Жыжаль знутры засвяціўся

№ 33 (1107) 17.08.2013 - 23.08.2013 г

Вада, агонь і “трубы” для... керамікі

У Бабруйскім мастацкім музеі імя Г.Г. Паплаўскага праходзіць выстаўка работ ХІ Міжнароднага пленэру па кераміцы “Арт-Жыжаль”. Але ж ці могуць гэтыя застылыя-астылыя фантазіі перадаць тое полымя эмоцый, што палала ў лагеры ўдзельнікаў цягам амаль трох тыдняў і выбухнула феерверкам іскраў, калі абпальвалі “вогненную скульптуру” вышынёй з чалавека?

/i/content/pi/cult/441/9180/9-2.jpeg

Быццам і сапраўды матэрыялізаваўся, ажыў, выдыхнуў ззяннем сам Жыжаль — бог агню, здольны, паводле беларускай міфалогіі, перамагчы нават Перуна, які ўзначальваў пантэон славянскіх богаў і заўсёды ў той або іншай ступені сімвалізаваў ваяўнічасць. Сапраўды, пленэр з красамоўнай назвай “Арт-Жыжаль” нясе ўзаемаразуменне, што дасягаецца сілай мастацтва, а не зброі.

Сёлета на Бабруйшчыну з’ехаліся прадстаўнікі пяці краін: Латвіі, Малдовы, Расіі (у тым ліку з Рэспублікі Башкартастан), Украіны і, вядома ж, Беларусі. Іх пасялілі ў летніх доміках на базе адпачынку “Вербкі” на беразе Бярэзіны, дзе кожны з 22-х майстроў стварыў па дзве-чатыры работы, агульная колькасць якіх, такім чынам, склала больш за 60.

— Частка гэтых твораў, — распавядае кіраўнік пленэру, вядомы кераміст Валерый Калтыгін, — застаецца ў дар Музею імя Г.Паплаўскага, штосьці ўдзельнікі забіраюць з сабой. Вядома, хацелася б, каб пленэр меў свой уласны музей, дзе збіраліся б створаныя на ім работы. Такая практыка ўжо добра зарэкамендавала сябе ў свеце, гэта ўзнімае статус і самога пленэру, і ўсёй краіны. Але і зараз Бабруйск мае вялікую аддачу ад нашага форуму. Бо акрамя згаданай выстаўкі, што пазней пачне вандраваць па іншых гарадах, удзельнікі дэкаратыўна аформілі Дзіцячую бібліятэку № 16. І гэта таксама наша традыцыя, бо летась мы гэтак жа афармлялі Цэнтральную бібліятэку.

Кульмінацыя свята — “вогненная статуя”, вырабленая Валерыем Калтыгіным упершыню на гэтым пленэры, — таксама ўжо мае сваю “традыцыю”, што сыходзіць каранямі ў... Купалле. Не, нашы продкі не абпальвалі на свята гліняныя вырабы — упершыню гэта зрабілі на сёлетнім фестывалі “Александрыя збірае сяброў” васьмёра беларускіх керамістаў, якія, да ўсяго, праводзілі там свае майстар-класы. А павучыцца ў нашых мастакоў ёсць чаму не толькі аматарам, але і замежным прафесіяналам. Пра гэта ледзь не ў адзін голас сцвярджалі ўдзельнікі пленэру, адзначаючы высокі ўзровень апошняга. І гэта не проста кампліменты, бо многія з гасцей аб’ездзілі ўсю Еўропу, ім было з чым параўноўваць. Нашы керамісты самі робяць абпалы, валодаюць старадаўнімі ды найсучаснымі тэхналогіямі, не баяцца эксперыментаваць і рызыкаваць. Дарэчы, галоўная рызыка — сам абпал керамікі, асабліва такі, як абвар, калі выраб адразу пасля распальвання перамяшчаецца ў клейстар з жытняй ці аўсянай мукі. Вядома, выраб можа патрэскацца, а то і ўвогуле раскалоцца на часткі. Але тое, што атрымліваецца пры ўдалым выніку, вартае ўсіх затрат ды хваляванняў! Удзельнікі пленэру даказалі гэта не толькі гатовымі творамі, але і самім працэсам нараджэння ды вогненнага “гартавання” скульптуры Жыжаля. Калісьці ў знакамітага графіка Валерыя Славука гэтая міфічная істота падавалася нібы сатканай з залатых нітак. У Валерыя Калтыгіна — нагадала ідала часоў паганства і адначасова — ажурныя выцінанкі, карункі з арнаментам. А сам працэс яе абпальвання (для большых уражанняў — начнога) стаўся сапраўдным відовішчам, годным найсучаснага вулічнага тэатра лялек: ледзь толькі разматалі абкручаную вакол скульптуры “трубу” з вогнетрывалай мінеральнай ваты і алюмініевай фольгі, Жыжаль засвяціўся знутры...

14 кастрычніка выстаўка “пераедзе” ў сталічны Палац мастацтва, потым — у Магілёў. А праз год керамісты збяруцца ў дванаццаты раз…

Фота Аляксандра ЧУГУЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"