Самы кароткі шлях да ўзаемаразумення

№ 1 (819) 05.01.2008 - 11.01.2008 г

Ігар ЛУЧАНОК, народны артыст СССР, старшыня Беларускага саюза кампазітараў.

 /i/content/pi/cult/143/921/Luchanok1.jpg
— Ігар Міхайлавіч, 2007 год быў для нас памятным вашым шыкоўным аўтарскім вечарам у Палацы Рэспублікі. Дарэчы, многія ўспрынялі яго “генеральнай рэпетыцыяй” да вашага 70-годдзя ў 2008-м.

— Адна з газет напісала, што мне будзе ўжо 80. Так што, вы можаце напісаць, што будзе 90, — я не пакрыўджуся.

— У пачуцці гумару вам ніколі нельга было адмовіць, але вернемся да вашага творчага вечара.

— Я ўдзячны ўсім, хто займаўся яго арганізацыяй і браў у ім удзел. І павінен адзначыць, у першую чаргу, двух маіх сяброў: Іосіфа Кабзона, з якім мы разам ужо некалькі дзесяцігоддзяў, і Прэзідэнцкі аркестр Беларусі на чале з Віктарам Бабарыкіным. Гэтаму калектыву летась споўнілася ўсяго толькі 5 гадоў, але ён заслугоўвае самых высокіх эпітэтаў.

— Звычайна ваш выхад на сцэну на любым з канцэртаў пачынаецца словамі: “Днямі я вярнуўся з Масквы…”, ці: “Я толькі што з Масквы…”. Вы папраўдзе шмат выступаеце ў Расіі, вашу творчасць любяць і шануюць па ўсім былым Савецкім Саюзе і ў далёкім замежжы.

— Сярод нядаўніх такіх паездак — удзел 19 снежня ў святкаванні ў Маскве 70-годдзя звання народнага артыста СССР. Ад Беларусі там былі я і дырэктар — мастацкі кіраўнік Беларускага балета Валянцін Елізар’еў. Мае песні зноў выконваў Іосіф Кабзон, а таксама Дзяржаўны ансамбль “Песняры” на чале з Вячаславам Шарапавым. Сярод іншых памятных паездак у Маскву ёсць, на жаль, і жалобная: я быў на пахаванні Ціхана Хрэннікава — нязменнага цягам дзесяцігоддзяў старшыні Саюза кампазітараў СССР, знакамітага творцы і цудоўнага чалавека, якому многія дзеячы культуры павінны быць абавязаны сваім жыццём, бо ён заўсёды абараняў таленавітых асоб перад уладамі. А колькім беларускім творцам ён дапамог знайсці сябе ў прафесіі! Я таксама ў свой час, як і іншыя мае калегі, у яго вучыўся. Можна ўзгадаць і яго неаднаразовыя прыезды ў Мінск, удзел у з’ездах Беларускага саюза кампазітараў. Дарэчы, асабіста для мяне найбольш значная падзея 2007 года — харавы пленум Беларускага саюза кампазітараў, які праводзіўся ў лістападзе сумесна з Міністэрствам культуры краіны і Беларускай дзяржаўнай філармоніяй.

— Вяртаюццабылыя традыцыі? Бо ў снежні 2006-га быў кампазітарскі з’езд, а ўжо праз год — пленум. Але чаму менавіта харавы?

— Па-першае, харавая музыка мае вельмі вялікую вагу ў нашай нацыянальнай культуры. Яе значэнне нельга пераацаніць. А па-другое, гэты пленум выдатна ўпісаўся ў шэраг іншых мерапрыемстваў, прымеркаваных да 125-годдзя нашых Песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Напярэдадні Саюз кампазітараў актыўна заклікаў творцаў адгукнуцца на гэты юбілей новымі харавымі творамі. Вынікам гэтай акцыі і стаў узгаданы пленум.

Падчас яго начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Міхаіл Казловіч урачыста ўручыў Ганаровы знак міністэрства кампазітару Міхаілу Васючкову і музыказнаўцы Вользе Савіцкай, кампазітар Алег Залётнеў быў адзначаны Ганаровай граматай. Мы вельмі ўдзячны Дзяржаўнаму камернаму хору Беларусі і асабіста яго кіраўніку Наталлі Міхайлавай, якія ўзялі на сябе адказнасць падрыхтаваць і выканаць лепшыя творы на словы Купалы і Коласа — як мінулых гадоў, так і толькі-толькі створаныя. Прагучалі хоры Мікалая Равенскага, Яўгена Паплаўскага, Сяргея Бельцюкова, Алены Атрашкевіч, Аліны Безенсон і іншых. У канцэрт былі ўключаны нават тры хоры студэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Ігара Янкоўскага.

— Годнае правядзенне гэтага пленума, пэўна, можна лічыць “папярэдняй рэпетыцыяй” да 75-годдзя творчага саюза?

— Так, сёлета Беларускі саюз кампазітараў адзначыць сваё 75-годдзе. Я вельмі хачу, каб гэтыя святкаванні акцэнтавалі тыя багатыя традыцыі, што назапашаны беларускай нацыянальнай кампазітарскай школай. Кааб мы ўзгадалі тых нашых творцаў, якіх ужо няма з намі. І, вядома, каб на наш юбілей прыехалі госці з замежжа.

Бо міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне культуры — самы кароткі шлях да ўзаемаразумення паміж народамі.