Проста працуем ды працуем

№ 1 (819) 05.01.2008 - 11.01.2008 г

Навагоднім падарункам для знакамітага эстраднага саліста, лаўрэата міжнародных конкурсаў Пятра Елфімава і вядучай тэлеканала АНТ Тамары Лісіцкай сталі два новыя аўтамабілі “Пежо”, атрыманыя імі за перамогу ў тэлепраекце “Дзве зоркі-2”. Для Пятра ЕЛФІМАВА гэта была не адзіная памятная падзея года, бо адначасова з удзелам у тэлепраекце ён правёў буйны сольны вечар у Палацы Рэспублікі — дарэчы, другі “сольнік” у Мінску за 2007 год. Дадайце сюды выпуск новага альбома і яго канцэртную прэзентацыю на “Славянскім базары ў Віцебску”, распачатую ўвосень выкладчыцкую дзейнасць, удзел у шматлікіх навагодніх тэлепраектах — і вы зразумееце, наколькі насычаным атрымаўся год для гэтага творцы.

 /i/content/pi/cult/143/918/Elfimov.jpg
— Затое Новы год у мяне сёлета, — усміхнуўся ў адказ на мае віншаванні знаны саліст, — атрымаўся сапраўдным святам, а не чарговым працоўным марафонам. Усіх грошай не заробіш, на ўсе запрашэнні не адгукнешся. І я вырашыў, нарэшце, папраўдзе адпачыць. У добрым сяброўскім коле, каб свята атрымалася пахатняму цёплым, утульным, вясёлым і незабыўным.
— А як працавалася падчас “Дзвюх зорак”?
— Добра. Удзел у гэтым тэлепраекце я не магу лічыць нейкай папраўдзе знакавай падзеяй, сур’ёзнай творчай перамогай і г. д., бо гэта ўсё ж, найперш, гульня, забава. Падчас спаборніцтва многае залежала ад лёсавання, суб’ектыўнасці суддзяў, ад многіх і многіх не зусім творчых складнікаў. Але ў выніку за фіналістаў, сярод якіх аказаўся і наш дуэт з Тамарай Лісіцкай, галасавалі тэлегледачы. І набраныя намі галасы — гэта іх шчыры выбар.
— Машыну атрымалі?
— Ды ўсё не было часу. А яшчэ і праблема: куды паставіць? Мабыць, трэба гараж арандаваць ці што.
— Затое спевы для вас — “няма праблем”. І ўсё ж — спецца дуэтам з непрафесійнай спявачкай?
— Мы былі суцэльнай камандай: мой прадзюсер Таццяна Касмачова, Тома і я. Мая задача была — спяваць. А Таццяна з Тамарай рабілі артыстычныя пастаноўкі песень, накіды сцэнічных строяў. Рэпеціравалі, у асноўным, дома, па вечарах, і гэта было цікава, прыкольна, весела. Вельмі дапамаглі дзяўчаты-мастачкі: атрымаўшы нашы прыдумкі яшчэ па тэлефоне, яны пачыналі ўвасабляць іх у жыццё, шукалі тканіны, дабаўлялі нейкія свае нюансы — адны толькі “касмічныя камбінезоны” чаго варты.
— А тое, што песні не падбіраліся ў разліку на магчымасці пэўнага дуэта, а вызначаліся лёсаваннем, — не перашкаджала?
— Па меншай меры, нікому не было крыўдна. Бо іначай усе б хадзілі ды бурчэлі: маўляў, камусьці лепшыя песні дасталіся, а нам — горшыя. А так — што ёсць, тое ёсць, і з кожнага нават не самага “песеннага” нумара хацелася зрабіць штосьці адметнае.
— Адметным стаўся кожны ваш выхад на гэтым тэлепраекце. Бо ў кожнай падрыхтаванай песні пульсавала творчая думка, ініцыятыва, уменне прадэманстраваць свае лепшыя якасці, у тым ліку за кошт музычнай імправізацыйнасці, што можа лічыцца вяршыняй выканальніцкага майстэрства. І гэта прытым, што адначасова вы рыхтаваліся да “сольніка” ў Палацы Рэспублікі. Ён паказаў вас і як удумлівага рамансавага лірыка, і як харызматычнага рок-музыканта, таленавітага творцу і бліскучага інтэрпрэтатара. А таксама шчырага вядучага, які можа стварыць атмасферу жывых стасункаў. А над чым працуеце зараз? Ніколі не паверу, што навагодні адпачынак, пра які вы расказвалі, працягнецца ўвесь год.
— Ні ў якім разе. Бо рыхтую яшчэ адзін новы альбом.
— Калі ваш цяперашні альбом “Званы”, які вы прэзентавалі ў Віцебску, быў дзівосна рамансавы, дык гэты, мабыць, абяцае зноў стаць рокавым?
— Так. Але мы не спяшаемся завяршыць яго да пэўнай даты. Атрымаецца — добра, не паспеем — нічога страшнага. Бо гэта такое шчасце — працаваць, не зважаючы на час, мець права на эксперымент, нават на няўдалы эксперымент, перапісваць песню да той пары, пакуль яна канчаткова не задаволіць. Таму абавязацельстваў ніякіх на даём, а проста працуем ды працуем.