Кола сцэнічных і “хатніх” герояў

№ 1 (819) 05.01.2008 - 11.01.2008 г

Кацярына БОРЧАНКА, салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Рэспублікі Беларусь

 /i/content/pi/cult/143/922/Borchanka.jpg
— Адыходзячы год, відаць, запомніцца вам бліскучай перамогай на Х
VІІ Адкрытым Усеяпонскім конкурсе артыстаў балета ў Нагоі: там вы атрымалі Гран-пры.
— Гэта была папраўдзе адметная падзея, і ўсе цяжкасці, звязаныя з падрыхтоўкай да конкурсу і ўдзелам у ім, сёння ўжо забыліся — засталося толькі адчуванне радасці, змяшанай з хваляваннем, і жаданне працаваць, ствараць новыя запамінальныя вобразы.
— У нашым тэатры вы з’явіліся ў “Лебядзіным возеры”, скарыўшы супрацьлегласцю Адэты і Адыліі. Зараз вас можна пабачыць практычна ва ўсіх класічных партыях: пяшчотнай Медоры ў “Карсары”, гуллівай Кітры ў “Дон Кіхоце”, кранальнай Жызэлі, палкай Эсмеральды ў аднайменных балетах, юнай Аўроры і Феі Бэзу ў “Спячай прыгажуні”. У Японіі ў вашым выкананні ўсіх уразіла варыяцыя Гамзаці з “Баядэркі”. Дарэчы, у гэтым спектаклі вы таксама выконваеце папераменна то больш характарную Гамзаці, то больш лірычную Нікію. А ёсць нейкая самая любімая партыя?
— Калі артысты гавораць, што ўсе ролі— любімыя, яны не хлусяць. Бо кожнай аддаеш шмат сіл, у кожнай пакідаеш частачку сэрца і душы. Але ў гэтым сезоне ў тэатры быў пастаўлены “Бахчысарайскі фантан”, я танцую ў ім Зарэму, якая не можа змірыцца, што ў хана Гірэя з’яўляецца Марыя. І гэта партыя для мяне вельмі дарагая, бо яна дала магчымасць раскрыцца мне не толькі як танцоўшчыцы, але і як артыстцы.
— Вы маглі рэалізаваць свае артыстычныя здольнасці і ў іншых партыях: у характары той жа Гамзаці не менш эмацыйнага напалу — то прыхаванага, то адкрытага, які выплёскваецца, не ведаючы берагоў.
— У Зарэме я магу паказаць усё гэта напоўню, дый гераіня гэта больш шматпланавая, у ёй пастаянна змагаюцца супрацьлеглыя пачуцці. І іх трэба выяўляць не толькі ўласна ў танцы, але і па-акцёрску.
— Сярод найбольш значных падзей беларускага балета-2007 трэба назваць фестываль спектакляў Валянціна Елізар’ева, прымеркаваны да 60-годдзя майстра. За чатыры з паловай гады працы ў нашым тэатры вам давялося ўдзельнічаць у многіх яго балетах.
— І гэта была абсалютна новая для мяне сфера — найперш па сваёй адметнай сучаснай пластыцы. Вельмі цікава было ўвасобіць Рагнеду. Гэта ж не проста дзяўчына і жанчына, якой даводзіцца прайсці ў сваім жыцці праз каханне, смерць блізкіх, пакуты, здраду, помсту і, нарэшце, хрысціянскае дараванне і ахвярнасць. Гэта знаная гістарычная асоба, адна з першых беларускіх асветніц, знакавая фігура беларускай духоўнай культуры. Усё гэта мне і хацелася перадаць у вобразе гераіні. А тая ж Джульета! Колькі ўжо было самых разнастайных увасабленняў гэтай гісторыі кахання, а кожны артыст намагаецца знайсці ў ёй свае адценні. Ці Кармэн — я шчаслівая, што мне давялося ўвасабляць яе ў “Кармэн-сюіце”, таксама пастаўленай Валянцінам Мікалаевічам. У адышоўшым годзе я ўвасабляла яшчэ адзін яркі характарны вобраз — Блудніцы ў аднаактовым балеце “Карміна Бурана”. Упершыню я выйшла ў гэтай партыі на сцэну 24 верасня, а потым мне была даручана, можна сказаць, ганаровая місія выканаць гэтую партыю ў дзень юбілейнага ўшанавання Валянціна Елізар’ева — 30 кастрычніка.
— А Новы год як сустракалі?
— Лёс артыста балета — сустракаць гэтае свята на гастролях. Так, дарэчы, і здараецца звычайна. Некалькі гадоў запар наша трупа на Каляды гастралявала ў Карэі, традыцыйна са спектаклем “Шчаўкунок”. Але сёлета, на шчасце, я, як і іншыя мае калегі, змагла зрабіць маленечкія “навагоднія канікулы” і сустрэць наступленне 2008 года на сваёй радзіме ў Санкт-Пецярбургу, у цёплым сямейным коле, разам з маці і бацькам — яны ж у мяне таксама былыя артысты балета.
— Для вас увогуле, пэўна, гэта вельмі важна: памятаю, калі Елізар’еў запрашаў вас у наш тэатр, вы паставілі за абавязковую ўмову, каб разам з вамі ехаў ваш брат Пётр. І гэтым усё сказана.