Мастакі, якія бяруць удзел у выстаўцы, з’яўляюцца сябрамі творчай суполкі “ЛітАрт”, што ўзначальвае прафесар, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне” Павел Семчанка. Іх намаганнямі беларуская каліграфія вядомая за межамі нашай краіны, а творы яскрава сведчаць, што камп’ютарная графіка не заменіць руку майстра. Два каліграфы — беларус Генадзь Мацур і кітаец Лі Цю — правялі для гледачоў майстар-клас. Дарэчы, работы згаданага кітайскага творцы эфектна глядзяцца разам з кірылічнымі ды лацінкавымі кампазіцыямі.
Асобны раздзел экспазіцыі складаюць работы вядомага дызайнера Уладзіміра Цэслера. Вартыя ўвагі творы жывапісцаў Анатоля Кузняцова, Андрэя Плясанава, Антаніны Фалей.