Ляцім на крылах Дзён культуры

№ 33 (1107) 17.08.2013 - 23.08.2013 г

Дні культуры Беларусі ў Літве пачнуцца 21 верасня і будуць доўжыцца амаль два з паловай месяцы, ажно да 1 снежня.

Праграма, як паведамілі ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы, плануецца вельмі разнастайная. Сімвалічна, што ў канцэрце адкрыцця сумесна выступяць музыканты абедзвюх краін: у Нацыянальнай філармоніі ў Вільнюсе з Літоўскім камерным аркестрам пад кіраўніцтвам Сяргея Крылова будзе саліраваць наш Расціслаў Крымер, як гэта было і летась у нашай сталічнай філармоніі. На іншых пляцоўках у дзень адкрыцця выступяць і Дзяржаўны камерны хор Беларусі на чале з Наталляй Міхайлавай, і Гродзенскі камерны аркестр (у рамках VІІІ Міжнароднага фестывалю імя М.Агінскага). VІІІ Свята беларускай песні адбудзецца ў Клайпедзе. Музычна-паэтычную вечарыну да 150-годдзя паўстання К.Каліноўскага рыхтуе з ансамблем салістаў “Класік-Авангард” Уладзімір Байдаў.

Насычаным будзе тэатральны складнік. З прэм’ерай балета “Князь Вітаўт” Вячаслава Кузняцова рушыць да суседзяў наш Вялікі тэатр. Дзяржаўны маладзёжны тэатр пакажа “Варшаўскую мелодыю” Леаніда Зорына. Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі — дзве п’есы вядомых айчынных драматургаў: “Тры Жызэлі” Андрэя Курэйчыка і “Дажывём да прэм’еры!” Мікалая Рудкоўскага. Беларускі дзяржаўны музычны тэатр правядзе гастролі ў Клайпедзе, а праз паўтара месяца — у Каўнасе. Трохдзённыя гастролі — у Вільнюсе, Клайпедзе, Марыямпалі — чакаюць і Дзяржаўны ансабль танца Беларусі на чале з народным артыстам краіны Валянцінам Дудкевічам.

Жывапіс будзе прадстаўлены выстаўкай сучасных беларускіх мастакоў. Не дзіва, што нашы творцы ўвойдуць і ў лік лаўрэатаў акцыі “Светачы-2013” Фонду імя М.Чурлёніса — за значны ўнёсак па ўмацаванні супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, музыкі, выяўленчага мастацтва і тэатра.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"