Алена ШАЛІМА, фатограф-аматар, сябра фотаклуба “Мінск”
1. Крыніца інфармацыі
Прычым інфармацыі разнастайнай ды рознабаковай: ад паведамлення аб цікавай для фатографа падзеі да прагнозу надвор’я ў месцы гэтай самай падзеі. Тым больш, сучасныя сродкі камунікацыі дазваляюць карыстацца інтэрнэт-рэсурсамі ў мабільным рэжыме (да прыкладу, з дапамогай тэлефона). Анонсы фотавыставак, пленэраў, конкурсаў і фестываляў, у тым ліку міжнародных, прасцей знайсці менавіта ў Сеціве на спецыялізаваных сайтах.
2. Энцыклапедыя і перакладчык
Менавіта ў інтэрнэт-прасторы я маю магчымасць прагледзець велізарную колькасць ілюстрацый фатаграфічнага мастацтва, прычым самых розных жанраў. Тое ж самае датычыцца знаёмства з біяграфіямі ды творчасцю вядучых майстроў айчыннай і замежнай фатаграфіі. Засвоіць матэрыял дапамагаюць он-лайн-перакладчыкі з розных моў. А гэта, пагадзіцеся, вельмі зручна.
3. Падручнік
Інтэрнэт дае неабмежаваныя магчымасці для самаадукацыі ды самаўдасканалення. Сеціва прапаноўвае безліч навучальных матэрыялаў і майстар-класаў. А можна і проста задаць канкрэтнае пытанне на профільных сайтах ды атрымаць вычарпальны адказ на яго.
4. Магчымасць самапрэзентацыі
Я заўсёды карыстаюся аператыўнай рэкламай у Сеціве для анонсу сваіх выставачных праектаў. Гэтак жа маю свой ЖЖ і інтэрнэт-партфоліа. Для творчага чалавека магчымасць такой самапрэзентацыі — рэч надзвычай карысная.
5. Сродак камунікацыі
Вялікае значэнне ў творчым развіцці маюць зносіны з калегамі ды аднадумцамі. Дзякуючы Інтэрнэту я магу наладзіць стасункі з фатографамі з розных гарадоў рэспублікі і іншых краін, што дае нам цудоўную магчымасць аператыўна рыхтаваць сумесныя мастацкія праекты. А раней для гэтага спатрэбілася б процьма часу ды грошай.