Дарогі гэтыя нам забыць нельга...

№ 1 (819) 05.01.2008 - 11.01.2008 г

Нядаўна народны мастак Беларусі Віктар Аляксандравіч Грамыка адзначыў свой 85-гадовы юбілей. За 50 гадоў творчай дзейнасці зроблена шмат што: ад вялікіх фігуратыўных карцін да эпічных і лірычных карцін-пейзажаў, ад партрэтаў да нацюрмортаў...

 /i/content/pi/cult/143/916/Gramyka1.jpg
Сярод іх шырока вядомыя палотны-эпасы “Ільны беларускія”, “Глыбелька — сэрца Блакітных азёр”, “Чырвоныя землі Полаччыны”, “Полымя лістападу”, “Над старымі акопамі цішыня”, “Песня аб маім атрадзе”, “Яблыкі.
Ураджай 1941 года”, “Балада аб ваеннай маладосці”, “1941 год. Над Прыпяццю”, “Салдаты”, “Жанчынам Вялікай Айчыннай прысвячаецца”, трыпціхі “Шляхі-дарогі”, “Элегія”, пейзажныя быліны “Любімай восені дарогі”, “Ціхі шолах мінуўшчыны”, “Восеньскія званы”, “Над ракой Бобр”, “І сняць бярозы вясну”, “Над возерам”, “Жнівень”...
Кожнае палатно В.Грамыкі “дыхае” сваёй асаблівай “колеравай” ідэяй. Вобраз прыроды, вобраз часу ўяўляецца і завершаным, і працяглым у часе. У большасці карцін апорныя моманты — магутны панарамны разварот прасторы, высокі гарызонт, акцэнт на пэўныя эмацыйныя ўдарныя інтанацыі, плаўная музычная колерарытміка і да т. п.
Яго, Грамыкі, мінулае, ягоная партызанская маладосць— не проста ўспаміны, гэта люстэрка ягоных сённяшніх думак, пачуццяў, перажыванняў. Гэта — жывая памяць, увасобленая ў жывапісе і... слове. Так, і ў слове. Віктар Аляксандравіч падрыхтаваў да друку мемуары “пра час і пра сябе”, і мы зможам прачытаць пра яго лёс — лёс мастака, грамадзяніна, грамадскага дзеяча, чалавека — пасля вайны і ў нашы дні (1-я частка ўспамінаў — кніга “Вясёлка над дарогай” — выйшла некалькі гадоў таму).
Творчасць Віктара Грамыкі — з’ява ў нацыянальнай культуры Беларусі, бо яна паўстае панарамай агульных пачуццяў, праўды гісторыі, праўды быцця. Гэта і ёсць сапраўдная народнасць народнага мастака краіны, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, партызана, выдатнага педагога, прафесара, ганаровага акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук, мудрага і інтэлігентнага чалавека, які ідзе па жыцці годна і прыгожа вось ужо 85 гадоў.
З Днём нараджэння Вас, дарагі Віктар Аляксандравіч!

Барыс КРЭПАК