А гібеюць не толькі вёскі...

№ 32 (1106) 10.08.2013 - 16.08.2013 г

Калі дзейнасць сельскага клуба мала каго цікавіць...

Акцыя “К”: журналісцкі аўтапрабег па СДК і не толькі

Неяк так атрымалася, што менавіта на прыкладзе Віцебшчыны мы пераканаліся: дэмаграфічная праблема для Беларусі — адна з самых надзённых. Ведалі пра гэта і да нашага аўтапрабегу. Скажам, даваеннае насельніцтва Дуброўна дасягала ці не сарака тысяч чалавек — цяпер жа тут жыве толькі дзесяць... Аднак працяг вандроўкі па Ушацкім раёне пераканаў: праз знікненне жыхароў гібеюць не толькі “бясстатусныя” вёскі, але нават і асобныя аграгарадкі. Натуральна, усё гэта не можа не адбіцца на стабільнасці працы ўстаноў культуры. Інакш кажучы, брэнды ёсць (адны азёры чаго вартыя!) — ды толькі прыросту насельніцтва не стае...

/i/content/pi/cult/440/9153/11-2.jpeg

Чытач Улаўскай бібліятэкі.

Што рабіць Вяркудам?

Дарога віецца сярод такога хараства, што аж дух займае! Зеляніна дрэў, блакіт азёраў — усё пераліваецца і зіхаціць пад сонечным ліпеньскім небам… Словам, у такіх вандроўках без лірычных адступленняў — ніяк не абысціся. Але спачатку — дзелавая канстатацыя поруч з журналісцкім аналізам.

Вяркуды — даволі звычайная беларуская вёска. І, відаць, не толькі для Ушаччыны. Каб не зграбны гмах СДК, паяднаны з прадуктовай крамай, можна было б і міма праскочыць праз бясконцыя палеткі. Натуральна, не праскочылі. На гадзінніку — 10.55, праехалі мы 275 кіламетраў. А жыхароў у паселішчы — 240... У 2009 годзе Вяркуды сталі аграгарадком. А паколькі клубік тут быў занядбаны, драўляны, вырашылі збудаваць новы, дзе месца знайшлося б і для бібліятэкі. Збудавалі, выкарыстаўшы пры гэтым немалую па тым часе суму грошай. Як распавядае кіраўнік СДК Ірына Краснова, мясцовая сельскагаспадарчая арганізацыя па тым часе была адносна моцнай. Аграгарадоцкі статус, як усе чакалі, павінен быў надаць мясцоваму вытворча-сацыяльнаму кангламерату дадатковы імпульс для далейшага развіцця. Аднак не: штосьці не заладзілася ў няпростым механізме вясковага адраджэння. Мясцовая сельская гаспадарка, кажа Ірына Краснова, нечакана абанкруцілася, а мясцовая малочна-таварная ферма будзе перанесена, як быццам, у суседнюю Дуброўку...

Справы, шчыра скажам, несуцяшальныя. А паколькі творчасць у нашым жыцці заўжды ўзаемазвязана з вытворчасцю, дык і дзейнасць СДК, па словах яго кіраўніка, цяпер мала каго цікавіць. Правялі, да прыкладу, не надта масавае Купалле, зарабілі на ім толькі 300 тысяч рублёў (увесь сённяшні пазабюджэт, па словах Ірыны Красновай). А на дыскатэку лічаныя маладыя людзі так і не прыйшлі: ну няма іх у аграгарадку! Гадавы ж план па аказанні платных паслуг — 11 мільёнаў рублёў. Як лічыць кіраўнік СДК, такі план — невыканальны…

/i/content/pi/cult/440/9153/11-4.jpeg

Маёнтак у Бачэйкаве, дзе так і не выраслі грыбы.

Паказчык жыццяздольнасці любога паселішча — колькасць вучняў у мясцовай школе. Дык вось, у Вяркудаўскай школе-садку — 48 вучняў, ёсць класы, дзе навучаецца па два, тры чалавекі. Але гэта — асноўнае ядро клубных гурткоўцаў. Асноўнае ядро неплацежаздольных слухачоў, гледачоў, чытачоў...

У зоне абслугоўвання Вяркудаўскага СДК — 16 вёсак. Падтрымку Вяркудам тут аказвае ўжо добра знаёмы нам дырэктар аўтаклуба з Ушачаў Пётр Алексяёнак. Ён — не толькі калега, але і вучань Ірыны Красновай. Вось разам яны і працуюць на будучыню раёна. Але якой тая будучыня будзе для аграгарадка “Вяркуды” — невядома…

А вакол — 21 возера

Па дарозе з Вяркудаў на Дуброўку сустрэлі яшчэ адно возера, спрэс зарослае па берагах баршчавіком. Як потым высветлілася, для Віцебшчыны гэтая расліна — кшталту стыхійнага бедства.

А вось і Дуброўка. Час — 12.30. Мы праехалі 288 кіламетраў. У паселішчы — 262 жыхары. У дырэктара сельскага клуба Іны Паўловіч спачатку высвятляем, колькі дзяцей навучаецца ў мясцовай школцы. Аказваецца, 36 чалавек. Моладзь практычна адсутнічае. Далей Іна Генадзьеўна распавядае пра тое, што Дуброўка — не аграгарадок. Так, ферма будуецца, але міграцыя даярак і механізатараў — страшэнная. Не паспее Іна Паўловіч прызвычаіцца да новых дзяцей-гурткоўцаў, як яны знікаюць, бо бацькі разам з сем’ямі ў пошуках лепшай долі з’язджаюць у іншыя паселішчы. Так што ў вёсцы — шмат пустых хат, нават службовых, што выдаткоўвае СВК “Дуброўка”...

Ёсць гурток аздараўленчай гімнастыкі для сталых людзей, аднак у летні час ён не дзейнічае: па словах клубніцы, усё насельніцтва цягам дня завіхаецца ва ўласных гародах ці збірае чарніцы на здачу. Быў фальклорны калектыў, але і ён распаўся, бо аж восем чалавек за год сышлі, з’ехалі. А план па аказанні платных паслуг павялічыўся апошнім часам больш чым удвая: летась складаў два мільёны рублёў, сёлета — больш за пяць мільёнаў. І як яго выконваць?

/i/content/pi/cult/440/9153/11-3.gif

Дырэктар Улаўскай бібліятэкі Галіна  Смалярова ў музейным куточку Хруцкага.

Цікавая сітуацыя: паколькі карэннага насельніцтва па згаданых прычынах у Дуброўцы амаль не засталося, дык і пра мясцовы традыцыйны фальклор гаворкі няма. У выніку змешвання аўтэнтыкі ці не з усіх куткоў Беларусі атрымліваецца часам унікальны сімбіёз, зараджэнне якога варта датаваць пачаткам масавага перасялення з-за чарнобыльскай кастастрофы...

Тым не менш, дырэктар клуба не апускае рук. І дзейнасць яе так ці інакш звязана з мясцовымі брэндамі: у ваколіцах — 21 возера, самае вялікае — Крывое (даўжынёй — больш за 20 кіламетраў). Вось яны ды вялікае жаданне захаваць вёску падштурхоўваюць Іну Генадзьеўну ладзіць на азёрных узбярэжжах самыя розныя святы: малака, беларускай лялькі, юшкі і вады... Неаспрэчна, Дуброўка выжывае і стараннямі дырэктара СК…

Усё больш пераконваюся, што асноўны вясковы брэнд — не вытанчаная старадаўняя брама, не векавы дуб, нават не прахалоднае возера, а чалавек, які адчувае адказнасць за лёс аднавяскоўцаў, клубаў, культуры, гістарычнай спадчыны. Калі такіх няма, вёска паступова, але непазбежна знікае. Але, дзякаваць богу, яны ёсць. Іх мо не так шмат, як хацелася б, але гэта менавіта яны нараджаюць ідэі, не даюць спакойна спаць начальству, абабіваюць парогі ў пошуках праўды. Яны — сціплыя, не ўмеюць выхваляцца, яны імкнуцца рабіць справу. Таму і не знікаюць рэшткі замкаў ды маёнткаў, а ў вёсках па-ранейшаму гучаць беларускія песні ды застаецца магутнай наша нацыянальная культура. І няхай будзе так.

Замчышча Улы, Хруцкі і аўтэнтыка

Бешанковіцкі раён сустрэў спёкай і цвёрдым перакананнем у тым, што вада ў калонках тут не такая смачная, як у суседніх раёнах Віцебшчыны... 14.00. 311 кіламетраў. Ула, як вядома, славіцца не толькі гарадзішчам, якое было адным з уплывовых цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага, але і тым, што тут нарадзіўся знакаміты жывапісец Іван Хруцкі. Цікава, як абыгрываюцца гэтыя не абы-якія брэнды ў мясцовай бібліятэцы?

Да пасляабедзеннага адкрыцця ўстановы застаецца некалькі хвілін. Бібліятэкар Галіна Смалярова з’яўляецца з пахвальнай дакладнасцю. (Яшчэ раз паўторымся: за ўсе дні гэтага нашага аўтапрабегу мы не сутыкнуліся з парушэннямі працоўнага графіка ўстаноў культуры.) У бібліятэцы — музейны куточак, прысвечаны Хруцкаму. Усё зроблена з густам і павагай да майстра пэндзля. Галіна Мікалаеўна кажа, што Ула нават вуліцу мае, якая носіць імя жывапісца. Вось толькі крыўдна, што часам сцвярджаюць, нібыта мастак нарадзіўся ў Лепельскім раёне. “Абсалютная непавага да роднай гісторыі! — пераконвае бібліятэкар. — Проста, Ула ўваходзіла калісьці ў Лепельскі павет…”

Гісторыю ў бібліятэцы паважаюць ды любяць. Максімальна поўныя звесткі тут сабраны і пра мясцовае замчышча. Аднак на актыўнасць чытачоў усе гэтыя выключна важныя акалічнасці ўжо не надта ўплываюць...

У мясцовым СДК мы пазнаёміліся з мастацкім кіраўніком ансамбля “Ульяначка” Наталляй Сцепанец. Калектыў у тую пятніцу рыхтаваўся да выступлення на заключных мерапрыемствах “Славянскага базару ў Віцебску”. Такі пашанотны абавязак прадастаўляецца “Ульяначцы” не ўпершыню.

Наталля паказала нам клубнае памяшканне. Як аказалася, пераўтворана яно з былой кінатэатральнай залы. Вокнаў няма, вентыляцыі — аніякай. А тут даводзіцца ладзіць не толькі канцэрты, але і дыскатэкі. Вытрымаць іх у летнюю спёку выпадае не кожнаму. Мо менавіта з гэтай прычыны на клубным інфармацыйным стэндзе ў цэнтры — пуста. Відаць, сорамна запрашаць туды, дзе некамфортна…

/i/content/pi/cult/440/9153/11-5.jpeg

Кіраўнік СДК у Бачэйкаве Тамара Ткачэнка апавядае пра ўстанову.

У Доме культуры — няўтульна, у бібліятэцы — мала месца… Дзесьці мы ўжо гэта бачылі. І неаднойчы. Думаецца, калі маецца патэнцыйная аўдыторыя, жаданне ў работнікаў сферы культуры, а таксама паразуменне з раённымі ўладамі, чаму ж не ладзіць разнастайныя, хай сабе вясковыя ці местачковыя, фестывалі на адкрытых пляцоўках, асабліва калі яны маюць гістарычны падтэкст? Тая ж Ула валодае ўнікальным турыстычным патэнцыялам: побач з паселішчам — старажытнае замчышча, размешчанае на сутоцы дзвюх рэк. Чым не фестывальная пляцоўка?

Як мы ў Бачэйкаве скарб шукалі ды не знайшлі

З пункта гледжання “брэндаўтрымання”, Бачэйкава — ці не галоўная вёска на Бешанковіччыне. І заслуга ў гэтым цалкам належыць колішнім уладальнікам мястэчка Цеханавецкім.

14.45. 339 кіламетраў. 900 жыхароў. Так, выміранне Бачэйкаву не пагражае. Вёскаўтваральнай тут з’яўляецца даволі моцнае меліярацыйнае прадпрыемства. Яго адміністрацыйнае памяшканне (шыкоўна адрамантаванае) месціцца ў адным будынку з СДК. А вось клубныя памяшканні (глядзельная зала ды маленькі кабінецік дырэктара) ніяк не выпадае назваць шыкоўнымі. Па-першае, плошчаў для гуртковых заняткаў няма. Па-другое, асфальтаваная дарожка да клуба ў такіх выбоінах, што дзяўчаты, спяшаючыся ўвечары на танцы, раз-пораз ламаюць тут шпількі. А як выконваць план па аказанні платных паслуг? А ніяк, калі не рухацца і не падштурхоўваць заможных меліяратараў да сацыяльнага партнёрства...

Праблемы — вядомыя “К”. Колькі гадоў таму мы запыталіся ў кіраўніцтва: а чаму для гуртковай дзейнасці не выкарыстоўваецца дом лоўчага (адна з будынін сядзібнага комплексу Цеханавецкіх, што вельмі няблага захавалася і па сёння)? Чаму для тэатралізацый не выкарыстоўваецца шыкоўны старасвецкі дубовы гай? І менавіта тады, некалькі гадоў таму, прапанавалі кіраўніцтву СДК распрацаваць адмысловы творчы праект, звязаны са шматлікімі паданнямі пра скарб, закапаны ў адмысловым прысядзібным парку, таксама брэндавым па “пароднасці” дрэў. Сапраўды, акцыя магла б атрымацца цікавай для падлеткаў. Уявіце: “старая” карта з зашыфраваным гістарычным маршрутам да запаветнай скарбніцы ды шматлікія прыгоды, звязаныя з яе пошукамі!.. І ўсё — пад наглядам клубных работнікаў. Пад час такіх гульняў, як правіла, дзеці з ахвотай вывучаюць гісторыю роднага краю, знаёмяцца з лёсамі знакамітых землякоў, выпрацоўваюць навыкі археолагаў... Урэшце — дзейнічаюць не пад прымусам, а таму, што ім проста цікава. А ці шмат у нас такіх цікавых мерапрыемстваў?..

Але кіраўніцтва СДК за гэтыя гады змянілася, а сітуацыя — не: неаднаразова агучаныя праблемы па-ранейшаму замінаюць у працы. Цяпер клубнай установай кіруе Тамара Ткачэнка. Яна пагаджаецца: сапраўды, немагчыма разгарнуцца ў клубнай установе, якую складае, па сутнасці, адна глядзельная зала. Між тым, дом лоўчага пустуе зноў. Аказваецца, не абы-якую ў гістарычным плане будыніну спрабаваў выкупіць нейкі камерсант для таго, каб вырошчваць там... грыбы. Вырошчвацца яны не захацелі, таму камерсант хуценька адмовіўся ад ідэі ўзбагаціцца за кошт загадкавых Цеханавецкіх.

/i/content/pi/cult/440/9153/11-1.gif
Пустая афіша Улы.

Мы запыталіся: а чаму ў справе павелічэння клубных плошчаў Бачэйкаву не дамагае аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бешанковіцкага райвыканкама? Уцямнага адказу ад кіраўніка СДК мы так і не пачулі.

Бібліятэкар Галіна Беразоўская ў размове з намі вельмі расхвалявалася. Тым не менш, здолела паказаць бібліятэчны куточак, прысвечаны Цеханавецкім, распавесці пра тонкую мастацкую натуру кожнага з паноў і пра тое, што мясцовы, так званы англійскі, парк быў у свае часы адзіным на Беларусі. Такім, па сутнасці, фрагментарна і застаўся. Ахвотных на яго паглядзець — заўжды шмат. Але экскурсій па былым панскім котлішчы ні бібліятэка, ні клуб не робяць. Сітуацыя — стандартная для нашых устаноў, размешчаных у брэндавых мясцінах. І мы ў гэтым пераконваліся цягам усіх камандзіровачных дзён…

Па ўнікальным краі бясконцых азёр мы праехалі ледзь не 400 кіламетраў, але не сустрэлі ніводнай аграсядзібы. Не пашанцавала? Не той маршрут выбралі? Ды, відаць, не. Выкупіць пустуючы дом — справа не танная. Вось расіянам гэта па кішэні. Таму на прыазёрных паркоўках легкавікі — спрэс з расійскімі нумарамі. Нічога не маем супраць, але, як прызнаўся адзін з замежных турыстаў, нашы местачковыя музеі з клубамі, як і беларуская культура ў цэлым, яго не надта цікавяць — накупацца б ды пазагараць уволю.

Што тут скажаш? Нам па-ранейшаму не стае рэкламы беларускіх вясковых брэндаў, бракуе ініцыятыўнасці ў справе максімальнага выкарыстання гэтых брэндаў для больш цікавай ды насычанай бібліятэчна-клубнай дзейнасці. Згадайце словы Наталлі Сцепанец з Улы пра тое, што замежнікі прагнуць пачуць ад нашых народных фальклорных калектываў не эстрадную стылізацыю, а менавіта аўтэнтыку. Іншая справа, што такіх самабытных “Ульяначак” у нас не надта шмат. Але хто замінае іх займець, стварыць у любым нашым паселішчы калі не адметнае свята, дык доўгатэрміновы творчы праект? Мо тады і вёскі перастануць гібець?..

Яўген РАГІН і Кастусь АНТАНОВІЧ, нашы спецыяльныя карэспандэнты

Мінск — Віцебская вобласць —

Магілёўская вобласць — Мінск

Фота аўтараў