Няма моды на новае

№ 33 (1107) 17.08.2013 - 23.08.2013 г

Аляксандр БАГДАНАЎ, канцэртны прадзюсар

/i/content/pi/cult/441/9174/5-1.jpeg

У мяне ўсё часцей узнікае пытанне: чаму самыя папулярныя вечарыны або канцэрты на Беларусі — гэта "рытмы 70-х — 80-х", а з нядаўняй пары — і 90-х? Ва ўсіх самых модных клубах па начах ладзяцца рэтра-паці, а ўвечары там граюць кавер-бэнды, якія выконваюць замежныя хіты 30-гадовай даўніны. Тое ж самае датычыцца і канцэртнага жыцця: лепш за ўсё ў нас ідуць на тых зорак, якія пачалі сваю кар’еру некалькі дзесяцігоддзяў таму. І ўсё б нічога, каб цікавасць да нейкіх новых тэндэнцый у музыцы не мела адваротны характар.

Было б цалкам зразумела, каб рэтра-вечарыны збіралі толькі салідных дзядзькаў, якія прыйшлі панастальгіраваць па незваротна страчанай маладосці. Але ж на "дыска 80-х" у клубы набіваецца васямнаццацігадовага ўзросту моладзь! Гэтых людзей ніколі не пабачыш на канцэрце іх аднагодкаў, якія граюць прасунутую музыку, што існуе тут і зараз. Здавалася б, у такім веку трэба шукаць нейкія новыя музычныя ўражанні, а не спыняцца на тым, што ўжо даўно пройдзена ды "ператраўлена"…

Але калі прывозім у Мінск неймаверна цікавую замежную каманду, якая выконвае ўнікальную музыку, напрыклад, у стылі электраджаз, ды на Захадзе выступае ледзь не на стадыёнах, тут на яе прыходзіць якіх трыццаць-сорак чалавек. Дый тая ж наша "Серебряная свадьба" збірае ў Германіі вялікія залы, у Маскве на яе ходзяць і панкі, і бізнесмены, бо яна ўспрымаецца там, па сутнасці, як музыка для ўсіх, а ні ў якім разе не як нейкі "андэграўнд". У нас жа гэты "аркестр" па-ранейшаму папулярны выключна ў вузкім коле, сярод сваёй уласнай аўдыторыі. Бо наша публіка не прагне пошуку нечага новага — яна заўсёды абірае пратаптаны мінулымі пакаленнямі шлях. Вядома, гэта куды прасцей, бо і шукаць не трэба, але... куды менш цікава.

У чым жа прычына такога кансерватызму? Думаецца, тут знайшлася б не адна тэма для даследаванняў у розных галінах навук, бо, прааналізаваўшы сітуацыю, можна выявіць цэлы букет самых розных фактараў. Але асабліва я хацеў бы спыніцца на ролі мас-медыя.

Безумоўна, густы людзей шмат у чым фарміруе так званы радыёфармат. А нашы FM-станцыі круцяць менавіта "правераную" музыку. Калі яе слухаеш, не заўсёды можна дакладна вызначыць, якога стагоддзя тая або іншая песня. Дык адкуль тады аўдыторыя можа зразумець, што музычныя тэндэнцыі маюць схільнасць развівацца, і што ў свеце за апошнія дваццаць гадоў з’явілася шмат цікавага?

Зразумела, адной толькі дыягностыкі гэтай сітуацыі будзе замала — трэба рабіць нейкія канкрэтныя крокі. Не так даўно мы запусцілі ўласнае інтэрнэт-радыё, якое цэлымі суткамі круціць актуальны сусветны музычны кантэнт. Дамаўляемся з рознымі месцамі ў Мінску, каб яно там пастаянна транслявалася. Можа, да нейкіх кардынальных зрухаў у свядомасці масавай аўдыторыі гэта і не прывядзе, але... Як кажуць, вада камень точыць.