Стылістыка кубічнай керамікі

№ 34 (1108) 24.08.2013 - 30.08.2013 г

Па выстаўцы твораў Валянціны Іваньковай у Палацы мастацтва можна сказаць, што сёння ганчарны круг увогуле не выкарыстоўваецца керамістамі. Куды лягчэй і цікавей ляпіць з гліны проста рукамі: няхай гэта будзе ваза ці нейкая падстаўка пад яе, не кажучы ўжо пра пластычныя кампазіцыі, скульптуры. І, што прыкметна, усе творы неяк прыстасаваны да чатырохкутніка, або куба. Ёсць нават скульптура з назвай “Пакуты кубічнага чалавека”. Вось такі стыль.

Уяўленне аб прыгажосці прыроды чалавека і прасторы ў выглядзе куба адрознівае гэтую мастачку. Што ж, добра, калі мастак у нечым сваім пераканаўся праз варыяцыі форм куба ці квадрата пры асэнсаванні свету. Ну а мы глядзім, разважаем. І нямала тых, хто згаджаецца з мастачкай, дзякуе за эксперымент. Тым больш, што апошні нават і не выходзіць за межы праўды, бо нясе роздум аб жыцці, чалавеку ды яго праблемах. Пакуты кубічнага чалавека — гэта, мабыць, горкія ўспаміны пра няўдалае асабістае жыццё, няшчаснае каханне: паблізу моцнага мужчыны стаіць маленькая жанчына — ці то аб’ект яго кахання, ці то алегорыя ўсіх ягоных недарэчнасцей, не важна. Галоўнае, што тут гаворка — пра цяжкасці.

/i/content/pi/cult/442/9197/9-1.jpeg

Філасофскі падтэкст суправаджаў многія творы выстаўкі. Пра гэта сведчаць і назвы “Спакуса”, “Евангелле”, “Выгнанне з раю”… Нават простыя геаметрычныя фігуры ўскладняюцца назвай “Ён і Яна” ды распавядаюць пра нейкія складанасці жыцця. Сустракаюцца выявы маладых прадстаўнікоў абодвух палоў чалавецтва. Знешне паміж імі нічога быццам не адбываецца: Ён і Яна спакойна стаяць перад гледачом. Але напружанасць абагуленых форм фігур і шэрыя, крыху змрочныя, колеры іх расфарбоўкі скіроўваюць думку ў неспакойны свет унутранага жыцця сучаснікаў. Глядач сам здагадаецца, чаму яны застылі ў нерухомасці пад цяжарам думак…

Шэрыя, чорныя, там-сям белыя, чырвона-тэракотавыя фарбы вызначаюць эмацыйны фон экспазіцыі як стрыманы. Гэтым яна пераконвае ў непахіснасці ідэалаў керамісткі. Добра, што выстаўка адбывалася ў Мінску ў летні час і наведвальнікаў хапала: гледачы ўбачылі густ ды патрабавальнасць мастачкі да якасці работ.

Думкі пра складанасці жыцця праходзяць і праз творы яе амаль манахромнага жывапісу, які ўпрыгожваў сцены залы. А яшчэ адгукаюцца рэхам у прыёмах стварэння рукачынных форм з гліны. Узгадаліся складаныя помнікі астравоў Японскага мора, дзе рабілі рытуальныя сасуды, нібы краты ляпілі іх з плоскіх палос нарэзанай гліны, а ў шчыліны прапускалі дым ад алею і свяшчэнных раслін.

Аналогіі з мінулым паўстаюць таксама ў сувязі з падабенствам некаторых прыёмаў Валянціны Іваньковай з егіпецкімі. Такія паралелі цяпер папулярныя ў ДПМ. Архаіка сваёй суровай геаметрычнасцю ў нейкай ступені адпавядае светаўспрыманню сучаснікаў. Манументальныя формы рэчаў упісваюцца ў геаметрычны архітэктурны фон, гарманіруюць з асяроддзем.

У Іваньковай ёсць кампазіцыі “Горад 1” і “Горад 2”, дзе чалавек зрастаецца з архітэктурай так, што іх немагчыма падзяліць. Прамавугольныя фігуры ператварыліся ў высоткі. Гледзячы на кампазіцыі, не кожны адразу заўважыць розніцу паміж каменем і чалавекам, але знойдзе тэму рызыкі жыцця.

/i/content/pi/cult/442/9197/9-2.jpeg

На гэтай, як і на іншых выстаўках, мы бачым, што сучасны стыль — вельмі шматгранны і дапускае свабодныя пошукі сродкаў выражэння, натхнення як у сучасным, так і ў дагістарычным свеце. Такі гнуткі стыль звяртаецца да ўсіх з’яў сусветнай культуры, нікому ні ў чым не перашкаджае, толькі патрабуе прафесійнай граматнасці. У Іваньковай яна ёсць.

А што да ганчарнага круга, дык пра яго керамістка, вядома, не забылася, і на адно з першых месцаў паставіла круглы стаўбун. Ён быццам захоўвае памяць аб вытоках прафесіі керамістаў. Такія творы служаць падзякай арганізатарам керамічных заняткаў-пленэраў пад назвай “Арт-Жыжаль. Кола агню”, якія праходзяць у Беларусі шмат гадоў. Круг мае ўжо сімвалічнае значэнне, таму што большасць твораў удзельнікі пленэраў здаўна ляпілі менавіта ўручную.

У кампазіцыі пра вечнасць жыцця і мастацтва Валянціна Іванькова выявіла дрэва жыцця як менавіта круглы керамічны кубак.

Ірына ЕЛАТАМЦАВА, кандыдат мастацтвазнаўства