Як паведамляла ўжо “К”, кампазіцыя ўяўляе з сябе кнігу, якая нібыта вырастае з зямлі. Гэта плён творчай працы чатырох скульптараў: Івана Арцімовіча, Васіля Цімашова, Аляксандра Сакалова і Паліны Піраговай.
Як паведаміў нам Іван Арцімовіч, істотных змен у першапачатковы праект унесена не было — толькі ўдакладнены выявы на старонках кнігі. На адной змешчана выкананая ў тэхніцы невысокага рэльефу цудатворная ікона Баркулабаўскай Божай Маці, на другой — тэксты, дзе распавядаецца пра знакавыя падзеі гісторыі Быхава. Выява іконы з’явілася ў помніку па просьбе жыхароў горада.
Тым часам яшчэ адзін помнік устаноўлены ў Слуцку: гэта скульптура, што сімвалізуе адраджэнне слуцкага пояса ў якасці знака беларускай нацыянальнай тоеснасці. Аўтар — Сяргей Гумілеўскі. Ён жа стварыў і скульптуру ткача, якая будзе стаяць ля ўвахода ў прадпрыемства “Слуцкія паясы”. Яна з’явіцца ў Слуцку ўжо неўзабаве.