявых эпізодаў, паводле якіх зразумелыя змест і сэнс той або іншай кнігі. Кожная кніга дапоўнена “энцыклапедыяй” — навуковым каментарыем, датычным асоб, рэчаў, падзей ды з’яў, пра якія апавядаецца ў кнізе.

“Энцыклапедыя” ў “Прыгодах бравага ваякі Швейка” мае дванаццаць раздзелаў, з якіх чытач даведваецца пра свет напярэдадні Першай сусветнай вайны, пра тое, як утварылася і што ўяўляла з сябе Аўстра-Венгерская імперыя, пра прычыны Першай сусветнай вайны і хаду баявых дзеянняў, узбраенне і вайсковы побыт, пра тое, хто былі ці маглі быць прататыпы літаратурных герояў Яраслава Гашэка. Погляд на рэаліі гісторыі пазбаўлены залішняга піетэту.

Найбольш важна, што ў каментарыях — украінскі чыннік, украінскі погляд на падзеі сусветнай і рэгіянальнай гісторыі. У “энцыклапедыі” згадваецца: украінцы (галічане) складалі восем працэнтаў насельніцтва Аўстра-Венгрыі, і пасля распаду імперыі ў 1918 годзе Галіцыя трапіла пад Польшчу.

Сам Яраслаў Гашэк, як згадваецца ў тых жа каментарыях, у
1916-м знаходзіўся ў Кіеве як удзельнік незалежніцкага руху чэхаў і славакаў. Менавіта тут ён пачаў пісаць “Швейка”. А ў 1918 пісьменнік пакінуў Украіну разам з адступаючым войскам.

Украінскі чытач, да якога скіравана выданне, не толькі знаёміцца праз яго з класічным творам сусветнай літаратуры, але і даведваецца, што за дачыненне да гэтага твора ды падзей, пра якія ў ім апавядаецца, мае ягоная краіна. Тут і нам варта павучыцца ў паўднёвых суседзяў. Можна, скажам, адаптаваць для школьнікаў тэкст “Крыжакоў” Генрыка Сянкевіча і дапоўніць яго ілюстраванымі каментарыямі пра наша Сярэднявечча: пра Вялікае Княства ды яго ўладароў, пра войны і уніі старабеларускай дзяржавы, пра яе культуру і мастацтва.

Мне ўкраінскі выдавецкі праект прыйшоўся даспадобы, і, зноў падкрэслю, я лічу яго вартым пераймання. Але дзеля аб’ектыўнасці мушу засведчыць, што кнігі серыі, мабыць, разыходзяцца не вельмі хутка. “Швейк”, які ўразіў мяне густоўнасцю мастацкага афармлення ды інфармацыйнай насычанасцю, быў надрукаваны ў 2005 годзе накладам у 2 000 асобнікаў. Для Украіны гэта няшмат. І, як бачыце, дагэтуль кніга ёсць у продажы. А калі такая выдатная рэч не знаходзіць спажыўца, дык варта задумацца пра месца кнігі ў сучасным інфармацыйным абшары. Але гэта ўжо тэма для іншай гаворкі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"