Юліян Фалат і яго Беларусь

№ 32 (1106) 10.08.2013 - 16.08.2013 г

“Бог цябе сюды паслаў — любі Нясвіж, як Нясвіж цябе палюбіў…”

(Працяг. Пачатак у № 31.)

…Зразумела, Фалат ехаў у якасці жывога “летапісца”. Дабраліся да Баранавіч па чыгунцы ў асабістым вагоне наследніка германскага прастола. На станцыі да іх далучыўся далёкі сваяк Антонія Радзівіла — князь Мацей Ёзаф Радзівіл, уладальнік вялікага маёнтка і вёскі Паланечка, што за 35 вёрст ад Баранавіч, дзе ў пачатку XIX стагоддзя камергер імператарскага двара, князь Канстанцін Радзівіл пабудаваў ампірны палац з цэглы, у якім размяшчаліся шыкоўная бібліятэка, архіў ды мастацкая галерэя. А яшчэ раней тут у гасцях у Караля Станіслава Радзівіла (так-так, таго самага “Пане Каханку”) нават пабываў яго блізкі сябра — аўтар “Недоросля”, драматург Дзяніс Фанвізін. Легенда апавядае, што пасля багатага балявання абодва яны паспяхова “палявалі” на мясцовых прыгажунь, а не толькі на звяр’ё ды качак…

Любіў Паланечку і знакаміты паэт Уладзіслаў Сыракомля, які пакінуў добрыя ўспаміны пра гэтае мястэчка. У сваім дзённіку ён запісаў: “…Калі з Міра ехаць па вуліцы Жухавіцкай, то далей мы прыбылі б у цудоўную Паланечку — уладанне князя Канстанціна Радзівіла, дзе пабачылі б дзіўны сад, прыгожы ды цікавы ў многіх адносінах палац. Сустрэўшыся ж з гаспадаром, лёгка ўпэўніцца ў знакамітай радзівілаўскай гасціннасці…”

Але ўсё гэта было раней. А пакуль уся паляўнічая кампанія тут жа, на станцыі “Баранавічы”, перасела ў шыкоўныя сані, накрытыя мядзведжымі шкурамі, і пачала свой шлях па радзівілаўскіх уладаннях. Фалат піша: “…Маленькая, засыпаная снегам “станцыйка”, характэрная для рускіх чыгунак, заснежаныя дрэвы і штыкетнік — усё асветлена бруднавата-жоўтым святлом некалькіх ліхтароў: гэта маё першае ўражанне. Снег рыпіць пад нагамі, траскучы мароз — гэта іншы свет, іншая зіма, чым тая, якую я бачыў дагэтуль… Яшчэ сапраўдная ноч, і мізэрныя хаткі мястэчка спяць. Усё патанае ў цёмна-блакітным, месцамі зеленаватым, колеры, з якога выяўляюцца яшчэ больш цёмныя сцены дамкоў, міма якіх праязджаем. Ад іх адбіваецца энергічны голас званочка нашых саней. Пасля некалькіх паваротаў, скіраванне якіх вызначае абвіслы тэлеграфны дрот, апынаемся ў чыстым полі. Што за ноч, што за зіма! Дрэвы, пакрытыя сінім інеем, — нібы ледзяныя скалы, вусцішныя і нейкія дзікаватыя...”

Так маляўніча Фалат апісвае пачатак першага дня паляўнічых прыгод. Сапраўды, ехалі ў дваццаціградусны мароз па дзікай глухамані. Наўкол — ні душы, адно лес ды тоўсты слой чыстага снегу са слядамі лап звяр’я і птушак. Дарогу можно было знайсці толькі па бярозах, якія раслі па яе баках. Пасля кароткага прыпынку ў маёнтку Радзівілімонты паляўнічыя скіраваліся ў старадаўнюю, вядомую з XV стагоддзя, вёску Дзяніскавічы (цяпер — Ганцавіцкі раён Брэсцкай вобласці) і спыніліся ў простым драўляным паляўнічым дамку. Адтуль Вільгельм ды Радзівілы са світай скіраваліся ў палескія пушчы…

Фалат піша: “…Узвышшы і нізіны аб’язджалі так званай зімовай дарогай, што вядзе напрасткі праз замёрзлыя азёры ды ручаі — аж да вялікай вёскі Астраўчыцы, якая з’яўляецца варотамі ляснога краю. Дасягнулі, нарэшце, лясоў і лясной глушы, натыкаемся на цэлыя абозы паляўнічых саней і на вялікую колькасць загоншчыкаў, якія саграваюцца каля незлічоных вогнішчаў. Хутка поўдзень, такім чынам, не губляючы часу, займаем пазіцыі на паляўнічай дзялянцы. Я далучаюся да выбранай групы, якая ўключае акрамя прынца Вільгельма стралкоў пана Абламовіча і мяне. Прынц стаіць на сцежцы мядзведзя, праз нейкія восемдзясят метраў злева — князь Антоній Радзівіл, а справа, на такой жа адлегласці, — князь Мацей.

/i/content/pi/cult/440/9162/15-1.jpeg

Ю.Фалат. "Аўтапартрэт". 1903 г.

Нечакана з глыбіні лесу пачуліся гукі труб і стрэлы, якія былі прызначаны для спалоху мядзведзя. На пазіцыі ўсталявалася цішыня чакання. Раптам справа, з пазіцыі князя Мацея, грыміць стрэл. Потым загукала паляўнічая труба: “Мядзведзь!”, — што азначала канец паляўніцтва. На твары прускага прынца — прыкметнае здзіўленне, да якога, відаць, далучаецца і пан Абламовіч — распарадчык паляўніцтва. Паколькі сігнал паўтараецца, мы пакідаем пазіцыі і накіроўваемся туды, дзе ляжыць забіты мядзведзь. Па дарозе хачу сёе-тое даведацца ў князя Мацея. Ён, злёгку прыцішыўшы крок, прызнае: “Зайграла радзівілаўская кроў, і я не вытрымаў…” Гэтым ён растлумачыў абсурднасць свайго стрэлу, якім пазбавіў прынца прыемнасці першым забіць мядзведзя. Разам з князем Антоніем і прынцам разглядваем забітае, па сутнасці, мядзведзяня. На шчасце, яно — невялічкае і несамавітае. Гэта дае магчымасць князю Мацею знайсці выйсце з сітуацыі і вымавіць: “Ваша Высокасть, маленькі мядзведзь — для мяне, а вялікі — для Вашай Высокасці”. Так знаходлівы князь нейкім чынам згладзіў сітуацыю, а ўсе прысутныя пачалі навыперадкі зніжаць каштоўнасць мядзведзя, маўляў, ён увогуле не варты ніякай увагі. На вачах прысутных твары гаспадара і прынца святлеюць, тым больш, што егер Дамінік абяцае некалькі вялізных, проста неверагодных мядзведзяў…”

Уявіце сабе: Фалат — без стрэльбы, толькі з альбомам ды алоўкамі. Канешне ж, тварыць на такім марозе не вельмі ўтульна, але мастаку не прывыкаць: ён ужо раней неаднойчы трапляў у падобныя пераплёты і ў Беларусі, і на Украіне, і ў Германіі. Справа ў тым, што нямецкі прынц прывык да таго, што на ўсіх паляваннях яму давалі магчымасць зрабіць галоўны стрэл. І якім жа было яго здзіўленне, як піша мастак, калі пасля таго, як у поле зроку паляўнічых трапіў мядзведзь, яго вокамгненна ўлажыў снайперскім стрэлам князь Мацей Радзівіл! Настрой высокага госця, як вы разумееце, мусіў быць сапсаваны, але Мацей сам выправіў гэтае далікатнае становішча. Ён развёў рукамі, сказаўшы, што такі сціплы ды несамавіты мядзведзь не заслугоўвае стрэлу Яго Высокасці, ды папрасіў паберагчы патроны для больш буйнога звера. І, сапраўды, на гэтым паляванні прынц Вільгельм здабыў двух буйных і аднаго невялічкага мядзведзяў, аднаго лася, а двух мядзведзянят потым павёз у Германію жывымі…

Гэта было, аднак, толькі пачаткам, першым днём палявання. А доўжылася яно амаль месяц, так што трафеі былі буйныя. Прынцу ўдалося зваліць яшчэ трох вялікіх мядзведзяў. А ўсяго ў выніку было забіта дзевятнаццаць старых мядзведзяў і чатыры маладыя. Хтосьці з сучаснікаў падлічыў, што гэта было апошняе паляванне, якое знакамітыя паляўнічыя арганізавалі з сапраўдным радзівілаўскім размахам…

/i/content/pi/cult/440/9162/15-4.jpeg

Ю.Фалат. "Возера Свіцязь". 1888 г.

Практычна ўвесь 1886 год Фалат правёў у Беларусі і яшчэ неаднойчы прымаў удзел у падобных паляўнічых “акцыях”. Вынікам такога баўлення часу для яго з’явілася вялікая серыя кампазіцый, напісаных пазней па натурных накідах алеем і акварэллю. Найбольш цікавыя з гэтых твораў — “Паляўніцтва”, “Шашні паляўнічага”, “Паляванне на мядзведзя”, “Сустрэча пана”, “Пагоня за мядзведзем”, “Вяртанне з мядзведзем”, “Запрашэнне на паляванне”…

Зразумела, што такое паляванне збірала вялікую колькасць егераў і сялян, якія залучаліся для загону звера. Мастак прасякнуўся павагай да гэтых людзей і стварыў шмат іхніх партрэтаў ды кампазіцый, дзе галоўным персанажам выступае менавіта беларускі селянін.

У акварэлі “На паляванне” адлюстравана вялікая група паляўнічых, якія сабраліся на ўзлеску перад выхадам на промысел. Барвовае сонца асвятляе твары і фігуры людзей. На снезе — доўгія блакітныя цені. Ва ўсім каларыстычным і пластычным рашэнні адчуваецца напружанае чаканне. Цудоўна паказаны беларускі пейзаж: стройныя хвоі стаяць роўнымі радамі, на іх ствалах адбіліся залацістыя прамяні сонца… Таксама таленавіта ды пераканаўча створана шматфігурная карціна “Прывал паляўнічых”: велізарны атрад паляўнічых на санях у лесе спыніўся на адпачынак. Злева гарыць вялікае вогнішча, а ў цэнтры і справа палатна — людзі ў жвавых позах…

А як цікава ў акварэлі “Засада” мастак перадаў псіхалагічны стан паляўнічых, якія прытаіліся ў засадзе ў чаканні звера! Яны стаяць па калена ў снезе з рагацінамі… Ці — работа “Са здабычай”: скрозь завіруху паляўнічыя з цяжкасцю цягнуць на плячах вялізнага мядзведзя. Злева, на першым плане, — чалавек з рагацінай. Ён ужо амаль знясілены, але мужна пракладвае шлях сваім таварышам. А якія выразныя тыпажы двух паляўнічых беларусаў у кампазіцыі “На мядзведзя”! Што і казаць, ахвота горш няволі…

У вопісе маёмасці замка Радзівілаў ад 6 кастрычніка 1939 года, што захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, сказана:
“…Асаблівае месца тут займае мастак Фалат, якому ў замку дазволена мець пакой, дзе размешчаны дваццаць яго твораў з адлюстраваннем сцэн палявання і тыпаў паляўнічых. Работы выкананы акварэллю, гуашшу і алоўкам. Шэраг гравюр, малюнкаў алоўкам, пяром, акварэлей і літаграфій зроблены з вялікім майстэрствам…”

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"