Нестабільныя галерэі

№ 34 (1108) 24.08.2013 - 30.08.2013 г

“Бухгалтэрыя” вулічнага мастацтва

“Экспансія” твораў выяўленчага мастацтва з выставачных залаў на гарадскія вуліцы даўно зарэкамендавала сябе як добры спосаб данесці “культуру ў масы”. Услед за плошчай Якуба Коласа, што цягам вось ужо другога цёплага сезона пераўтвараецца, па сутнасці, у філіял Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, у сталіцы рызыкуе з’явіцца і яшчэ адна такая рэгулярная пляцоўка — агароджа парку Чалюскінцаў. Эстафету арт-праекта “Zabor”, які цяпер гастралюе па парканах беларускіх ды замежных гарадоў, сёлета падхапіў тандэм Вольгі і Андрэя Смалякоў з іх небезвядомым ажыўленнем карцін.

/i/content/pi/cult/442/9192/4-2.jpeg

У адным з мінулых нумароў “К” наш аўтар Таццяна Команава выказала думку, што з творамі мастацтва ўсё ж лепш знаёміцца ў музеях, а не на вуліцы. Мастак Андрэй Смаляк гатовы ўдакладніць названы тэзіс:

— Падазраваю, што гэтую маю выстаўку ўбачыла больш людзей, чым усе папярэднія, — кажа ён. — І сярод іх мноства тых, хто ніколі ў музей не пайшоў бы: ёсць тут, ведаеце, нейкі псіхалагічны бар’ер. З цікавасцю назіраю за тым, як рэагуюць на рэпрадукцыі карцін мінакі, а многія з іх спыняюцца, углядаюцца, пра нешта дыскутуюць... Неяк адзін прыбіральшчык нават паспрабаваў патлумачыць сэнс маёй карціны — натуральна, не ведаючы, што перад ім аўтар. І ты разумееш, што мастак ні ў якім разе не павінен ставіцца да “гласа народу” з пагардай. Куды важней знайсці новыя спосабы наладзіць дыялог…

Галерэі пад адкрытым небам з лёгкім сэрцам можна ўносіць у турдаведнікі па сталіцы. Але, на вялікі жаль, само іх існаванне пакуль нестабільнае: яно залежыць амаль выключна ад энтузіястаў. Ды і алгарытм правядзення падобных выставак дэталёва не распрацаваны. Вось пра гэтую “кухню” і пагаворым ніжэй.

 

Фармальнасці

І тэатр, і выставачны праект насамрэч пачынаюцца на з вешалкі, а з ідэі. Дадзены выпадак — не выключэнне.

— Настолькі захапілася гэтай задумай, што нават здзівілася, чаму выстаўку пад адкрытым небам прыдумала не я! — жартуе Вольга Смаляк.

Тым не менш, ісці пратаптаным шляхам усё ж лягчэй. Можна было звярнуцца па парады да арганізатараў “Zabora”. І тыя не адмовілі ў каштоўных інструкцыях.

Як распавяла Вольга Смаляк, дырэкцыя парку Чалюскінцаў ахвотна пагадзілася падзяліцца сваім парканам ды і наогул паставілася да праекта вельмі прыхільна. Істотную дапамогу аказалі таксама і ва ўпраўленні культуры Мінскага гарвыканкама. Асабліва гэта датычылася “папяровага” аспекту праекта.

Арганізатары высветлілі, што для ажыццяўлення іх задумы неабходна атрымаць два дзясяткі віз самых розных структур — ад Міністэрства культуры краіны (бо агароджа ўваходзіць у склад помніка спадчыны) да “хуткай дапамогі”.

— Нам сказалі, што, каб сабраць усе гэтыя подпісы, спатрэбіцца не менш за 45 дзён, — распавяла Вольга Смаляк. — Ды, паколькі мы выяўлялі не абы-які імпэт, удалося ўкласціся ў куды меншы тэрмін. Балазе літаральна ў кожным кабінеце нам ішлі насустрач…

Але ж у пэўны момант атрымалася своеасаблівае замкнёнае кола. Мясцовыя ўлады патрабавалі гарантый таго, што праект будзе рэалізаваны без бюджэтных сродкаў, а спонсар, у сваю чаргу, — легітымацыі з боку мясцовых улад. Адным словам, цярплівасці спатрэбілася шмат...

 

Грошы

Па вялікім рахунку, для такога папулярнага праекта іх трэба не так і шмат. Друк банераў, развеска ды ўсе іншыя падобныя затраты агулам не перавысілі дзесяці тысяч “у.а.”. Феерычная прэзентацыя выстаўкі абышлася яшчэ ў тры тысячы — уключаючы такія кампаненты, як цэлы натоўп айчынных celebrities, духавы аркестр, піратэхніка і 150 статыстаў, кожны з якіх патрабаваў уласнага касцюма і грыму. Сакрэт эканоміі вельмі просты: амаль усе працавалі задарма, ды і ўсебаковая “сяброўская дапамога” далася ў знакі.

— Звычайна імкнёмся выплаціць ганарары, але ж цяпер не было магчымасці, — кажа Вольга Смаляк. — Ну і, натуральна, самі мы не зарабілі — наадварот, “уляцелі” добра…

Ужо на старце праекта тандэм узяў на сябе ўсю адказнасць за фінансавы бок. Здавалася б, прывабіць спонсараў для такога праекта — справа зусім не складаная. Лагатып побач з рэпрадукцыямі — гэта выдатны спосаб эфектыўнай і ненавязлівай вонкавай рэкламы, не кажучы ўжо пра іміджавы фактар. Ведаючы менеджарскія здольнасці Вольгі Смаляк, можна было нават не сумнявацца, што яна дасць тут рады. І тым не менш...

— Мы маем двух сталых спонсараў. Адзін з іх — прадстаўніцтва знакамітага брэнда элітнага посуду — падтрымаў нас і гэтым разам, а вось другі, на жаль, устрымаўся ад удзелу, — распавядае Вольга Смаляк. — І тады я паспрабавала знайсці іншых спонсараў для праекта, пагатоў, вядомасці яму зусім не бракуе. Але дабрацца да кіраўнікоў, якія непасрэдна прымаюць рашэнні, у мяне не атрымалася, а вось менеджары ніжэйшага звяна могуць замучыць вас, патрабуючы стосы папер з аргументацыяй, а потым не ператэлефануюць, альбо скажуць, што “будуць мець на ўвазе”. Таму разумееш, чаму ў многіх, хто прайшоў праз гэтыя колы, потым надоўга апускаюцца рукі...

Вольга Смаляк згадвае тыя часы, калі спонсары ледзь не ў чаргу станавіліся, каб прафінансаваць той або іншы праект — нават можна было выбіраць, хто з іх больш паважны ды прадстаўнічы. Бо тады заканадаўства прадугледжвала ў гэтым выпадку пэўныя льготы.

 

Вандалізм

Помніцца, гадоў -наццаць таму ў Мінску быў праведзены своеасаблівы сацыяльны эксперымент: на вуліцах з’явілася некалькі прыгожых таксафонных будак, забяспечаных тоўстымі тэлефоннымі кнігамі. Іх расшкуматалі за лічаныя гадзіны, і таму інавацыя не зрабілася масавай. Выстаўкі пад адкрытым небам таксама сталі сапраўдным “экзаменам на культурную сталасць” для беларускага гледача. Але гэтым разам вынікі былі ўжо іншымі.

— Так, і вусы падмалёўвалі, і парэзы на банерах пакідалі, — распавядае Андрэй Смаляк. — Ахвотныя зрабіць хоць якое паскудства заўсёды знойдуцца. Ды гэта — адзінкавыя выпадкі, сапраўдныя выключэнні. Думаю, яшчэ параўнальна нядаўна тыя рэпрадукцыі так доўга не правіселі б. Але ж агульны ўзровень культуры нашых суайчыннікаў, як ні круці, змяняецца да лепшага, і сёння можна сцвярджаць, што Мінск да такога праекта гатовы…

З іншага боку, непрыемная спецыфіка “сіндрому Герастрата” ўсё адно даецца ў знакі. І калі ў аднаго з тысячы гледачоў выстаўкі зачэшуцца рукі “пакінуць па сабе след”, выступіўшы суаўтарам арт-праекта, астатнім 999 даводзіцца гэта цярпець. Тым больш, суаўтарства застаецца ананімным: паспрабуй тут знайдзі вандала…

Натуральна, вырашэнню праблемы шмат у чым можа паспрыяць устаноўка ў месцах вулічных выставак камер відэаназірання. Тады можна было б і пра спецасвятленне задумацца, бо пакуль у цёмны час гледачы змушаны падсвятляць банеры ўласнымі мабільнікамі. І, як здаецца, аплачваць гэтыя тэхнічныя сродкі павінен усё ж не мастак.

Увогуле, такі нязвыклы спосаб функцыянавання твора мастацтва (няхай сабе і ў выглядзе копіі) спараджае процьму нюансаў. Прыкладам, яны датычацца правядзення малярных работ.

— У той дзень быў вецер, і пырскі фарбы патрапілі на рэпрадукцыі, — распавядае Вольга Смаляк. — Адміністрацыя парку адрэагавала аператыўна, і калі мы прыехалі да паркана, дык убачылі дзядзьку з вядром ды анучай для мыцця падлогі, які браўся за ліквідацыю наступстваў. Не стрымаўшы эмоцый, мы на яго накінуліся — ён нават не зразумеў, з якой прычыны. Потым я пайшла ў суседнюю краму ды купіла там самыя далікатныя мачалкі, каб адцерці сляды той фарбы…

— Здароўя праект патрабуе нямала, — прызналася Вольга Смаляк. — Ды розныя цяжкасці будуць “заводзіць”.

Лішне казаць, што такіх пасіянарных постацей апрыёры не бывае шмат, а без іх падобныя праекты ў нас пакуль не адбываюцца, бо сістэмы, як бачым, няма. Таму Вольга Смаляк лічыць, што імправізаваная галерэя на паркане павінна мець свой кваліфікаваны штат — не раўнуючы бы паўнавартасная ўстанова культуры. Ці, прынамсі, сфарміраваную “ініцыятыўную групу”. Тым больш, спрактыкаванаму чалавеку будзе лягчэй засвоіць увесь згаданы вышэй алгарытм дзеянняў. І, магчыма, з часам паспрыяць яго ўдасканальванню.

Ілья СВІРЫН

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Меркаванне ў тэму

Аркан на паркан

Даўно заўважана: атмасфера, фанасфера ды іншыя “сферы” звычайна бываюць “закадзіраваны” і могуць расшыфроўвацца як “з верай — у прастору”. Іншымі словамі, усё тое, з чым мы сустракаемся штодзень і нават не звяртаем на гэта ўвагі, успрымаючы як дадзенасць, уздзейнічае на нас вельмі і вельмі моцна.

Спакваля, на падсвядомым узроўні, які бывае ўключаны заўсёды і дзейнічае пры любых абставінах, такое гукавыяўленчае асяроддзе фарміруе нашы густы, схільнасці, само мысленне. Менавіта з гэтага пункта гледжання і трэба ўспрымаць разнастайныя праекты “парканнага” жывапісу. А яны і сапраўды розныя.

Можна справядліва скардзіцца, што выявы работ Казіміра Малевіча на плошчы ў цэнтры сталіцы ніколі не дадуць рэальнага ўяўлення пра творчасць гэтага мастака. Але ў іх іншая задача: папулярызацыя самога імені творцы, які мае непасрэднае дачыненне да Беларусі. Менавіта гэтай мэце, на маю думку, адпавядае чарговы арт-праект “Паркан” — гэтым разам у Вілейцы.

Месца для яго абрана зручнае: на агароджы касцёла, які сёлета святкуе сваё 100-годдзе і прываблівае не толькі гараджан, але і гасцей. Акурат насупраць — праваслаўны храм, адкуль таксама добра бачна вулічная выстаўка. Літаральна праз некалькі крокаў — парк, далей — кірмаш. Куды ні скіруеш, “Паркан” не мінеш. З адваротнага боку касцёла — мэрыя, гатэль. Так што ахова, можна сказаць, усебаковая — зямная і нябесная. І такая ж “рэклама”, што ахоплівае практычна ўсе катэгорыі насельніцтва, вымушаючы запомніць хаця б прозвішчы мастакоў, так ці інакш звязаных з Вілейшчынай: Нікадзім Сілівановіч, Юрый Герасіменка-Жызнеўскі, Лейба Альпяровіч, Уладзіслаў Стржэмінскі.

Увогуле ж, калі паставіцца да праблемы ўпрыгожання жыццёвай прасторы сур’ёзна, дык тэма папулярызацыі айчынных творцаў узнікне сама сабой. Тым больш, што разнастайных агароджаў апошнім часам усё более. Асабліва вакол школ ды гімназій. Адна з такіх наноў “агароджаных” навучальных устаноў — акурат насупраць маіх вокнаў: цяжкія металічныя пруты-рашоткі, якімі перагарадзілі выкладзеныя пліткай дарожкі, нарэшце, пафарбавалі — у змрочна-карычневы… Асацыяцыі — са шляхам за краты, “у нікуды”. Няўжо так і задумана? Што ж, калі парканы з мудрагелістай вяззю малюнкаў ды іншымі кавальскімі выкрунтасамі дзятве супрацьпаказаны (пэўна, з фінансавых прычын), дык, можа, выкарыстаць тую агароджу для іншых майстэрстваў? Ладзіць там выстаўкі, у тым ліку саміх навучэнцаў. А для пачатку — аб’явіць сярод школьнікаў конкурс. Найперш — на саму ідэю, як спалучыць ахову з эстэтычным выхаваннем ды асветніцтвам…

Надзея БУНЦЭВІЧ