“Парккультуры” з марывам успамінаў

№ 32 (1106) 10.08.2013 - 16.08.2013 г

“Парккультуры” — як прастора ўспамінаў, як таямнічае месца, як рака Ганг, з якой “выплываюць”, узнікаюць абліччы. Праект Таццяны Радзівілка, прэзентаваны ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў форме персанальнага каталога, стаўся своеасаблівым падарожжам аўтара па маршрутах асабістай і калектыўнай памяці.

Антрацытавы, бура-карычневы, бардовы, пажоўкла-жоўты… Жывапісец, графік і мастак-літаграфіст Таццяна Радзівілка для стварэння эмацыйнага прасторавага фона сваіх жывапісных работ выбірае колеры выцвілых фатаграфій, колеры старых сямейных фотаальбомаў, у якіх выява часам ператвараецца ў адно згадку, контур, пляму, марыва… Што робяць фігуры (твараў не разабраць), апранутыя, здаецца, па модзе сярэдзіны ХХ стагоддзя на гэтай старой карце памяці? Стаяць, купаюцца, шпацыруюць, гуляюць… Ды нічога сур’ёзнага! Аднак — дзіўная рэч! — гледзячы на іх неабавязковыя заняткі, мы чамусьці не можам утрымацца ад спакусы запусціць механізм уласных успамінаў, узнаўляючы фрагменты свайго дзяцінства ці малалецтва ды карэлюючы свой збянтэжаны позірк дзіцяці, падлетка з аўтарскім.

Памяць  — дзіўная рэч: здаецца, яна належыць толькі табе аднаму, аднак высвятляецца, што яе карані ахопліваюць усё тваё пакаленне, пакаленні тваіх бацькоў, дзядуль, краіну наогул... Таццяна Радзівілка, эксперыментуючы з традыцыйнымі медыя (яны ў ейным выпадку такімі і не выглядаюць), праз свае работы і выяўляе гэты наш агульны савецкі досвед: калі высветляецца, што глядач ведае пра гэты містычны “Парккультуры”, памятае тыя моманты, хоць, магчыма, яны з ім ніколі не здараліся…

/i/content/pi/cult/440/9151/8-2.jpeg

Т.Радзівілка. "Ігракі І".

Што можам мы ўбачыць за вытанчанай графічнай выявай каша з бутэлькамі малака, які трымае нейкая жанчына (“Рэфлексія IV”)? Ці за выявай дзіцячага веласіпеда, якім кіруе нейкі хлопчык (“Рэфлексія II”)? Ды не важна, хто і для чаго робіць тое, што робіць, — жанчына, хлопчык, мужчыны, якія п’юць напоі, дзіця… Мы факусіруем погляд на дэталі, прадмеце, які існаваў толькі ў тэрміне, прамежку пэўнай эпохі і які сышоў разам з ёю. Невыпадкова літаграфіі серыі “Рэфлексія” апрануты ў пампезныя рамы, якія нібыта падкрэсліваюць каштоўнасць прамінулых фрагментаў паўсядзёнага жыцця, зніклых рэчаў. Гэты кош з бутэлькамі малака, веласіпед састарэлай мадэлі, дзіцячая сукенка ў палоску  — пунктум, укол, лінк, які вядзе да нейкага агульнага ўспаміну, памяці, што належыць ужо не канкрэтнаму чалавеку, а цэламу калектыву, пакаленням, якія жылі “за савецкім часам”, ды нават проста ведаюць пра яго праз савецкія фільмы. Напэўна, справа менавіта ў гэтых здольнасцях памяці: захоўваць неабавязковыя карцінкі, нявыбудаваныя кадры, займальныя дробязі. Але кожная работа мастака спрацоўвае непасрэдна як адмысловы псіхалагічны тэст, адсылаючы рэцыпіента-гледача да цьмянага перажывання свайго назапашанага досведу. Падаецца, яшчэ трошкі — і можна будзе пачуць аўдыядарожку да ўласных успамінаў, якая таксама недзе “сядзіць” у нашай галаве.

/i/content/pi/cult/440/9151/8-3.jpeg

Т.Радзівілка. "Ігракі ІІІ".

Дакладна прайграваючы гэты механізм працы памяці праз эксперымент з мастацкімі тэхнікамі — напрыклад, у рабоце “Фунікулёр”, — увогуле, можна знайсці фрагмент дзіцячага малюнка. Таццяна Радзівілка ў сваім праекце здзейсніла, лічы, немагчымае: дазволіла калектыўным успамінам стаць персанальнымі ды наадварот. Яна зрабіла марыва агульнага ўспаміну “асабістым” — блізкім кожнаму, і, наадварот, дазволіла праз “цьмянае шкло” ўласных ненапісаных мемуараў убачыць контуры мінулай эпохі…

Дарэчы, цікава, што аўтар, узнаўляючы савецкае мінулае, звяртаецца да прасторы “Парккультуры” — месца, дзе час цячэ павольна, дзе людзі бавяць час, а не будуюць новы век. “Парккультуры” — як асаблівая геаметрыя перасоўванняў і рухаў, асаблівая пластыка пастаў... Магчыма, гэта найлепшая з настальгій па савецкім часе, калі дзень падаецца доўгім-доўгім, поўным новых абяцанняў ды адкрыццяў…

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"