Фота з блога Адама Глобуса.
Лідзія МАКАРЭВІЧ, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры:
— Да нас Глобус не звяртаўся. Не было такога, каб ён нам прапанаваў, а мы адмовіліся. Можа, з кім іншым ён вёў перамовы, але з Музеем гісторыі беларускай літаратуры — не. Беручы да ўвагі праблемы папаўнення музейных фондаў, мы ад падарунка не адмовіліся б. Нават прытым, што нам зараз няма дзе яго захоўваць, бо ў музеі другі год ідзе рамонт. У гэтых умовах мы вымушаны на пэўны час адмовіцца ад набыцця экспанатаў, асабліва буйнамаштабных.
Музейшчыкі ўвесь час вымушаны вырашаць дзве ўзаемазвязаныя праблемы. Па-першае, дбаць аб набыцці новых экспанатаў, бо трэба час ад часу аднаўляць экспазіцыю ды такім чынам прывабліваць публіку. І па-другое — адначасова ламаць галаву над тым, як новыя паступленні размясціць у перапоўненых сховішчах. Кожны музей сам вырашае, дзе і як яму захоўваць свае экспанаты. Ведаю, што і Літаратурны музей Якуба Коласа, і Нацыянальны гістарычны арандуюць памяшканні пад сховішча.
Даўно ідзе гаворка пра неабходнасць стварэння ў сістэме Міністэрства культуры цэнтралізаванага фондасховішча, якое на дадзеным этапе вырашыла б гэтую праблему хаця б для сталічных музеяў. Будаваць яго збіраюцца за адміністрацыйнай мяжой горада. Але я чула, што запланаваны будынак занадта малы, каб адпавядаць свайму прызначэнню.
Дапускаю, што нават тыя музейшчыкі, якія ведалі аб прапанове Адама Глобуса, вырашылі яе праігнараваць, бо не пажадалі займець праз такі падарунак праблем…
Ірына ГАЕЎСКАЯ, загадчык аршанскага Музея Уладзіміра Караткевіча:
— Пра тое, што літаратар Адам Глобус шукае новага гаспадара для рэчы, якая належыла Уладзіміру Караткевічу, мы даведаліся з Інтэрнэту. Калі ж звярнуліся да яго з просьбай перадаць стол пісьменніка ў наш музей, ён адмовіўся: сказаў, што хацеў бы, каб гэтая рэч засталася ў Мінску. Чаму рэліквіяй не зацікавіліся сталічныя музеі, мне меркаваць цяжка. Можа, і сам Адам Глобус штосьці зрабіў не так? У дадзеным выпадку, на маю думку, абвесткі ў Інтэрнэце недастаткова. Калі ты зацікаўлены ў тым, каб рэч трапіла ў музейныя фонды, дык звярніся да дырэкцыі музея. Рабочы стол Уладзіміра Караткевіча пасуе экспазіцыі Музея гісторыі беларускай літаратуры. Яшчэ ён мог бы зацікавіць Музей гісторыі горада Мінска або Нацыянальны гістарычны музей. Вось па гэтых адрасах і варта было прайсціся. А ў выпадку, калі б усе адмовілі, — афіцыйна звярнуцца са сваёй прапановай у Міністэрства культуры краіны. Такой мне як супрацоўніку музея ў дадзеным выпадку падаецца паслядоўнасць дзеянняў уладальніка рэліквіі.
У параўнанні з музеямі Купалы і Коласа, аршанскі Музей Караткевіча даволі малады. Нашы фонды — на стадыі актыўнага фарміравання, і немалую іх частку складаюць рэчы, падораныя музею. Канешне, хацелася б, каб сярод іх быў і той рабочы стол Караткевіча. Але тое, што стол пісьменніка ў рэшце рэшт трапіў у кнігарню “Ў”, для рэліквіі не горшы варыянт, бо туды прыходзяць людзі, неабыякавыя да роднага слова…
Замест P.S.
Адам ГЛОБУС (Уладзімір Адамчык), літаратар, мастак:
— Я паставіў умовай, што рэліквія павінна застацца ў Мінску. І гэта мусіць стаць культурнай падзеяй. З павагай стаўлюся да мясцовага патрыятызму, да аршанскага ў прыватнасці. Але постаць нацыянальнага маштабу трэба ўшанаваць у сталіцы краіны. А то Музей Быкава — у вёсцы, куды цяжка дабрацца, Музей Караткевіча — у Оршы… Добра, калі гэта ў дадатак, калі гэта філіялы сталічнага музея. А калі не, дык такая акалічнасць збівае маштаб асобы, зводзячы яе значэнне да рэгіянальнага ўзроўню. Тым больш, што Уладзімір Караткевіч менавіта ў Мінску пражыў усё жыццё і тут напісаў свае славутыя творы…
Хоць я дэклараваў намер падарыць стол Караткевіча якому-небудзь сталічнаму музею, ды ўсё ж практыку папаўнення музейных збораў падарункамі лічу ненармальнай. Я разумею, у музеяў грошай не стае, але калі штосьці атрымліваеш задарма, дык ставішся да гэтага без пашаны. А захоўваць будзеш толькі тое, за што грошы заплаціў. Калі мяне просяць падарыць музею бацькавы рукапісы, я адмаўляюся: не таму, што збіраюся зарабіць на бацькавай памяці, а таму, што хачу быць упэўненым: рукапісы ў музеі захаваюцца…
Каментарыі: