Музыка Набокава ўпершыню прагучала ў Беларусі толькі ў 2011-м — у Мірскім і Любчанскім замках. Забытая спадчына нашага земляка адрадзілася на ягонай Радзіме, даўшы пачатак правядзенню Музычных фестываляў.
Праграма фестывалю Набокава на яго радзіме сёлета прадугледжвае паказ міні-спектакля “Чамадан успамінаў” У.Драздова (па мемуарах М.Набокава) і правядзенне канцэртаў у Міры ды Любчы. Заключным акордам стане выступ, што адбудзецца 8 верасня ў Гродзенскай абласной філармоніі.
Ініцыятарамі правядзення фестывалю выступілі Нацыянальная камісія Беларусі па справах UNESCO, Галоўнае ўпраўленне па культуры, ідэалагічнай рабоце і справах моладзі аблвыканкама, Навагрудскі райвыканкам і музей “Замкавы комплекс “Мір”. Мастацкі кіраўнік фестывалю — лаўрэат міжнародных конкурсаў, доктар музычных мастацтваў Юрый Бліноў.
Нагадаем, Мікалай Дзмітрыевіч нарадзіўся ў маёнтку Любча Навагрудскага павета Мінскай губерніі, дзе і прайшлі яго дзіцячыя гады. Музычную адукацыю спачатку атрымаў у кансерваторыях Штутгарта і Страсбурга, а потым прадоўжыў у Сарбоне. Сусветную вядомасць прынесла яму музыка для балета “Мірны саюз”.
Мікалай Набокаў праславіўся не толькі як кампазітар — прыкметная яго роля як мастацкага кіраўніка і прапагандыста музычнай культуры: у 1952 г. ён узначаліў “Парыжскі фестываль XX стагоддзя”, у 1954-м — Музычны фестываль у Рыме, у 1961 г. — у Токіа, з 1963 па 1968 гг. — у Берліне. На працягу апошніх дзесяці гадоў жыцця быў генеральным сакратаром музычнай секцыі UNESCO ў Парыжы.