Наш семінар на сібірскім фэсце

№ 32 (1106) 10.08.2013 - 16.08.2013 г

Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы ў ліпені заключыў Пагадненне аб культурным супрацоўніцтве з Новасібірскім цэнтрам беларускай культуры. Наогул, супрацоўніцтва Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра і Новасібірскага цэнтра беларускай культуры доўжыцца больш за дзесяць гадоў.

МАГІЛЁЎШЧЫНА

У ліпені ў рамках Пагаднення Новасібірскі цэнтр беларускай культуры і некамерцыйны фонд “Цэнтр народнай рамесніцкай культуры” запрасілі спецыяліста Магілёўскага АМЦНТ, народнага майстра Наталлю Дамянікаву правесці семінар і майстар-клас па аб’ёмным пляценні з саломкі. Семінар ладзіўся ў рамках ІІ Міжрэгіянальнага свята лёну, што праходзіла 17 — 21 ліпеня ў раённым пасёлку Масляніна Новасібірскай вобласці. Таксама ў тамтэйшай мастацкай школе экспанаваліся вырабы вядучай майстрыхі Магілёўшчыны па саломкапляценні.

Пад час двухдзённага семінара Наталля Дамянікава азнаёміла з асновамі свайго мастацтва ўдзельнікаў — каля двух дзясяткаў спецыялістаў устаноў культуры і адукацыі. Спачатку была тэорыя: звесткі пра тое, як вырошчваць, нарыхтоўваць, захоўваць ды апрацоўваць саломку, а таксама падрабязны расповед пра традыцыі беларускага саломкапляцення. Потым надышла чарга практыкі: пад кіраўніцтвам майстра ўдзельнікі навучыліся асноўным прыёмам аб’ёмнага пляцення, а таксама вырабілі па некалькі саламяных сувеніраў (ляльку, анёла, сардэчка і інш.). Улічваючы, што большасць удзельнікаў упершыню спрабавала зрабіць з саломкі мастацкі выраб, гэта быў значны поспех.

Дадамо, што напрыканцы мінулага года майстры Магілёўскай вобласці экспанавалі свае гліняныя вырабы на VIII Міжнародным фестывалі сібірскай керамікі ў Новасібірску і былі ўганараваны дыпломамі ўдзельнікаў. Малады кераміст, метадыст нашага Цэнтра Аляксей Сапажкоў удзельнічаў у рабоце журы фестывалю, даваў майстар-клас па дробнай пластыцы. Па завяршэнні выстаўкі творы беларускіх майстроў былі перададзены ў дар Новасібірскаму цэнтру беларускай культуры. Таксама летась у гэтым горадзе праходзіў абласны семінар па беларускай народнай творчасці, арганізаваны мясцовым Цэнтрам беларускай культуры сумесна з Магілёўскім АМЦНТ. У ім прынялі ўдзел старшы выкладчык па класе цымбалаў Магілёўскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Аксана Кузняцова і выкладчык харэаграфічных дысцыплін школы-каледжа мастацтваў, балетмайстар народнага ансамбля танца фольк-шоу балета “Альянс” Аляксей Лукашэвіч. А потым яны дэманстравалі сваё майстэрства на Першым Адкрытым фестывалі цымбалістаў і бандурыстаў у Сібіры.

У сваю чаргу, прадстаўнікі Новасібірскага цэнтра беларускай культуры, творчыя калектывы наведваюць Магілёўшчыну ў рамках розных мерапрыемстваў. Напрыклад, сёлета у Міжнародным фестывалі дзіцячай творчасці “Залатая пчолка” ў г. Клімавічы прымалі ўдзел ансамбль народнай песні “Каласок” Творчага аб’яднання “Тэатр народнай песні” Новасібірскага цэнтра беларускай культуры і яго юныя салісты, а таксама дзіцячы ансамбль народнай песні і танца “Даровіца” з Новасібірскай вобласці.

Плённае культурнае супрацоўніцтва паміж Магілёўшчынай і Новасібірскай вобласцю стала магчымым у многім дзякуючы дырэктару Новасібірскага цэнтра беларускай культуры Ніне Васільеўне Кабанавай. Яна — наша зямлячка, нарадзілася ў вёсцы Лазаравічы Быхаўскага раёна Магілёўшчыны. Пераехаўшы ў 1977 годзе ў Новасібірск, Ніна Васільеўна не забылася на свае карані і актыўна прапагандуе беларускую культуру ў Сібіры. У 2000-м узначаліла заснаваны ў Новасібірску Цэнтр беларускай культуры і з таго часу з’яўляецца нязменным яго кіраўніком.

Ніна Кабанава любіць наведваць сваю радзіму, пашырае культурнае супрацоўніцтва з беларускімі ўстановамі. “Мне падаецца жыццёва неабходным захоўваць беларускую культуру нават у далёкай Сібіры, — пераканана Ніна Васільеўна. — І асабліва важна перадаваць яе дзецям, прывіваць гэтыя каштоўнасці маладому пакаленню этнічных беларусаў. Трэба, каб дзеці чулі беларускую мову, наведвалі зямлю сваіх продкаў, дыхалі беларускім паветрам: гэта дапаможа ім ведаць і любіць сваю культуру, быць часткай беларускага народа”.

Зазначым, што Магілёўскі абласны метадычны цэнтр напрыканцы мінулага года заключыў Пагадненне аб супрацоўніцтве з Навукова-метадычным Цэнтрам па культуразнаўстве Міністэрства культуры і турызму Азербайджанскай Рэспублікі, а ў гэтым маі — з Цэнтрам народнай культуры Літвы.

Вольга СЕМЧАНКА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы