Колькі і якіх дызайнераў патрэбна краіне?

№ 34 (1108) 24.08.2013 - 30.08.2013 г

Дыпломы: маглі б стаць брэндамі, але — не стануць?

Сёлета карэспандэнту “К” давялося прысутнічаць на абароне дыпломаў у трох сталічных вышэйшых навучальных установах, дзе рыхтуюць дызайнераў: гэта Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і прыватная ВНУ. Хоць дызайнеры ва ўсіх згаданых установах вучацца па адзінай праграме, кожная мае сваю спецыфіку. Зразумела, найлепшы ўзровень забяспечвае БДАМ. У іншыя ж і паступіць лягчэй, і стаўленне да студэнта тут больш лагоднае-памяркоўнае, больш ліберальнае, так бы мовіць. Я, па шчырасці, нават не ўяўляю, што мусіць зрабіць студэнт-дызайнер не з Акадэміі, каб яго знялі з дыпломнага марафону. Асабліва калі ён аплачвае навучанне…

Пры гэтым і ў БДУ, і ў прыватных ВНУ выкладчыкі не горшыя, чым у БДАМ — са стажам і досведам, — і матэрыяльная база — прыстойная. Ды і дыпломы бываюць такія, што зрабілі б гонар Акадэміі. Розніца ж ва ўзроўні падрыхтаванасці да самастойнай працы выпускнікоў ВНУ абумоўлена не столькі суб’ектыўнымі абставінамі, датычнымі канкрэтных устаноў, колькі сітуацыяй, якая склалася на нашым працоўным рынку. Дызайнераў патрэбна значна больш, чым можа падрыхтаваць Акадэмія. Прыміце да ўвагі тое, што частка дыпламаваных спецыялістаў не будзе працаваць па прафесіі, а частка з’едзе за мяжу. Прасцей кажучы, працы больш, чым працаўнікоў. У гэтых умовах можна і вочы закрыць на пэўныя хібы ў падрыхтоўцы спецыяліста, спадзеючыся, што ён на практыцы засвоіць, навярстае тое, чаму не давучыўся ў інстытуце.

Дыпломы, якія я бачыў на абаронах, падмацоўваюць думку пра найбольш перспектыўныя напрамкі дызайн-дзейнасці. Работы дызайнераў-графікаў і дызайнераў-экспазіцыянераў (тая ж рэклама, але вырашаная ў прасторавым вымярэнні) БДАМ запомніліся арыентаванасцю на рэалізацыю канкрэтных задач. Скажам, прадстаўлены на абарону праект Музея коней у Ратамцы, што мог бы стаць турбрэндам сталічнага рэгіёна ці нават краіны.

Высокую адзнаку атрымаў дыплом, які складаецца са знака-лагатыпа, што сімвалізуе Мінск, і варыянты яго скарыстання ў рэкламных мэтах. Ён, на маю думку, значна цікавейшы за распрацоўку, якую па замове гарадскіх улад рабіла летась англійская фірма, і за тыя, што два гады таму былі адзначаны на конкурсе, які праводзіў адзін з мінскіх часопісаў. Як напрацоўкі на перспектыву аўтар прадставіў аналагічныя прапановы па іншых беларускіх гарадах. За аснову ён бярэ мясцовыя гербы, архітэктурныя аб’екты або іншыя сімвалы, якія ўстойліва атаясамліваюцца з канкрэтным горадам. На абароне прагучала думка, што згаданы дыплом варта прапанаваць для рэалізацыі мінскім уладам.

Яшчэ адзін дыплом з’яўляецца мастацкім водгукам на патрэбу развіваць на карысць краіны аграэкатурызм: гэта серыя рэкламных турыстычных буклетаў “Вёска”. Аўтар з гумарам распавядае пра вясковыя рэаліі. За аснову ўзяты фотаздымкі звычайнага сямейнага альбома, аздобленыя кідкімі загалоўкамі ды тлумачальнымі тэкстамі. І вясковы побыт расквеціўся фарбамі мексіканскага тэлесерыяла: тут і лырыка, і жарсці… У кантэксце аповеду шалёная карова, вірлавокі індык паўстаюць фантастычнымі постацямі, а байкі з блукаючымі сюжэтамі, якіх нямала знойдзецца ў беларускай глыбінцы, — быліцамі эпасу. Гэткі спосаб прыцягнення турыстаў мог бы зацікавіць і гаспадароў аграсядзіб, і адпаведны дэпартамент Міністэрства спорту і турызму.

Сёлета на кафедры камунікатыўнага дызайну гуманітарнага факультэта БДУ на абарону быў прадстаўлены шэраг дыпломаў, датычных праблем экалогіі і магчымасцей развіцця турызму ў тых мясцінах, дзе паўнавартасная турыстычная інфраструктура адсутнічае. Сярод іх першай я назаву распрацоўку мабільна-модульнага комплексу жытла для забалочанай мясцовасці. Аўтар прапаноўвае ў турыстычны сезон ставіць на балоце надзіманыя дамы, якія фактычна не ціснуць на глебу. Пра надзіманую мэблю я ведаю даўно, а вось каб цэлы дом… Малаверагодна, што за гэтую ідэю сёння ўхопяцца, але ў перспектыве яна можа аказацца плённай.

Другі праект, які мне падаўся вартым увагі, — гэта мабільны сцэнічны комплекс, што можна разгарнуць на вадзе. У выпадку рэалізацыі дадзенай ідэі можна было б зрабіць фэсты, якія ладзяцца ў гарадах і мястэчках, дзе ёсць рэкі і азёры, больш відовішчнымі, задзейнічаць у культурных праектах водную прастору.

Як адзін з лепшых на згаданай абароне быў адзначаны дыплом “Сістэма камунікацый гісторыка-культурнага комплексу фартыфікацыйных пабудоў Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”. Да тых падзей і сапраўды цікавасць ёсць і ў нашых грамадзян, і ў турыстаў. Праект прадугледжвае выкарыстанне анімацыі для аднаўлення атмасферы баёў ды максімальнае захаванне аўтэнтыкі, якой усё яшчэ багата.

Сёння моладзь ўспрымае нацыянальную культуру не ў вузка этнаграфічным або геаграфічным аспектах, а ў кантэксце сусветнай культуры. Пра гэта сведчаць, прынамсі, “Візуальныя камунікацыі фестывалю Чэслава Нэмэна”.

Некаторыя студэнты-дызайнеры прыватнага інстытута запомніліся мне сёлета вялікім жаданнем зрабіць штосьці вартае, але недастатковай матывацыяй праектных рашэнняў. Інакш кажучы, стварыўшы, зрэшты, някепскую рэч, прадэманстраваўшы ўменне карыстацца сучасным інструментарыем, не могуць патлумачыць, навошта яна патрэбна і хто будзе ёю карыстацца. Уласна кажучы, такі праект дызайнерскім лічыць можна толькі ўмоўна. Між тым, дыплом, што атрымалі згаданыя студэнты, юрыдычна мае такую ж вагу, як і дыплом БДАМ.


Не пераходзіць колькасць у якасць…

/i/content/pi/cult/442/9194/7-1.jpeg

Якаў ЛЕНСУ, загадчык кафедры тэорыі і гісторыі дызайну БДАМ, кандыдат мастацтвазнаўства:

— У прынцыпе, я лічу, што калі падрыхтоўка дызайнераў вядзецца не ў адной ВНУ, а ў некалькіх, гэта добра. Асабліва калі там працуюць спецыялісты кваліфікаваныя, такія як Ігар Герасіменка ці Алег Чарнышоў. Але ў ВНУ, якія акрамя Акадэміі, кепска тое, што яны набіраюць надта ж шмат студэнтаў. Да таго ж, іх бяруць амаль што без адбору, і туды трапляюць і “выпадковыя” людзі. Гэта зніжае якасць адукацыі ды зводзіць унікальную прафесію да ўзроўню масавасці, бо ў гэтых умовах падрыхтаваць усіх як спецыялістаў высокага ўзроўню немагчыма. Каб не тая масавасць, дык такая альтэрнатыўнасць падрыхтоўкі была б і някепскай.

Мяркую, што ў гэтыя ВНУ таксама трэба браць з адборам, як у БДАМ: не кожнага, хто прыйшоў і хоча займацца ды можа за гэта заплаціць, а толькі тых, хто адпавядае пэўным крытэрыям.

Краіне патрэбны дызайнеры не рознай кваліфікацыі (кваліфікацыя дыпламаванага спецыяліста па вызначэнні мусіць быць высокай), а — розных спецыялізацый. Мушу, аднак, з жалем згадаць, што назіраецца відавочны заняпад прамысловага дызайну. Многія прамысловыя дызайнеры зараз застаюцца не пры справе. Вялікі попыт — на дызайн інтэр’ераў. У гэтай галіне шмат прыватных заказаў, і дзяржаўныя ёсць. Яшчэ ў фаворы — дызайн рэкламы. Гэта на сёння найбольш “прасунутыя” напрамкі дызайну. Да таго ж, набірае моц дызайн віртуальнага асяроддзя.

А паколькі прамысловы дызайн — па-за ўвагай замоўцы, дык і набор на гэтыя аддзяленні меншы, і сфера, дзе можа знайсці скарыстанне профі, што скончыў такое аддзяленне, больш вузкая. На першы погляд гэта падаецца нелагічным, бо Беларусь пасля распаду СССР захавала моцны індустрыяльны патэнцыял. Але сёння наша прамысловасць збольшага жыве старымі напрацоўкамі і абыходзіцца тым, што інжынерна-канструктарскія работнікі скарыстоўваюць замежныя аналагі, па якіх робяцца многія ўзоры машынабудавання ды іншых сфер прамысловасці.

Калі згадваць тых, хто ў Беларусі плённа працуе ў галіне дызайну, дык гэта будуць выпускнікі 1970 — 80-х. Згадаць маладзейшых — значна цяжэй. Ці можна чакаць якаснага скачку ў нашым дызайне? Попыт нараджае прапанову, і я мяркую, што скарыстанне сваім ведам знойдуць тыя спецыялісты, якія маюць высокую кваліфікацыю. А той, хто мае дыплом, але нічога не ўмее, будзе вымушаны змяніць прафесію: сітуацыя на рынку працы скарэктуе і сістэму адукацыі.

Не думаю, што існуе патрэба ў радыкальных зменах у падрыхтоўцы дызайнераў, але заўжды можна нешта палепшыць. Даволі шмат нашых выпускнікоў з’ехалі на Захад і там паспяхова працуюць. А тыя, хто вяртаюцца, кажуць, што калі б з Захаду прыехалі ў нашу Акадэмію ды паглядзелі работы, дык шмат чаму здзівіліся б і шмат чаму маглі б павучыцца. Часам сапраўды не стае сучаснага інструментарыя, але за мяжой нашы выхаванцы вельмі хутка ім авалодваюць. І — атрымліваюць перавагі над мясцовымі дызайнерамі, таму што ў нас рыхтуюць крэатыўных, творчых людзей. На Захадзе захапіліся ж тэхналогіямі, і дызайнер, які ўмее маляваць рукамі, там ужо на вагу золата. А нашы спецыялісты якраз могуць і рукамі працаваць…

Фота Юрыя ІВАНОВА


Што і навошта?

/i/content/pi/cult/442/9194/7-2.jpeg

Крысціна СТРЫКЕЛЕВА, дэкан факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт:

— Нашы выпускнікі — запатрабаваныя. Бывае, што яны змяняюць спецыялізацыю, але прафесію — надзвычай рэдка. Скажам, быў дыпломнік, які стаў праграмістам: жыццё прымусіла, грошы спатрэбіліся. У якасці праграміста ён зарабляе больш.

Што ж да сітуацыі з дызайнам у прамысловасці ўвогуле і ў беларускім аўтапраме ў прыватнасці, пра якую распавядаў мой калега Якаў Ленсу, дык, не аспрэчваючы ягонае меркаванне, згадаю, што ў гэтай галіне адбываецца структурная перабудова. Далёка не ўсім прадпрыемствам зручна трымаць вялікія канструктарскія бюро, у складзе якіх ёсць і дызайнеры. Ствараюцца творчыя групы, што па замове абслугоўваюць шэраг прадпрыемстваў: ёсць такія ўтварэнні ў сістэме Нацыянальнай акадэміі навук, ёсць супольныя — з расіянамі.

Вонкава яно нагадвае колішні ВНИИТЭ — Усесаюзны навукова-даследчы інстытут тэхнічнай эстэтыкі, які меў філіялы ва ўсіх саюзных рэспубліках. А кожны філіял меў сваю спецыялізацыю, вызначаную эканамічнай спецыялізацыяй рэспублікі. Прыкладам, значная колькасць спецыялістаў беларускага філіяла працавала на Мінскі трактарны завод. Але ж падабенства — толькі вонкавае, бо ВНИИТЭ быў жорстка цэнтралізаванай грувасткай структурай, якая ў сённяшніх умовах не можа быць эфектыўнай. Сённяшнія ж творчыя групы вызначаюцца аператыўнасцю, прагматызмам, хуткім рэагаваннем на змены рыначнай кан’юнктуры і з’яўленне новых тэхналогій.

Акадэмія прафесійную планку трымае высока. Але мяне непакоіць тая акалічнасць, што не ўсе ВНУ, дзе рыхтуюць дызайнераў, могуць забяспечыць студэнтам належны ўзровень адукацыі, асабліва калі гаворка ідзе пра ВНУ камерцыйныя. Каб такі інстытут быў рэнтабельны, студэнтаў у ім павінна быць шмат. Адсюль — заніжаныя патрабаванні пры паступленні, далей — у час вучобы, і нарэшце — на абароне дыпломаў.

Нашай Акадэміі гэта, на шчасце, не пагражае. Ды і студэнты нашы — людзі, якія маюць матывацыю да вучобы, а не проста жадаюць мець дыплом. А ўвогуле, у творчасці ёсць толькі адзін шлях да поспеху — штодзённая праца. Гэты пастулат я не лянуюся паўтараць нашым студэнтам…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"