Цырк не перастане здзіўляць...

№ 1 (819) 05.01.2008 - 11.01.2008 г

Зусім нядаўна, 2 снежня, Гомельскі дзяржаўны цырк сустрэў сваё 35-годдзе. Яго будынак быў узведзены ў 1972 годзе і адразу стаў адным з пазнавальных сімвалаў Гомеля, месцам неаслабнага прыцягнення для дзяцей і дарослых. Зрэшты, традыцыі цыркавога мастацтва ў горадзе над Сожам сягаюць у ХІХ стагоддзе. Яшчэ ў 1890 г. на месцы Коннай плошчы прадпрымальнік Слобадаў фундаваў першы, драўляны будынак цырка. У ім выступала нават японская прыдворная трупа Ямасакі-сан, дэманстраваў “Рускі Калізей” знакаміты Ф.Дураў... Як распавядае генеральны дырэктар і мастацкі кіраўнік Гомельскага дзяржаўнага цырка, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Якаў Лабовіч, першая ў свеце жанчына-ілюзіяністка Амела Дароццы (Клара Карасік) была родам з Гомеля, як і першы выканаўца трайнога сальта Павел Мар’янкоў, і Анатоль Вязаў, які ўпершыню асвоіў скачок з-пад купала на гумавых канатах.

 /i/content/pi/cult/143/917/Zirk1.jpg
 Цырк у Гомелі.
35-ты год Гомельскі цырк сустрэў з цалкам абноўленай глядзельнай залай. Яна стала шырэйшай, больш прасторнай, як і фае пасля рамонту. Былі заменены падлога і крэслы, зроблена ламінаванае пакрыццё ў ложах, усталяваны нержавеючыя парэнчы. На сродкі, выдаткаваныя Міністэрствам культуры, набыта і ўсталявана суперсучаснае гукавое абсталяванне.
Іншы выгляд набыла і касавая зала.
— Абнавіліся ў нас нават туалетныя пакоі: там з’явіліся адмысловыя зручнасці для самых маленькіх наведвальнікаў і для інвалідаў,— задаволена паведаміў карэспандэнту “К” намеснік генеральнага дырэктара Аляксандр ХАЙКОЎ.
На думку Аляксандра Іванавіча, цяпер працаваць у цырку стала лягчэй.
— Чаму так? — здзіўляюся.
— Калісьці артысты столькі рэквізіту з сабой прывозілі… Да 10 — 12 вагонаў даходзіла! А цяпер цыркі эканомяць грошы і падарожнічаюць пераважна аўтатранспартам. Максімум у 6 машын-даўгамераў усё змяшчаецца.
Прыкладна за месяц, пакуль дэманструецца адна праграма, у цырку паспявае пабываць кожны 10-ты жыхар Гомеля. Падчас маёй камандзіроўкі навагодняе прадстаўленне даваў цырк “Тамерлан” з Масквы. Я трапіла на прэм’еру, але білеты на гэты час былі прададзены ўжо ледзь не да канца гастролей, і, каб задаволіць публіку, давялося ўводзіць дадатковыя прадстаўленні.... Вядучыя ролі ў казачнай дзеі “Таямніцы Ледзянога замка” належаць джыгітам пад кіраўніцтвам народнага артыста Расіі Тамерлана Нугзарава. Добры маладзец Светазар, стоячы на спінах дзвюх аргамакаў, кранальна ўзнімаў на плечы Снягурачку.
Вершнікі ўзляталі на пад’ёмны мост, уражвалі рызыкоўнай вальтыжыроўкай. Асабліва
 /i/content/pi/cult/143/917/Zirk2.jpg
 Эквілібр Анатоля Купцова. 
здзівіў юнак на светла-шэрым кані-прыгажуне, зграбным і гнуткім, нібы котка, навучаным элементам старадаўняй венскай школы коннай язды. Упершыню мне давялося бачыць настолькі хуткае выкананне піруэта і так званыя “школьныя скачкі” пад вершнікам.
Дый іншыя нумары не раз прымушалі гледачоў затойваць дыханне. “Эквілібр на п’едэстале” заслужаных артыстаў Расіі Анатоля і Іллі Купцовых нават унесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса. А ў “Птушкаловах” на арэне дружна выступаюць птушкі (свойскія і экзатычныя) разам з драпежнікам пугачом,сядаюць на спіны сабакам — далмацінам і пудзелю, а вялізны буры мядзведзь куляецца цераз галаву... з пеўнем у лапах, і той застаецца жывы і здаровы. Хіба не цуд дрэсуры?
Пасля прадстаўлення ўдалося пагутарыць з некаторымі артыстамі. Вось што распавяла жонка Тамерлана, заслужаная артыстка Расіі Святлана АЎДЗЕЕВА, вядучая праграмы:
— Мы, артысты Маскоўскага дзяржаўнага цырка, у Гомелі ўпершыню. У трупе — 45 чалавек і 26 коней. У нашым рэпертуары ёсць і спектакль “Горская легенда”. У аснову сюжэта пакладзены старадаўні каўказскі звычай: калі жанчына здымае з галавы хустку і кідае паміж двума ворагамі, яны мусяць спыніць бой.
— Вашы скакуны-прыгажуны — якіх парод?
— Вараныя — рускай верхавой пароды, са знакамітага конезавода пад Разанню — Старажылаўскага. Светла-шэрыя — арлоўскія рысакі, ёсць два арабскія кані, церскія.
— А хто дэманстраваў венскую школу?
— Наш сын, Тамерлан-малодшы, прадстаўнік 5-га пакалення цыркавой дынастыі, якая існуе больш за 100 гадоў, і конь Маэстра пароды ліпіцыян, мы сапраўды набылі яго ў Вене.
— Які трук лічыцца “фірмовым” тамерланаўскім, нікім не паўтораным?
— Джыгіт, трымаючыся пад жыватом каня, скача цераз кольца, працятае па акружнасці кінжаламі. Кіраўніку групы “Птушкаловаў”, заслужанаму артысту Расіі Юрыю ЭЛЬВОРЦІ нам карцела задаць наступнае пытанне:
— У вашым нумары такі разнашэрсны, разнамасны склад артыстаў. Як удаецца падтрымліваць мір і сяброўства між імі?
 /i/content/pi/cult/143/917/Zirk4.jpg
На манежы — “Птушкаловы”.
— Усе нашы гадаванцы з дзяцінства знаёмыя, паступова прывучаныя адно да аднаго. Сярод іх, дарэчы, ёсць і беларускія буслы. У цырках шмат нумароў з галубамі, папугаямі, а мы рашыліся на эксперымент: стварылі змяшаную групу птушак і жывёл.
І, як бачыце, нумар атрымаўся.
— Пеўнік бясстрашна прызямляецца на хіб сабаку або мядзведзю, як такое магчыма?
— Канешне, не кожнаму зверу спадабаецца, калі яму нехта сядае на галаву, але... ёсць свае маленькія сакрэты. А пасля было знаёмства з закулісным жыццём цырка, з тымі яго работнікамі, каго не ўбачыш на асветленай святочнымі агнямі арэне. Але менавіта яны рупяцца, каб у цырку добра адчувалі сябе і артысты, і гледачы, і за феерычнай атмасферай крыецца іх велізарная праца...
Інэса ГІТАЛЕВА, адміністратар і памочнік мастацкага кіраўніка, — з маладых кадраў. Летась скончыла Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Францыска Скарыны. Але ў цырк прыйшла працаваць раней — у жніўні 2005-га.
— Чаму такі выбар?
— Напэўна, так распарадзіўся лёс. Мне вельмі спадабалася ў цырку, я адчула, што гэта — маё. Спадзяюся, што застануся тут надоўга.
— Якія абавязкі на вас ускладзены?
— Арганізацыя гледача — каб глядзельная зала была поўнай, каб публіка атрымлівала зарад добрага настрою. Праводзім шырокую рэкламную кампанію цыркавых праграм..
.
— Што вас радуе ў вашай працы і што, магчыма, выклікае цяжкасці?
— Цяжкасці заўсёды ўзнікаюць у ходзе працы, але ўсе яны паспяхова пераадольваюцца. А радуе сам прыход на працу, веданне таго, што мы стараемся для гледача… Калі праца даспадобы, як можа яна не прыносіць радасць?
Адзін са старэйшых работнікаў Гомельскага цырка — мастак-пастаноўшчык Віталь МІТКЕВІЧ, які адпрацаваў тут 33 гады. Ад яго залежыць, як будуць выглядаць і сам будынак цырка, і інтэр’ер фае, і афішы, расклееныя па горадзе.
Для кожнай праграмы патрабуецца арыгінальнае мастацкае вырашэнне. У часы “Саюздзяржцырка” даводзілася яму таксама выконваць эскізы касцюмаў і рэквізіту.
Віталь Станіслававіч таксама піша вершы пра цырк і для цырка, малюе карціны. Удзельнічаў у выстаўках гомельскіх мастакоў, друкаваўся ў газетах і літаратурных альманахах. І яшчэ ён — “высоцказнаўца”, прызнаны і ў Расіі, сааўтар кнігі “Уладзімір Высоцкі і Беларусь”.
А генеральны дырэктар і мастацкі кіраўнік Якаў ЛАБОВІЧ быў прыняты на працу ў Гомельскі дзяржаўны цырк яшчэ за два месяцы да яго адкрыцця. Пачынаў артыстам аркестра, прайшоў тут усе ступені кар’еры.
— Для вас, Якаў Міхайлавіч, цырк, напэўна, другі дом?
 /i/content/pi/cult/143/917/Zirk5.jpg

— Жонка кажа, што першы, і мае рацыю. Часцяком даводзіцца вяртацца з працы вельмі позна. Але цыркавое мастацтва вартае таго, каб аддаваць яму ўсе сілы.
— Як цырк адзначыў свой 35-ты “дзень народзінаў”?
— Урачыстым сходам працоўнага калектыву з удзелам ганаровых гасцей: міністра культуры Уладзіміра Матвейчука, старшыні Рэспубліканскага камітэта прафсаюзаў работнікаў культуры Мікалая Шаўцова, старшыні Гомельскагааблвыканкама Аляксандра Якабсона, старшыні абласнога Савета дэпутатаў Валерыя Сяліцкага, старшыні Гомельскага гарвыканкама Аляксандра Бяляева, прадстаўнікоў устаноў культуры Гомельшчыны і ўсіх тых, з кім цырк здаўна сябруе і супрацоўнічае. Былі запрошаны таксама ветэраны цырка...
Уладзімір Матвейчук уручыў Ганаровую грамату Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь генеральнаму дырэктару і мастацкаму кіраўніку цырка Якаву Лабовічу (ён жа атрымаў ганаровы знак ЦК прафсаюзаў работнікаў культуры), загадчыку мастацка-пастановачнай часткі Васілю Маркаву. Граматамі Міністэрства культуры былі ўзнагароджаны Віталь Міткевіч і інспектар манежа Сяргей Зорын. Падзяка Міністэрства культуры была аб’яўлена Аляксандру Хайкову і намесніку галоўнага бухгалтара Наталлі Гулінай. Іншыя работнікі цырка атрымалі ганаровыя граматы гомельскіх аблвыканкама і гарвыканкама, ганаровыя граматы абласнога і гарадскога Савета дэпутатаў, абласнога прафсаюза работнікаў культуры. Аблвыканкам зрабіў цырку падарунак — камп’ютэр найновай мадэлі.
— Ужо нават па складзе запрошаных на ўрачыстасць можна меркаваць, што Гомельскі цырк мае пашану і падтрымку на высокім дзяржаўным узроўні...
— Сапраўды, мы адчуваем пільны клопат аб культуры Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі і Міністэрства культуры. Вельмі шмат цырку дапамагаюць і вобласць, і горад. Сам губернатар Аляксандр Якабсон і падтрымлівае, і падказвае, і крытыкуе, каб палепшыць вонкавы выгляд цырка.
Вялікую дапамогу зазнала культурная галіна Гомеля з прыходам на пасаду старшыні гарвыканкама Аляксандра Бяляева. Дастаткова сказаць, што светлавы фантан побач з цыркам пабудаваны за кошт горада, прылеглая плошча адрамантавана, помнік Карандашу пастаўлены па нашай сумеснай ініцыятыве. І губернатар, і мэр, і кіраўнік адміністрацыі раёна Іван Барадзінчык — не толькі будаўнікі па адукацыі, але і стваральнікі па духу.
А старшыня абласнога Савета дэпутатаў Валерый Сяліцкі проста ўлюбёны ў цырк, ніводнай праграмы не прапускае, прыходзіць з жонкай, з дачкой, з унукам. І нам належыць апраўдваць такую ўвагу.
— Цырк ХХ стагоддзя і ХХІ, цырк савецкага перыяду — і сучасны. Ці ёсць адрозненні паміж імі, ці існуе прагрэс у цыркавым мастацтве?
— Цікавае і даволі складанае пытанне... Прагрэс ахоплівае ўсе сферы нашага жыцця, не можа заставацца ў баку і цырк. Даводзіцца бачыць розныя праграмы, і слабыя, шчыра кажучы, і вельмі цікавыя, вельмі моцныя. На адкрыцці гэтага сезона ў нас дэманстравалася “Планета малпаў” — я б сказаў, суперсучаснае відовішча, дарагое і проста бліскучае Косма-шоу, у якім малпы выступаюць, як сапраўдныя артысты. Там задзейнічана багата тэхнікі: мадэлюецца іншапланетная цывілізацыя, прылятае лятаючая талерка, шмат светлавых эфектаў.
Прыгадаю яшчэ адну праграму, якая з не меншым бляскам прайшла ў Белдзяржцырку ў Мінску, — “Цырк на вадзе”.
Цырк ХХІ стагоддзя адыходзіць ад трукацтва (хаця цырка без трукаў не можа быць, бо трук ляжыць у самой яго аснове). Па маім глыбокім перакананні, цырк павінен найперш даваць чалавеку магчымасць радавацца добраму, цудоўнаму відовішчу, зараджаць бадзёрасцю, быць вельмі прыгожым і яркім. Ды цырк заўсёды вылучаўся сваім бляскам, асаблівым шармам. Мяркую, ён не будзе стаяць на месцы, а разам з усімі будзе рухацца наперад і не перастане здзіўляць. Бо артысты цырка, як і іншыя дзеячы культуры, працуюць дзеля шчасця роднай Беларусі.

Святлана ІШЧАНКА,
наш спецкар.
Мінск — Гомель — Мінск