Калі ўпершыню трапляеш сюды, дык душа замірае ад прыгажосці, а вусны шэпчуць: “Божа мой! І ёсць жа яшчэ рай на Зямлі!”. Перад вачыма раскрываюцца шырокія прасторы з высокімі травамі, якія павольна калышуцца ад подыхаў ветру, велічная плынь Дзісны з зелянінай дрэў уздоўж рэчышча, блакітным небам з промнямі сонца, і над усім гэтым — беламураваны храм… Але гэта — першае ўражанне. І здалёк. А заходзіш у вёску — і жах напаўняе душу…
Вясковыя хаты — гэта калекі-прывіды з павыбіванымі вокнамі, выразанымі сценамі, разрабаваным і раскіданым начыннем. Сады — перакручаныя зараснікі яблынь і сліў, якія параслі высачэзнай крапівой ды чарнобылем і пачынаюць дзічэць. Вёска памерла, а белы храм узвышаецца над ёй, як помнік. Толькі — каму і чаму?..
У вёскі пакуль што ёсць імя і адрас: Рымкі, Пастаўскі раён Віцебскай вобласці. Некалькі гадоў таму, калі мы з вучнямі прыходзілі сюды ў вандроўку, у адной з хат яшчэ была магчымасць сагрэцца ды пагутарыць з ейнай гаспадыняй Ганнай Яловік. З сумам распавядала жанчына, якая нарадзілася ў 1922 годзе, пра заняпад і смерць вёскі на яе вачах. А з гаспадаром пагаварыць тады не ўдалося, бо ён быў вельмі заняты: невысокі хударлявы дзевяностагадовы дзядок майстраваў… вятрак. Так, вятрак для свайго невялікага млына. “Ён жа думае, што калі ў вёсцы будзе млын з ветраком, дык і людзі часцей да нас заязджаць будуць, а то толькі — аўтакрама раз на тыдзень…” — са скрухай у голасе сказала тады яго жонка. Цяпер вокны ў хаце апошніх жыхароў Рымак пазабіваны дошкамі, а вятрак выглядае, як яшчэ адзін помнік знікаючай вёскі.
Чаму ж Падзісеншчына, не так і даўно квітнеючы край, ператвараецца ў беларускую пустыню, а назва Рымкі дадаецца ў мемарыял мясцовых вёсак, што знікаюць, разам з Чаромушнікамі Падзісеннымі, Пятровічамі, Навасёлкамі, Асіннікамі, Антанова, Вінаградамі, Малой Агальніцай?..
Яшчэ ў 60 — 70-я гады ХХ стагоддзя вялікія паселішчы цягнуліся ланцужком уздоўж Дзісны, утвараючы вялікі вяскова-местачковы мегаполіс. Зараз гэтыя мясціны — сапраўдныя беларускія пустыні. У Рымках у 1941-м былі 84 двары з 317 жыхарамі, у 1963 годзе — 41 двор з 153 жыхарамі, у 2001-м — 11 двароў з 12 жыхарамі, а зараз — нікога… Падобная сітуацыя і ў суседніх вёсках.
На сёння пласты гісторыі і культуры асобных рэгіёнаў не толькі не апісаны ды не зафіксаваны, а сыходзяць у нябыт разам з апошнімі носьбітамі. Думаецца, збор найбольш поўнай інфармацыі пра асобныя населеныя пункты, якім наканавана лёсам у бліжэйшы час сысці ў Вечнасць, — найактуальная агульнабеларуская задача.
Вось прыклад з маёй Пастаўшчыны: у 2001 годзе ў раёне налічвалася 516 населеных пунктаў, з якіх у 123-х пражывала менш як 10 жыхароў, а ў 55 — менш за пяць. Сёння на месцы большасці з вёсак засталіся закінутыя хаты ды сады ў быльнягу.
Знікаючыя вёскі напоўнены матэрыяльнымі і духоўнымі скарбамі, а мы не звяртаем на гэта ўвагі, не надаём ім значэння. Варта зразумець, што разам са знікненнем у гэтых паселішчах хат, хлявоў, прылад працы, студняў ды іншых пабудоў і рэчаў адбываецца зняменне тутэйшых мясцін, якое вядзе да спусташэння і абяднення нашай мовы. Вакол кожнай вёскі ўсе адметныя мясціны мелі свае слоўныя абазначэнні, якія ведаў кожны яе жыхар. Калі казалі пра “выган”, “лучыху”, “маргі”, “хвацень”, “рум” ці штосьці іншае, то ўсім было вядома, пра што ідзе гаворка. А цяпер?..
Не менш важна зафіксаваць, а мо сям-там і аднавіць, назвы невялікіх азёр, ставоў, ручаёў. У тапанімічнай літаратуры на іх звычайна не звяртаюць увагі, а на картах яны не падпісаны. І калі даводзіцца згадаць у публікацыі такую рачулку ці азярко, то пішуць проста: “безыменная”. Але на мясцовасці не было безыменных аб’ектаў! З назвамі малых азёр і ручаёў цесна звязаны найменні ўзгоркаў, лагчын, ляскоў ды пералескаў, балот, урочышчаў. У ідэале, мы для кожнай беларускай вёскі павінны б былі мець карты або схемы ваколіц з адлюстраваннем на іх усіх аб’ектаў, якія насілі мясцовую назву. Але ці ўзгадае хто-небудзь пра іх праз пятнаццаць — дваццаць гадоў, калі мы не паспеем гэта зрабіць цяпер?
А пакуль паміраючыя вёскі, як шчарбатыя старыя, сумна стаяць у атачэнні здзічэлых садоў… У іх напрамку марудна рухаюцца экскаватар ды бульдозер: першы выкапае яму, другі — сапхне туды рэшткі пабудоў і дрэў. Стане чыста і роўна. Але ці толькі гэта важна?..
Каментарыі: