Фота, якое стала карцінай

№ 32 (1106) 10.08.2013 - 16.08.2013 г

Чорна-белая праекцыя ў ХХ стагоддзе

У Музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” — “Выстаўка трох карцін”, дзе прадстаўлены работы члена Саюза мастакоў Расіі, аднаго з заснавальнікаў аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар!” з Санкт-Пецярбурга Івана Чарнякевіча — ураджэнца вёскі Плябанцы Пружанскага раёна. Работы, якія можна ўбачыць на выстаўцы, былі падораны музею аўтарам у дзень святкавання 580-годдзя Пружан.

/i/content/pi/cult/440/9152/9-1.jpeg

Іван Чарнякевіч — вядомы мастак, які працуе ў розных тэхніках: алейны жывапіс, роспіс тканін, габелен… Ён плённа піша і актыўна ўдзельнічае ў шматлікіх выстаўках у розных краінах свету. Сёння ягоныя работы знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Музея кнігадрукавання Францыска Скарыны ў Полацку, Беларускім культурным цэнтры г. Сідней (Аўстралія), Рускім культурным цэнтры г. Сеул (Карэя), Ваенна-касмічнай акадэміі імя Мажайскага (Санкт-Пецярбург), у прыватных зборах Расіі, Нідэрландаў, Францыі, Італіі, Швейцарыі, ЗША.

Тры творы, падораныя “Пружанскаму палацыку”, розныя па манеры, настроі і эмацыйным насычэнні. Карціна “Жанчыны Палесся. Фота пачатку ХХ ст.” — своеасаблівае адлюстраванне Беларусі з яе цяжкім лёсам, знясільваючай працай і, у той жа час, з адкрытымі чыстымі людзьмі, якія жывуць на зямлі, гадуюць дзяцей. Работа выканана ў чорна-белай гаме, як і фотаздымак сялянскай сям’і пачатку ХХ стагоддзя (з архіва Ісака Сербава), што ўразіў ды натхніў мастака на напісанне карціны.

Зусім інакш гучыць яшчэ адно палатно на беларускую тэму — “Песня”, дзе выявы людзей толькі намечаны з дапамогай розных геаметрычных форм. На карціне мастак выкарыстаў лаканічныя колеры: блакітны, шэры, белы. Дзякуючы стрыманым фарбам і простым, нават умоўным, формам напісання карціна падаецца гледачу празрыстай ды чыстай, як музыка, як гук беларускага слова. Адсутнасць дакладнасці ў выявах дазваляе зазірнуць у глыбіню, стаць часткай прасторы, якую адкрываюць мастацкія сродкі.

Буянне фарбаў, шырокі, нават крыху хаатычны, мазок, абсалютна свабоднае валоданне пэндзлем вызначаюць карціну “Сусвет”. Яна прываблівае гледача рознакаляровымі лініямі ды злучэннямі, дазваляе сачыць за дынамікай гэтых пераходаў і далучыцца да працэсаў стварэння, малюючы для кожнага індывідуальныя вобразы ды выявы. Мастацтвазнаўцы адзначаюць, што для карцін Івана Чарнякевіча характэрна лёгкасць экспрэсіўнай манеры і ўяўная нестараннасць пісьма. Аднак менавіта лёгкасць, з якой піша аўтар, сведчыць аб яго вялікім мастацкім вопыце і школе, адмове ад вучнёўскага акадэмізму, асаблівым стане душы, свабодзе думкі ды самавыяўленні.

Наталля ПРАКАПОВІЧ, галоўны захавальнік фондаў Музея-сядзібы “Пружанскі палацык”