Магчымасці тут вялікія. Па-першае, можна прапанаваць сяброўства неабмежаванай колькасці людзей і расказаць ім пра бібліятэку — гэта бясплатная і якасная рэклама. Па-другое, на сваёй старонцы можна змяшчаць навіны кнігавыдання, ствараць рэйтынгі самых цікавых (або нецікавых) кніг, распавядаць займальныя гісторыі з жыцця пісьменнікаў, ладзіць віртуальныя кніжныя выстаўкі, змяшчаць анатацыі ды спісы новых кніг, вывешваць аб’явы з запрашэннямі на мерапрыемствы... Па-трэцяе, весці дыялог са сваімі чытачамі…
Часцяком на старонках мінскіх дзіцячых бібліятэк з’яўляюцца і справаздачы аб праведзеных мерапрыемствах: некалькі сказаў ды фота. Наогул, дзейнасць бібліятэк у Інтэрнэце не застаецца па-за ўвагай падлеткаў ды іхніх бацькоў. Колькасць віртуальных сяброў стала расце, а з імі — і колькасць рэальных чытачоў.
Другі кірунак работы бібліятэк у сацсетках — гэта стасункі з калегамі з іншых гарадоў ды краін. Па ім актыўна працуе Дзіцячая бібліятэка № 8 г. Мінска. Так, пры дапамозе сацыяльнай сеткі бібліятэка арганізавала сумесную акцыю з Дзіцячай бібліятэкай № 8 г. Санкт-Пецярбурга па абмене паштоўкамі паміж чытачамі. У Мінску і Пецярбургу прайшлі мерапрыемствы са школьнікамі 3 — 5 класаў, дзе ім расказалі пра сусветны рух — посткросінг ды прапанавалі абмяняцца паштоўкамі са сваімі аднагодкамі з іншай краіны. Дзеці напісалі пра свае захапленні, любімыя кнігі, для зваротнай сувязі змясцілі хатнія адрасы. Потым бібліятэкары заказным лістом адправілі паштоўкі на адрас другой бібліятэкі —удзельніцы акцыі. Калі паштоўкі былі атрыманы, правялі другое мерапрыемства, пад час якога распавялі школьнікам пра Санкт-Пецярбург, паказалі фота дзяцей і раздалі атрыманыя паштоўкі. У Санкт-Пецярбургу зрабілі тое ж самае. Многія дзеці ўпершыню адпраўлялі і атрымлівалі папяровую паштоўку.
Акрамя бібліятэк, у сетцы свае старонкі актыўна размяшчаюць і пісьменнікі, часцей, на жаль, не нашы, а — расійскія. Бібліятэка на сваёй старонцы можа змясціць спасылку на старонку аўтара ці яго групу. А можа дамовіцца з творцам ды арганізаваць он-лайн-сустрэчу з ім, што і зрабіла Мінская дзіцячая бібліятэка № 8.
Чытачы бібліятэкі мелі магчымасць сустрэцца са знакамітай расійскай дзіцячай пісьменніцай Кацяй Мацюшкінай. На он-лайн-сустрэчу пісьменніца прыйшла не адна, а са сваім кніжным героем — Катом да Вінчы. Яна распавяла пра свае кнігі, а потым прапанавала дзецям задаваць ёй пытанні. Калі сустрэча скончылася і адключылі вэб-камеру, дзеці кінуліся да стэлажа, дзе стаялі кнігі Мацюшкінай. На жаль, іх было няшмат (разабралі чытачы).
Апошнім часам папулярнасць набылі міжнародныя акцыі. Праз сацыяльныя сеткі бібліятэкі розных краін (часцей за ўсё Беларусі, Расіі, Украіны) дамаўляюцца аб правядзенні чытанняў твораў, прысвечаных пэўным падзеям. У адзін і той жа час у больш як сотні бібліятэк праходзяць аднолькавыя мерапрыемствы, фотаздымкі з якіх потым размяшчаюцца ў сетцы...
Марына Петрашкевіч, бібліятэкар Дзіцячай бібліятэкі № 8
Мінск