Цвёрдасць скульптара

№ 33 (1107) 17.08.2013 - 23.08.2013 г

"Пішыце маё прозвішча без мяккага знака: “Міс-ко”. Гэтую фразу я пачуў шмат гадоў таму, калі пазнаёміўся з Іванам Якімавічам у Мастацкім музеі, дзе на выстаўцы, сярод іншых работ, быў скульптурны партрэт Зіны Партновай.

— Уяўляеш: яна, сямнаццацігадовая дзяўчына, у час допыту ў гестапа схапіла пісталет следчага, што ляжаў на стале, застрэліла яго і яшчэ двух гітлераўцаў! — Іван распавядаў з захапленнем, а я глядзеў на аўтара і разумеў, што яго захопленасць шмат чаго вартая...

/i/content/pi/cult/441/9179/9-1.jpeg

А тое, што прозвішча — без мяккага знака, характэрна для народнага мастака Беларусі Міско.

Ён цвёрды ў сваёй творчасці.

Пра Міско яшчэ мала напісана. Яго біяграфія поўная займальных гісторый. У 1968 годзе ў Чэхаславакіі (Міско прызвалі на зборы проста з майстэрні) ён зялёнкай (фарбаў пад рукамі не было) маляваў па памяці партрэты жанчын “ню”, каб згладзіць нягоды ваеннага жыцця. 17 партрэтаў на ватмане хацеў набыць паляк з суседняй часткі. Мастак адмовіўся прадаваць, і яны з аднапалчанамі закапалі іх у зямлі ў гарматнай гільзе…

— Магчыма, калі-небудзь адкапаюць, — смяецца Міско.

У Ліване, дзе Міско ўдзельнічаў у міжнародным пленэры, адказваючы на пытанні журналісткі, адкуль ён і што азначае ягоная работа з мармуру два метры на паўтара, сказаў, што знаёмы з Клімуком, двойчы Героем Савецкага Саюза, таму тэма твора — космас, і Ліван бачны з космасу, хаця краіна — маленькая.

— Я стаў вельмі папулярным, да мяне прыходзілі фатаграфавацца, таму што жвавая журналістка з ліванскай газеты напісала, што я — рускі касманаўт, двойчы Герой Савецкага Саюза, і ў маім творы адлюстраваны Ліван, які я бачыў з космасу…

— Трэба вучыць хаця б англійскую мову, — рэзюмаваў скульптар.

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі прайшла выстаўка “Космас Івана Міско”. Цвёрдасць выбару Івана Міско заключаецца ў яго любові да жыцця, зямлі, космасу.

— Мару ўпрыгожыць вуліцу Касманаўтаў у Мінску барэльефам трох беларускіх касманаўтаў: Клімук, Кавалёнак і Навіцкі заслужылі гэта. Для тых, хто жыве ў Беларусі, гэта — гонар, — сказаў Міско на сустрэчы пад час закрыцця выстаўкі.

Паэт Фёдар Баравы прысвяціў Івану Міско паэму “Душа творцы”. Там ёсць такія радкі: “И жизнь напрасно не уходит, пока болит душа творца!”.

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ІВАНОЎ
фатограф