Опера для ўсіх

№ 1 (819) 05.01.2008 - 11.01.2008 г

Аляксандр ПЯТРОВІЧ, намеснік дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь.

 /i/content/pi/cult/143/920/Opera1.jpg
— Знакавай падзеяй 2007 года быў праект Беларускай оперы “Шэдэўры сусветнага мастацтва ля сцен Старажытнай Сафіі”. Але ён меў і сваю перадгісторыю: артысты тэатра ўжо неаднойчы выступалі ў самім Сафійскім саборы ў Полацку.
Прычым ініцыятарам такога плённага супрацоўніцтва з Полацкам былі ў свой час менавіта вы.

— У тых абставінах, у якіх знаходзіцца наш тэатр на перыяд рэканструкцыі будынка, вельмі важна не страціць творчы патэнцыял трупы, знайсці новыя сцэнічныя пляцоўкі для выступленняў, прычым не толькі ў сталіцы, але і па ўсёй Беларусі. Супрацоўніцтва з Сафійскім саборам развівалася на працягу ўсяго мінулага сезона. Кожны апошні чацвер месяца мы праводзілі ў Полацку канцэрт з цыкла “Шэдэўры вакальнага мастацтва”. Гэта былі і сольныя вакальныя вечары ў суправаджэнні раяля, і аркестравыя — той жа “Штраус-гала”, які выклікаў, мабыць, найбольшае захапленне публікі. Завяршэннем гэтага праекта, яго апафеозам стаўся праект “Шэдэўры сусветнага мастацтва ля сцен Старажытнай Сафіі”, які адбыўся ў межах Свята горада.

Музычным кіраўніком праекта выступіў выдатны дырыжор Андрэй Галанаў, у канцэрце разам з ім удзельнічаў яго малодшы калега Іван Касцяхін, рэжысіраваў канцэрт Анатоль Малчанаў. Саліравалі ж у тым канцэрце ледзь не ўсе вядучыя вакалісты: Аксана Волкава, Уладзімір Пятроў, Тамара Глаголева, Эдуард Мартынюк, Алена Шведава, Таццяна Гаўрылава, Мікалай Майсеенка, Аляксандр Краснадубскі, саліст аркестра, трубач Яўген Ляттэ і многія іншыя. Прадмет асаблівага майго гонару — тое, што слухачы прыходзілі на гэты двухгадзінны канцэрт не па запрашальніках, а па квітках. Напярэдадні многія выказвалі сумнеў, што гараджане і госці горада пагодзяцца выкласці грошы за гэткае выступленне оперных артыстаў пад адкрытым небам — тым больш, у межах свята, калі ледзь не на кожнай вуліцы гучыць самая разнастайная музыка і адбываюцца выступленні. Тым не менш, поспех пераўзышоў усе чаканні. Гэта яшчэ раз сведчыла пра тое, наколькі прагне наша публіка высокага акадэмічнага мастацтва, а не толькі эстрадна-забаўляльнага. Вялікую працу правёў і Полацкі гарвыканкам, падрыхтаваўшы канцэртную пляцоўку, крэслы, узяўшы на сябе іншую арганізацыйную і фінансавую дапамогу. У выніку праект стаў трохбаковым, і наша асабістая падзяка — начальніку аддзела культуры гарвыканкама Віктару Ушаку. Дадам, што супрацоўніцтва з Полацкам працягваецца і зараз. У гэтым сезоне будуць прадоўжаны канцэрты ў Сафійскім саборы. Чарговы запланаваны на 24 студзеня. Ёсць намер зрабіць начныя канцэрты Беларускай оперы ля сцен Сафіі штогоднімі. Рабочая назва гэтага праекта — “Казкі Полацкай ночы”.

— Што ж, калі ёсць сусветна знакаміты вальс Штрауса “Казкі Венскага лесу”, дык чаму б не быць і “Казкам Полацкай ночы”? Можа, таксама стануць сусветна знакамітымі?

— Сапраўды, мы марым, каб гэтыя штогоднія канцэрты — зноў-такі, падкрэслю, на платнай аснове — атрымалі шырокі розгалас, каб турысты прымяркоўвалі свой прыезд і да нашых канцэртаў таксама.

— Але ж вашы выступленні ў Полацку далёка не адзіныя. Апошнім часам Беларуская опера шмат выступала па ўсёй рэспубліцы.

— Сярод нядаўніх такіх выездаў — буйны калядны канцэрт у Бабруйску, зноў, падкрэслю, па квітках. Заўважу, што гэта быў не дакладны паўтор каляднага канцэрта, што напярэдадні адбыўся ў Мінску, у Палацы Рэспублікі, бо разам з нашымі салістамі і аркестрам выступалі навучэнцы Бабруйскай школы-каледжа мастацтваў: паводле папярэдняй дамоўленасці, яны рабілі свае харэаграфічныя пастаноўкі на папулярныя оперныя нумары. Ёсць прапанова правесці ў Бабруйску і летні канцэрт пад адкрытым небам — ля нядаўна ўсталяванай там скульптурнай выявы бабра. А сярод бліжэйшых планаў — не толькі лютаўскія прэм’еры “Кашчэя Бессмяротнага” Рымскага-Корсакава і “Кававай кантаты” Баха ў новай аранжыроўцы, але і вясновы баль “Прызнанне ў каханні”. Гэтае чарговае, так бы мовіць, “класік-шоу” адбудзецца 5 сакавіка ў Палацы спорту. У ім разам з опернымі артыстамі выступяць харэаграфічны ансамбль “Мара” і нават салісты эстрады. А галоўнае — нашы лепшыя прадстаўнікі такога відовішчна-артыстычнага віду спорту, як мастацкая гімнастыка.