Грымёркі “без грыму”

№ 33 (1107) 17.08.2013 - 23.08.2013 г

Жорстка, але не без падстаў: звыклыя праблемы ў закуліссі фестывалю

Мастацкія і фінансавыя вынікі ХХІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, які стаў, паводле традыцыі, адным з галоўных “цэнтраў прыцягнення” культурнага лета, даўно падведзены. А што выклікала найбольшую дыскусію ў сацыяльных сетках? Здавалася б, звыклы побытавы момант: асобных грымёрак для кожнага са шматлікіх удзельнікаў працяглых па часе гала-канцэртаў, як заўсёды, не хапіла. І перавага была аддадзена гасцям. Так сама, як заўсёды. Падобнае стаўленне “да сваіх” выклікала абурэнне заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Іны Афанасьевай, знятае на відэа журналістамі і выкладзенае ў Сеціве. Але абмеркаванне гэтай сітуацыі на старонцы ў "Фэйсбуку" культурнага аглядальніка Асі Паплаўскай, фрагменты з якога мы друкуем, вылілася ў куды больш шырокае кола праблем, што датычацца нашай нацыянальнай свядомасці.

Лексіку, прынятую пры вэб-стасунках, і асаблівасці напісання каментарыяў мы па магчымасці захоўвалі.

Ася ПАПЛАЎСКАЯ: — У нас асобныя грымёркі для замежных артыстаў, а беларускія няхай пераапранаюцца дзе і як хочуць! “Чаму вы выціраеце ногі аб беларускіх артыстаў?” — спыталася Іна Афанасьева. І правільна зрабіла: задзяўбло такое стаўленне беларусаў да сваіх!.. А павінна ж быць наадварот: спачатку — НАШЫ, пасля — усе астатнія! Толькі так у нас будзе культура. У самым шырокім сэнсе гэтага слова. Навучыцеся любіць і паважаць СВАЁ!

Таня ПАЛЯКОВА: — Узгадалася прыкрая гісторыя на “Міс Інтэркантыненталь”, калі іншаземных журналістаў пасадзілі ў адным месцы, а сваіх, убогіх, сагналі ў асобную “рэзервацыю” на другім канцы залы. І калі выступалі запрошаныя “звяздулі”, той жа Дзіма Білан з сябе вылазіў, бегаючы туды-сюды перад іншаземцамі, у бок беларусаў нават не паглядзеў…

Така ЦІХАНАВА: — Ася, на вялікі жаль, нашы “ЗОРКІ” часцяком адчуваюць і паводзяць сябе куды больш ЗОРНА, чым замежныя. Тут, хутчэй, смешна, чым крыўдна…

Ася ПАПЛАЎСКАЯ: — Таццяна, я разумею ваш скепсіс. Усе мы любім пасцябацца з нашай эстрады. Прычыны — зразумелыя. Але тут гаворка — пра звычайную павагу да чалавека, да СВАЙГО чалавека. І калі на тое пайшло, паглядзіце, каго пакінулі без грымёркі: Іну Афанасьеву! Такіх выканаўцаў на беларускай эстраднай сцэне — адзінкі. І смяяцца з гэтай прыкрай сітуацыі не трэба: абышліся з НАШЫМІ непрыгожа.

Віта САКАЛОВА: — Але ж беларускiя артысты не байкацiруюць “Славянскі базар”! А маглi б! Прапiярылiся б заадно!..

Ася ПАПЛАЎСКАЯ: — Вы думаеце такім чынам прымусіць адміністрацыю і дырэкцыю фестывалю іначай ставіцца да сваіх артыстаў?.. Сумняваюся.

Аляксандра БАЯРЫНА: — Віта, ёсць рэпутацыя і адказнасць перад сваімі гледачамі. Сабрацца і з’ехаць — праява непавагі да публікі. Дзеля таго, каб не дапусціць хаця б нязначнага негатыву са свайго боку ў адносінах да публікі, можна трываць і не такія знакі непавагі да сабе асабіста. Пагаджацца працаваць у такіх умовах — значыць, паставіць сябе вышэй. Гэта крок, калі асабістая адказнасць вышэй за адказнасць іншых.

Ася ПАПЛАЎСКАЯ: — Аляксандра, згодная цалкам. Узяць і зваліць — гэта сказаць свайму слухачу, які набываў білеты, прыязджаў спецыяльна ў Віцебск на фестываль: “Мне на вас начхаць! Я спяваю не для вас, а для сябе”. Гэта няправільна. Таму і застаецца адно выказваць сваё незадавальненне за кулісамі. Тое, што адміністрацыя паступіла такім чынам, аддаючы перавагу не сваім, а замежнікам, — нонсэнс. Калі мы пазіцыянуем “Славянку” як фестываль фестываляў і кажам пра значнасць і маштаб, зрабіце так, каб УСІМ было камфортна, каб заслужаная артыстка не бегала ў пошуках памяшкання, дзе можна пераапрануцца! Гэта ж МІЖНАРОДНЫ фестываль, якому 22 гады!

Така ЦІХАНАВА: — Дурная справа — вінаваціць дырэкцыю фестывалю. Каб зразумець усю “штогадовую кашу”, трэба ў ёй самой хаця б крыху паварыцца. Без крыўд, Ася, але за гэтых людзей я буду стаяць гарой.

Алег ЦІХАНАЎ: — Навошта штогод рабіць адно і тое ж? Размова ідзе пра канцэрт, у якім удзельнічае больш за 50 артыстаў + танцоры, менеджмент і г.д. Грымёрак у Амфітэатры на ўсіх не хопіць. Праблема — вечная. І Іна пра гэта ведае. Навошта гэтыя прыдзіркі? Беларускія артысты — яшчэ і прымаючы бок, гэта паказчык той жа гасціннасці. Вядома, калі выканаць усе райдары ад “А” да “Я”, дык, відаць, фестываль давядзецца праводзіць раз на чатыры гады. Не падабаецца? Дык навошта прыязджаць?

Ася ПАПЛАЎСКАЯ: — Алег, калі не хапае грымёрак, няхай пабудуюць дадатковыя! Я не разумею, у чым тут пытанне.

Юрась ЗЯНКОВІЧ: — Калі не хапае грымёрак, дык стаўленне павінна быць АДНО ДЛЯ ЎСІХ, а не так, што мы перад замежнікам расшаркваемся, свой жа і так ператопчацца. Калі да ўсіх будзе аднолькавае стаўленне, людзі (нармальныя!!!) гэта зразумеюць і “войдут в положение”, і такіх сцэн не будзе. Афанасьева абураецца элементарнай несправядлівасці, і тут яна мае рацыю.

Алег ЦІХАНАЎ: — Памятаю, мы з гуртом “Osimira” былі ў грымёрцы з яшчэ трыма артыстамі з Аўстраліі і аргенцінцам, той яшчэ і фарбай стаў мазацца. Нам было весела! Грымёркі там маленькія, вядома, але гэта фестываль. А то як атрымліваецца: спярша атакуюць дырэкцыю фестывалю: “Вазьміце, у нас жа новы хіт!”. А потым: “Дзе мая грымёрка?!”

Алег ЧЭЧАНЕЎ: — Усё спазнаецца ў параўнанні. Каб вы бачылі, у якіх умовах пераапранаюцца і грыміруюцца артысты сталічнага ТЮГа (сцэна Дома літаратараў)… Але ТЮГ знаходзіцца на рэканструкцыі, таму той экстрым — вымушаны.

Наталля БОНДАР: — У мяне калектыў — дзіцячы ўзорны, і калі мы прыязджалі раней на тэлефестываль “Усе мы родам з дзяцінства” ў Палац Рэспублікі, гэта быў проста нейкі жах! Ездзілі туды некалькі разоў, і штораз — адно і тое ж. Гадзіны з дзве сотням дзяцей даводзілася з касцюмамі ды рэквізітам стаяць у вестыбюлях, прычым там нават сесці не было куды. Калі дзеці садзіліся на батарэю, адразу з’яўляўся нейкі вартавы. Нарэшце, адчынілі грымёркі доўгачаканыя — у кожную, разлічаную на аднаго ці двух артыстаў, заганялі мой калектыў (восем чалавек) і яшчэ калектывы тры такія ж ды парачку салістаў. Да гэтага дадайце кіраўнікоў, мам ды тат і г. д. Прысесці можна было толькі ў зале... Я ўжо не кажу пра тое, што на сцэну пад час выступлення арганізатары не паспелі вынесці мікрафоны…

Ася ПАПЛАЎСКАЯ: — Наталля, дзеткі, якія былі ў такіх умовах, пасля стануць адміністратарамі на фестывалях і будуць думаць: нармальна, я ў свой час цярпеў, няхай цяпер яны церпяць! Дзе няма павагі да дзяцей, там не будзе яе і да дарослых…

Алег ЦІХАНАЎ: — Ася, ну што за крайнасці! Дзеці вырастуць і будуць ведаць, што гэта было цяжка, — ды зробяць інакш.

Алег ЧЭЧАНЕЎ: — Урэшце, а што перашкаджае адміністратару выканаўцы загадзя дамовіцца пра ўмовы знаходжання спявачкі?

Алег ЦІХАНАЎ: — А калі адміністратар і ёсць спявачка?

Лаліта УГАРАН-ТУМІЛОВІЧ: — Іна ўжо даўно заслужыла павагу і больш сур’ёзнае стаўленне. Гэта не яе капрыз і не піяр. Я сама не раз была сведкай таго, калі даецца загад размясціць прыезджых артыстаў з камфортам, зорак — адпаведна райдару. Не паверыце, а нашы нават у прыбіральнях рыхтаваліся. У свой час мы дастаткова папаездзілі з Інай Афанасьевай. Былі і прэстыжныя фестывалі, і туры па Беларусі. Ездзілі па такіх закінутых месцах, вёсках. Ні пра які камфорт мы і не задумваліся, не капрызілі. І ў машыне рыхтаваліся, і ў полі з мясцовымі жыхарамі алюмініевымі лыжкамі капусту сёрбалі. Іна заўсёды з цярплівасцю, разуменнем і гумарам да гэтага ставілася. Нашы артысты дзесяцігоддзямі бадзяюцца па трое-пяцёра ў грымёрках, а часам яшчэ і з танцорамі, грымёрамі! У духаце і за “трэба”. Не спрабавалі задумацца, як рыхтуецца артыст да выступлення? Трэба апрануцца, знешнасць прывесці ў парадак, настроіцца, распецца… Важна, каб людзі “правільныя” атачалі ды многае іншае... Паверце, нашы артысты цярплівыя і даволі дыпламатычныя. Але калі ўжо просяць, дык накіпела. Нічога не змянілася! Як гадоў дзесяць таму Іна адзіная змагалася (а не піярылася) за годнае існаванне, так і цяпер! Заўсёды паважала Афанасьеву за смеласць і прафесіяналізм.

Алег ЧЭЧАНЕЎ: — Але ж вернемся да фестывалю міжнароднага ўзроўню. Мяркую, выканаўца падпісвае дамову з арганізатарамі, дзе са згоды бакоў мусіць быць прапісаны райдар — тэхнічны і побытавы. У тым ліку і пункт “Адмова ад выступлення пры невыкананні прымаючым бокам умоў дагавора”. Эмоцыямі нічога не дакажаш. Спявачка выступіць перад гледачамі. Як яна павядзе сябе ў наступным годзе, пры наяўнасці запрашэння ў Віцебск, — гэта ўжо пытанне да яе.

Воля ЗІНОВАЯ: — Артысты беларускія, высылайце свае райдары! Не бойцеся, але і не адступайце, калі іх не выконваюць.

Яўген ЯРШАК: — Па-мойму, тут падмена паняццяў. Справа не ў тым, што Афанасьева ці Ярмоленка — беларусы... Але і так зразумела, што з замежнымі артыстамі такая сітуацыя немагчымая, бо яны, зноў жа, на думку арганізатараў, — “першы гатунак”, інакш які сэнс іх запрашаць... Калі б хто-небудзь з запрошаных на “Славянскі базар” беларусаў быў дастаткова папулярным — і грымёркі былі б з кандыцыянерамі, і райдары б выконваліся.

Ягор ЗІНАВЫ: — Той артыст, які збірае мільёны і стадыёны, мае поўнае права выдумваць сабе райдары. А калі ў цябе адзін дыск і па радыё цябе слухаюць толькі таму, што абавязаны трымаць 75%?

Віта САКАЛОВА: — Так, папса — 75%. Але ж у Беларусi ёсць такiя артысты, за якiмi за мяжу фанаты едуць!

Алена КУРГАНАВА: — Ох, жорстка і незаслужана вы Іну брудам паліваеце. Любіць яе народ беларускай глыбінкі, і білеты на ейныя канцэрты разлятаюцца, як гарачыя піражкі! А што да грымёрак, дык падтрымліваю Алега: праблема ўсіх фестываляў!

Уладзімір ТРАПЯНОК: — Дык колькі можна прыкормліваць чужых “зорак”, калі варта, перш за ўсё, падтрымліваць сваіх?..


Будзем на сувязі!

Паважаныя чытачы! Нам цікавае ваша меркаванне па тэмах нумара. Пішыце на адрас: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77, альбо на электронную скрыню kultura@tut.by, тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 8-017-286-07-97, абмяркоўвайце на www.facebook.com/kimpressby, www.vk.com/kimpressby, www.twitter.com/kultura_by!