“Будуем храмы, ратуем людзей...”

№ 1 (819) 05.01.2008 - 11.01.2008 г

Настаяцель Свята-Троіцкага храма ў Бараўлянах протаіерэй Андрэй Круцялёў у навагоднія і перадкалядныя дні знаходзіўся ў Швейцарыі. Карэспандэнт “К” звязалася з ім па тэлефоне

 /i/content/pi/cult/143/919/Hram1.jpg
— Айцец Андрэй! Напярэдадні Нараджэння Хрыстовага хацелася б пагаварыць з вамі пра тую вялікую духоўную работу, якую вы ведзяце не толькі ў царкоўных сценах...

— Дзякуй за тэлефанаванне. Я хоць і ў Швейцарыі, але думкамі, канешне, дома. Напярэдадні Каляд гучаць споведзі ў нашых беларускіх храмах. Людзі імкнуцца да ачышчэння, ідуць да Прычасці. А тым, хто не можа наведаць царкву, дапамагаем мы, святары...

Бараўляны — бальнічны гарадок. Насельнікі яго чакаюць паратунку, і не толькі фізічнага.

Штодня хтосьці са святароў ідзе да хворых, спавядае і прычашчае іх проста ў палаце. Міласэрнасць не мае межаў. Урачы дапамагаюць лекамі, святары — малітвай і духоўнай гутаркай. Але самая вялікая падтрымка — споведзь.

Прычыны нашых хвароб у нас саміх. Калі “сатрэш” пакаянна першапрычыну — сыйдзе і хвароба. Людзі трываюць боль недарэмна. Можа, камусьці іншаму будзе лягчэй. Сіла пакаяння таксама бязмежная. А шчырая споведзь умацоўвае дух чалавека і ягоную веру. Вось вера можа змяніць да лепшага ўсё...

— Зусім нядаўна Бараўляны наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, ён прачула казаў пра тое, што перш за ўсё неабходна дапамагаць хворым дзецям...

— Мяне таксама вельмі ўсхваляваў гэты візіт. Я перакананы: самая вялікая духоўная работа — адгукнуцца на любое гора ўсёй грамадою. А дзеці больш за ўсіх маюць патрэбу ў дабрыні. Узгадваю цяпер і хворых, і сірот.

— Ведаю, айцец Андрэй, што вы яшчэ і будаўнік цэркваў. Іх ужо некалькі ў Бараўлянах...

— Духоўная, малітоўная дапамога павінна памнажацца. Царква прывучае да споведзі з дзяцінства. І гэта вялікае шчасце — далучаць людзей да веры. Тады і хваробы адступаюць хутчэй. Я бачу, што ўсё больш вернікаў у храмах, усё больш людзей імкнуцца да ачышчэння... У анкалагічным гарадку, паблізу ад НДІ анкалогіі, узведзены цудоўны храм у імя Божай Маці “Наталі мае смуткі”. У ім не спыняюцца малітвы і споведзі...

Так атрымалася, што я браў удзел у будаўніцтве пяці храмаў. Кожны з іх узводзіўся па промыслеБоскім. Цяпер будуем Благавешчанскі храм. Будаўніцтва рухаецца. Калі вярнуся дахаты — многае на будоўлі зменіцца.

— Так, мне гаварыў айцец Георгій: будоўля рушыла наперад значна.

— Дзякуй “Культуры” за ўвагу. Анёла вам захавальніка і Боскай падтрымкі, усіх зямных даброт. Усім супрацоўнікам газеты, якія маюць справу са Словам, яе чытачам жадаю напярэдадні Нараджэння Хрыстовага працаваць насуперак усяму з Богам у душы. З наступаючымі Калядамі!

Вольга ЯГОРАВА
На здымку: настаяцельСвята-Троіцкага храма
протаіерэй
Андрэй Круцялёў.