Забойства Пэна: яшчэ адна версія злачынства

№ 34 (1108) 24.08.2013 - 30.08.2013 г

...А цяпер — пра іншых удзельнікаў следства і судовага працэсу. Былы начальнік гарадскога аддзялення НКУС, старшы лейтэнант дзяржбяспекі Іван Гарбаленя, адзін з арганізатараў масавага тэрору ў горадзе, сам не пазбег рэпрэсій. Ужо пасля працэсу над Файнштэйнамі ён быў у чымсьці абвінавачаны і асуджаны да найвышэйшай меры пакарання. Гэтак жа склаўся лёс і пракурора — Барыса Маркавіча Глезерава (1901 — 1937 гг.). Ураджэнец Віцебска, ён у маладосці працаваў у прафсаюзах ды кантрольных органах. У 1933 г. быў прызначаны намеснікам наркама, а потым і наркамам юстыцыі БССР. У студзені 1937-га, незадоўга да працэсу, стаў пракурорам БССР. Але на гэтай пасадзе прабыў нядоўга: у тым жа 1937 годзе Б.Глезераў быў рэпрэсаваны, асуджаны да найвышэйшай меры пакарання. У 1956-м — рэабілітаваны. Цікава, калі гэты чалавек сам аказаўся нявінна асуджаным, ці ўспомніў ён членаў сям’і Файнштэйнаў ды сваю ролю ў гэтым працэсе?..

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 26, 28 — 33.)

Ёсць звесткі і пра лёс некаторых адвакатаў сям’і Файнштэйнаў. Нісон Мендзелевіч (Мікалай Маркавіч) Хазанаў (1886 — 1969 гг.) ужо тады быў вядомым у Віцебску спецыялістам. Па словах яго дзяцей, ён не верыў у вінаватасць сваіх падабаронных, але што ён мог зрабіць? Сам характар працэсу і час, калі ён праходзіў, выключалі які-небудзь вырашальны ўдзел у ім адвакатаў, якім, па сутнасці справы, адводзілася роля статыстаў.

 

/i/content/pi/cult/442/9206/14-3.jpeg

Ю.Пэн. "Бежанцы".

На долю юрыста таксама выпала нялёгкае выпрабаванне: у 1940 г. ён быў арыштаваны. На шчасце, пасля дзевяцімесячнага заключэння (адвакат не прызнаваў прад’яўленых яму абвінавачванняў) па распараджэнні Галоўнай ваеннай пракуратуры войскаў НКУС Н.Хазанава вызвалілі. Здарылася гэта 2 чэрвеня 1941, за дваццаць дзён да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Пасля вайны ён жыў у Ленінградзе, дзе таксама гэтак жа паспяхова практыкаваў. Там жа і памёр…

Міхаіл Аўгуставіч Дарашкевіч (1901 — 1980 гг.) з’яўляўся ўдзельнікам Грамадзянскай, а потым і Вялікай Айчыннай войнаў. З 1947-га ён выконваў абавязкі начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення юстыцыі, а ў 1957 — 1972 гг. — старшыні абласной калегіі адвакатаў. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай Вайны 2-й ступені, Чырвонай Зоркі (двума), “Знак Пашаны”, медалямі. Шкада, што Міхаіл Аўгуставіч не пакінуў успамінаў пра гэты працэс, а распытаць яго ніхто своечасова не здагадаўся…

Журналіст С.Брайнін таксама быў выхадцам з Віцебска, удзельнічаў у Грамадзянскай вайне, а затым працаваў спачатку ў газеце “Віцебскі рабочы”, а потым у газеце “Звязда”. Пра яго рэакцыі на тое, што адбывалася на працэсе, я ўжо згадваў. У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны журналіст быў мабілізаваны ў дзеючую армію ў якасці палітпрацаўніка. Пра далейшы яго лёс нічога не вядома, відаць, С.Брайнін загінуў у першыя месяцы вайны…

Аркадзь ПАДЛІПСКІ

Віцебск