Забойства Пэна: яшчэ адна версія злачынства

№ 32 (1106) 10.08.2013 - 16.08.2013 г

...Слова — Раману Файнштэйну і ягонай сястры Яніне Цомік-Файнштэйн: “...1985 год: першыя, яшчэ нясмелыя, крокі гарбачоўскай “перабудовы”. Адна з яе праяў — дазвол на стварэнне грамадскіх аб’яднанняў па інтарэсах. Так, у красавіку гэтага года распачаў працу краязнаўчы клуб Віцебскай абласной бібліятэкі імя Леніна. <...> Сярод мерапрыемстваў 1987-га быў запланаваны вечар, прысвечаны памяці віцебскага мастака Ю.М. Пэна (1854 — 1937 гг.): у лютым спаўнялася 50 гадоў з дня яго смерці. Мы, як і многія іншыя віцябчане, гэтае мерапрыемства чакалі з асаблівай цікавасцю. Імя заснавальніка Віцебскай мастацкай школы і першага настаўніка Марка Шагала было добра знаёмае кожнаму патомнаму віцябчаніну, хаця ў пасляваенныя гады публічна пра яго неяк не згадвалася наогул. Стваралася ўражанне, што нехта спецыяльна спрабуе выкрасліць гэтага першакласнага партрэтыста з гісторыі беларускага мастацтва...

(Працяг. Пачатак у №№ 26, 28 — 31.)

У той дзень невялікая зала аддзела беларускай літаратуры была забіта наколькі магчыма, вельмі многія нават стаялі. <...> З расповедам пра творчасць Юрыя Міхайлавіча выступілі дацэнт Віцебскага медыцынскага інстытута Мая Мядзведзева і выкладчык педінстытута Аляксандр Лісаў. <...> Успамінамі пра свайго першага настаўніка падзяліўся вядомы віцебскі мастак Ісак Бароўскі (1921 — 1991 гг.).


У выступленнях некалькі разоў гаварылася пра тое, што загінуў мастак трагічна: быў забіты сякерай пры таямнічых абставінах ва ўласнай кватэры. Забойцамі Юрыя Міхайлавіча абвясцілі яго сваякоў. Аднак у выступленні І.Бароўскага і вядучага гэтага вечара Аркадзя Падліпскага выказваліся вялікія сумневы ў правільнасці афіцыйнай версіі. <...> Прыйшоўшы дадому, мы падзяліліся з бацькамі ўражаннямі аб пачутым у бібліятэцы. Калі зайшла гаворка пра забойства мастака, нашы бацька і маці спачатку недвухсэнсава пераглянуліся, а потым і прызналіся: мы, Файнштэйны, і ёсць тыя самыя сваякі мастака, якіх паўстагоддзя таму абвінавацілі ў забойстве Юрыя Міхайлавіча і асудзілі за яго. Гэтае паведамленне прагучала для нас як гром сярод яснага неба...”.

Успаміны, урывак з якіх прыведзены, заканчваюцца фразай: “Ніхто з Файнштэйнаў ніколі не прызнаваў сябе вінаватым у забойстве Ю.Пэна. Ніхто з іх да гэтага часу не рэабілітаваны”.

/i/content/pi/cult/440/9161/14-7.jpeg

Ю.Пэн. "За газетай".

Цяпер, калі дакладна вядома, што родныя мастака і на самой справе не вінаваты ў забойстве, ці не прыйшоў час хаця б пасмяротна рэабілітаваць нявінных людзей? З такой просьбай Праўленне Віцебскага краязнаўчага фонду імя А.Сапунова звярнулася ў Віцебскую абласную пракуратуру ў 2004 годзе. Вось які адказ быў атрыманы: “Ваш зварот, у якім Вы ставіце пытанне аб рэабілітацыі сваякоў мастака Ю.М. Пэна ў сувязі з іх незаконным асуджэннем у 1937 годзе за забойства апошняга, пракуратурай вобласці разгледжаны з вывучэннем матэрыялаў крымінальнай справы. Устаноўлена, што прысудам судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага Суда БССР ад 22.04.1937 года Файнштэйн Лея Гіршаўна, Файнштэйн Абрам Рувімавіч, Файнштэйн Неха Рувімаўна, Файнштэйн Рувім Залманавіч, Файнштэйн Залман Рувімавіч, Файнштэйн Рыва Рувімаўна прызнаны вінаватымі ў бандытызме. Вызначэннем судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага Суда СССР ад 16.10.1938 года прысуд Вярхоўнага Суда БССР зменены, дзеянні Файнштэйнаў Абрама і Нехі перакваліфікаваны на артыкул 247 (разбой) КК БССР, Леі, Рувіма, Залмана і Рывы на артыкул 25 (падбухторванне) артыкула 247 КК БССР, у астатняй частцы прысуд пакінуты без змяненняў. Вывучэннем матэрыялаў крымінальнай справы факт забойства асуджанымі Файнштэйнамі мастака Пэна Ю.М. пацверджаны (вылучана мной. — А.П.). У сувязі з тым, што апошнія асуджаны за здзяйсненне агульнакрымінальнага злачынства, парадак перагляду спраў і прыняцця рашэнняў устаноўлены Пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь ад 06.06.1991 года “Аб парадку рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій 20-х — 80-х гадоў" на іх не распаўсюджваецца. Пры такіх абставінах падстаў для апратэставання судовых рашэнняў, якія адбыліся па справе, не маецца”.

Дзіўна, але, ведаючы, якімі метадамі здабываліся гэтыя паказанні ў 1937 годзе, пракурорскія работнікі не бачаць ці проста не жадаюць бачыць, што “Справа Файнштэйнаў” шыта белымі ніткамі. Адзначу, у заключэнне адказу мяне інфармуюць, што “ў выпадку нязгоды з прынятым рашэннем Вы маеце права яго абскардзіць у вышэйстаячага пракурора”. Каюся: абскарджваць не стаў...

(Працяг будзе.)

Аркадзь ПАДЛІПСКІ

Віцебск