Энігма Міхася Дрынеўскага

№ 34 (1108) 24.08.2013 - 30.08.2013 г

Дзяржаўна, маторна, адухоўлена

У гісторыю культурных сувязей Беларусі і Расіі яркую старонку ўпісаў народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.Цітовіча, прафесар Міхаіл Дрынеўскі, вылучаны на атрыманне прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва.

/i/content/pi/cult/442/9195/8-1.jpeg

Міхаіл Дрынеўскі — майстар высокага класа, нястомны мастак-прапагандыст, прадаўжальнік традыцый рускіх і беларускіх музыкантаў-харавікоў: Аляксандра Юрлова, Аляксандра Свешнікава, Рыгора Шырмы, Генадзя Цітовіча. Сёння любы прафесіянал, знаёмы хаця б з некалькімі канцэртамі нашага знакамітага хору, паставіць яго кіраўніка ў адзін шэраг з найбуйнейшымі музыкантамі сучаснасці: Уладзіславам Чарнушэнкам, Уладзімірам Мініным, Віктарам Роўдам. Прыцягвае сама значнасць яго асобы. Шчодрая музычная адоранасць спалучаецца ў ім з багаццем чалавечай натуры і гарачай, безагляднай захопленасцю мастацтвам, што да краёў запаўняе ягонае жыццё.

Народнаму хору, які ён узначальвае, пад сілу выкананне харавога рэпертуару розных стыляў ды творчых кірункаў. Калектыў прапаноўвае разнастайныя формы канцэртнай інтэрпрэтацыі рускага і беларускага фальклору: харавыя і сольныя спевы, спевы з танцавальным суправаджэннем, танец са спевамі. Вялікім поспехам карыстаецца выкананне рускіх народных песень, у тым ліку самых папулярных. З’яўляючыся аўтарам многіх апрацовак, Міхаіл Дрынеўскі надае народным песням новае гучанне, адухоўленае разуменне агульнасці вытокаў музычнага фальклору двух славянскіх народаў.

Асобае месца належыць багатым і складаным па інтанацыйным малюнку праваслаўным песняспевам. Звярнуўшыся да іх адным з першых, калектыў стаў выконваць іх і ў Беларусі, і ў Расіі, і ў іншых замежных краінах. І хаця “пропевание” богаслужбовых тэкстаў рэзка адрозніваецца ад народнай манеры спеваў, Дрынеўскі як высокакваліфікаваны хормайстар бліскуча справіўся з гэтай складанай творчай задачай. Хор пад яго кіраўніцтвам лічыцца лепшым сярод прафесійных акадэмічных калектываў, якому па плячы выкананне ўсёй разнастайнасці песняспеваў службы і твораў рускіх кампазітараў на літургічную тэму. Не выпадкова Міхаіл Дрынеўскі з’яўляецца нязменным членам журы на Міжнародным фестывалі царкоўнай музыкі ў Хайнуўцы (Польшча) і лаўрэатам многіх фестываляў рускай духоўнай музыкі.

У рэпертуары Народнага хору ёсць нямала твораў і беларускіх кампазітараў (Уладзіміра Будніка, Генрыха Вагнера, Міхаіла Васючкова, Ігара Лучанка, Эміля Наско, Дзмітрыя Смольскага), і расійскіх (Булата Акуджавы, Аляксандры Пахмутавай, Аскара Фельцмана).

Адметнасць і несумненная мастацкая каштоўнасць калектыву заключаецца яшчэ і ў тым, што да спеваў далучаюцца танцы, тым самым пашыраючы жанравы дыяпазон выступленняў. Тэатральны, відовішчны пачатак найбольш ярка выявіўся ў абрадзе-дзеі “Беларускае вяселле” Вячаслава Кузняцова, кантаце “Русалчын панядзелак” Ларысы Сімаковіч, купальскіх сцэнах “Раса пала на Купала”, вакальна-харэаграфічных кампазіцыях “Руская субацея”, “Раздайся, народ!”.

Нястомная прафесійная праца Дрынеўскага-дырыжора і актуалізацыя рэпертуару вылучылі калектыў у шэраг лідараў сучаснага харавога мастацтва Расіі і Беларусі. Дзякуючы высокаму прафесійнаму майстэрству, Народны хор пастаянна выступае з канцэртамі, што праходзяць з удзелам расіян ды беларусаў. Сярод іх — фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”, “Сожскі карагод”, “Маскоўскія зоркі”, “Славянскі карагод” у Разані, “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, “Нашы старадаўнія сталіцы” ў Кастраме, Дні славянскага пісьменства ў Расіі і беларускага — у Беларусі, Дні Беларусі ў Расіі, а таксама канцэрты да 500-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны і 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча ў Маскве, велікодныя канцэрты ў Смаленску ды іншыя. З нязменным поспехам хор выступаў не толькі перад масквічамі ды пецярбуржцамі, але і перад жыхарамі Сібіры, Урала, Алтая, Кузбаса, Паволжжа. Канцэрты мелі вялізнае асветніцкае значэнне і сталі адным з дзейсных сродкаў духоўнага збліжэння двух брацкіх культур. Ці ж гэта не доказ таго, што будучыня  — у супрацоўніцтве і згодзе!..

Таццяна МДЗІВАНІ, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"