Помста Уільяму “двойчы навыварат”

№ 32 (1106) 10.08.2013 - 16.08.2013 г

Глядзець ці не глядзець? — пытанне толькі ў гэтым?

18 ліпеня Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі закрыў сезон сваёй нядаўняй прэм’ерай — спектаклем “Бегчы з Эльсінора, або Гамлет навыварат”. Гэта і сапраўды тая пастаноўка, якая вымушае... бегчы: каб заняць лепшыя месцы ў зале — ці каб хутчэй тую залу пакінуць...

Не заўважыць новага “Гамлета” немагчыма. Мінаючы тэатр увечары перад пачаткам спектакля, нават з вокнаў аўтобуса вы абавязкова звернеце ўвагу на дзівака ў процівагазе з рупарам у руках, які ходзіць па прыступках, запрашаючы ўсіх на прэм’еру. Такі піяр-ход — яшчэ і своеасаблівы “тэст”. Асабіста я пускала б у залу толькі тых, хто ўсміхаецца ў адказ, а не аглядаецца ў пошуках міліцыянера. Дарэчы, калі б і знайшоўся нейкі надта апантаны вартавы парадку, дык ягонае памкненне прыцягнуць парушальніка спакою да адказнасці трэба было б расцэньваць як міжнародны скандал, бо пастаноўшчыкам спектакля з гэткай вулічнай уверцюрай выступіў малады ўкраінскі рэжысёр Сяргей Паўлюк. А эпатажную п’есу, дзе героі кідаюць выклік Шэкспіру, напісаў украінскі драматург Віктар Понізаў — загадчык літаратурнай часткі Нікалаеўскага акадэмічнага ўкраінскага тэатра драмы і музычнай камедыі. Так што цяперашняя прэм’ера, пры жаданні, можа быць з поўным правам трактавана як замежная экспансія на тэатр, які ўжо паводле назвы павінен купляць “сваё, беларускае”.

/i/content/pi/cult/440/9150/8-1.jpeg

Дарма думаць, што для нас цяперашняя прэм’ера — толькі першае знаёмства з постмадэрнісцкім перапісваннем “навыварат” вядомых сюжэтаў ды літаратурных твораў не толькі ў рэжысуры, але і ў самім драматургічным матэрыяле. Ды большасць п’ес Сяргея Кавалёва — менавіта такога кірунку! Але стаўленне да першакрыніц у іх больш ашчаднае, папраўдзе “памяркоўнае”. Прычым у асноўным тыя крыніцы вядомыя хіба спецыялістам. А тут — “Гамлет”! Калі хто і не чытаў, дык ведае хаця б пачатак маналога “Быць ці не быць?..”. Таму і “пераробкі” ўспрымаюцца больш кідка.

Але што цікава: у нашым спектаклі перароблены не адно “Гамлет”, але і сама п’еса Понізава, дзе героі ўзбунтаваліся супраць Шэкспіра. Аўтар разважаў пра наканаванасць лёсу, прадвызначанасць падзей, якія кіруюць людзьмі нават тады, калі тым здаецца, што яны робяць уласны выбар. А рэжысёр — пра асаблівасці насілля: дастаткова хаця б аднойчы выпусціць яго на волю, як яно пачынае расці ды расці. У п’есе героі быццам мяняліся месцамі — і тая перастаноўка складнікаў ніяк не ўплывала на выніковую суму. Клаўдзій атручвае Караля ці Гамлет забівае Клаўдзія — ніякай розніцы, бо Шэкспір, як мы даведваемся ў фінале п’есы, перапісаў сцэнарый, пакінуўшы нязменнай смерць усіх герояў. Ад гэтага фаталізму, замяшанага на містыцы, рэжысёр цалкам адмовіўся, зрабіўшы спектакль куды глыбейшым. Ён развіў, ледзь не да абсурду, закладзеныя ў персанажаў шэкспіраўскія характары, выявіў іх сапраўдную сутнасць — і прыйшоў да высновы, сугучнай роздумам Дастаеўскага: нельга рабіць дабро праз зло — насілле не можа быць апраўдана ніякімі высокімі мэтамі.

Працягваючы гэтыя думкі, Понізаў прыходзіць яшчэ да адной: дабро, як і ўсё іншае ў свеце, не можа быць татальным. Стаўшы на гэты шлях, яно становіцца злом. Пачуццё справядлівасці ў Гамлета абвострана настолькі, што перарастае ў помсту. І тое, што ён быццам бы незнарок забівае Клаўдзія, які не падпарадкаваўся агульнаму памкненню пайсці супраць Шэкспіра, зусім не выпадкова: спрацоўвае падсвядомасць. А тое, што Гамлет ужо свядома намагаецца схаваць злачынства, прыводзіць да цэлай чарады смерцяў. У адрозненне ад п’есы, ён сам і перарывае той смяротны ланцужок, пусціўшы сабе кулю ў скроню.

Усе гэтыя філасофскія выкладкі пададзены ў спектаклі на сучаснай тэатральнай мове, блізкай прасунутай моладзі. Не хвалюйцеся, з мовай літаратурнай усё ў парадку: стылізацыя пад Шэкспіра. А тое, як мілагучна, сакавіта, з густам Дзіяна Даражок, кіраўнік аддзела знешніх сувязей Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, перарабіла бляклы рускамоўны арыгінал на беларускамоўную “цукерачку”, заслугоўвае асаблівага прызнання. Мова ж тэатральная пабудавана не толькі на эпатажы, але і, спрэс, на багатых асацыятыўных шэрагах. Рэжысёр Сяргей Паўлюк, адказваючы адначасова за сцэнаграфію і падбор музыкі, стварае сапраўдны аўтарскі тэатр. Чаго вартая хаця б Смерць (гэтага персанажа ў п’есе няма) у абліччы Адэты з “Лебядзінага возера”! Ці горкай складзеныя процівагазы як намёк на карціну Васіля Верашчагіна “Апафеоз вайны” (не бяда, што некаторыя яе ведаюць хіба па колішнім рэкламным роліку). Мноства экранаў, відэатрансляцыі, творчае выкарыстанне магчымасцей святла, гуку і простых эфектаў накшталт дыму на сцэне стварае неверагодную сумесь рэаліці-шоу, фэнтазі, трылера, філасофскай драмы, эстраднага гала-канцэрта — спіс можна доўжыць да бясконцасці. Такое шматслойнае відовішча можна глядзець раз за разам, увесь час адкрываючы ўсё новыя дэталі.

А як працуюць артысты! Слабых акцёрскіх работ папросту няма, кожны — зорка, прычым усе раскрываюцца абсалютна з іншага боку, чым мы прызвычаіліся іх бачыць. Гэтак жа, як з іншага боку раскрываюцца і самі шэкспіраўскія характары, парушаючы ўсе стэрэатыпы. Тэмпарытм спектакля, пры ўсіх яго філасофстваваннях, ледзь не зашкальвае. Маўляў, вы хочаце кліпаў — іх ёсць у мяне. Дапамагае гэтаму і музычная “нарэзка”, вінегрэт у якой не толькі не парушае агульнай эстэтыкі, а яшчэ і садзейнічае эфекту “25-га кадра”. Усё гэта вымушае гледачоў, хочуць яны таго ці не, не толькі глядзець, а яшчэ і думаць. Самастойна. І, што важна, — без прымусаў у выглядзе плакатных лозунгаў. Усё акурат наадварот — па прыкладзе рэкламы, дзе вялікімі літарамі — “Глядзець!”. Ці нават: “Не глядзець!”, бо забарону так і хочацца парушыць. А знізу — маленькімі: “Думаць”. Калі на гэтую “прыманку” патрапіць не толькі “прыкормленая” да інтэлектуальнага тэатра публіка, але і тыя, хто думаць не прывык, а таксама тыя, хто выхаваны на непарушнасці класікі ды праславутага рэалізму, “улоў” абяцае быць асабліва багатым. Ці ж не пра гэта мы марым?..

На здымку: сцэна са спектакля.

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"