“Незабудкі” Чавушчыны як мясцовы эталон

№ 1 (819) 05.01.2008 - 11.01.2008 г

Чароўная прыгажосць і пяшчота гэтых кветак, трываласць, з якой яны трымаюцца свайго арэала, — нібы ўвасоблены ў іх вобраз беларускай жанчыны.

 /i/content/pi/cult/143/915/Nezabudki.jpg
Не так даўно ў
Чавускім раёне ладзілі ўрачыстую імпрэзу з нагоды надання наймення “народны” фальклорнаму гурту жанчын старэйшага пакалення “Незабудкі” з вёсцы Галавенчыцы. У 17-18 гадоў калісьці прыходзілі яны ў сельскі клуб, удзельнічаючы ў праграмах тыповага для 50-х, 60-х, 70-х гадоў мінулага стагоддзя клубнага рэпертуару. І разам з тым, больш нават па ўласнай ініцыятыве, захоўвалі старадаўнюю аўтэнтычную культуру сваёй вёскі. Калі дакладней, дык традыцыйныя спевы, танцы і народныя абрады былі і застаюцца для галавенчыцкіх жанчын натуральным жыццёвым асяродкам.
Ужо 50 гадоў існуе галавенчыцкі калектыў у якасці аўтэнтычнага гурта, хаця толькі ў апошнія гады шырокая грамадскасць па-сапраўднаму ацаніла унікальнасць жывога народнага мастацтва, носьбітам якога ён з’яўляецца. Былі і спробы змяніць калектыву назву. Ды гурткоўкі, для якіх слова “незабудкі” сімвалізуе не толькі кветкі, а і незабыўнасць, спрадвечнасць традыцыйнай культуры, адмаўляліся наадрэз.
На мерапрыемства па ўшанаванні аўтэнтычнага фальклорнага калектыву, якое праходзіла ў форме бенефісу, у Чавусы прыехалі і сталічныя спецыялісты — загадчыца лабараторыі традыцыйнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры Алена Боганева, старшы навуковы супрацоўнік Мікола Козенка, якія шмат даследавалі творчасць таленавітых галавенчыцкіх жанчын. М.Козенка быў і аўтарам сцэнарыя дакументальнага фільма “Святыя вечары на Каляды” пра традыцыйную культуру гэтай вёскі, які ў 1995 годзе зняла студыя “Летапіс” аб’яднання “Беларусьфільм”.
На Чавушчыне не дарэмна кажуць, што і простыя стасункі з гэтымі галавенчыцкімі кабетамі надаюць бадзёрасці, энтузіязму. Ці не бесперапынна яны то спяваюць, то сыплюць прымаўкамі, прыказкамі, байкамі, жартамі. Пры гэтым кожная з іх — яркая індывідуальнасць, у кожнай — свая роля ў калектыве. Прыкладам, Зоя Данілаўна Царанкова — старэйшына і “залаты голас”. Ужо на працягу 30 гадоў афіцыйна ўзначальвае гурт “Незабудкі” яе малодшая сястра Надзея Казлова. Калі Зоя Данілаўна асабліва вылучаецца веданнем песеннай спадчыны сваёй вёскі, дык Надзея Данілаўна — выдатная знаўца народнай прозы. У ліку іншага ведае шмат казак, якія разгорнута і па-майстэрску можа расказваць хвілін па 15 кожную. Валянціна Копелева — “настрой калектыву”, Валянціна Філіпчанка — “галавенчыцкае сапрана”: менавіта так яе называюць за прыгожы голас.
У сакавіку 2006 года галавенчыцкі аўтэнтычны гурт уразіў дасведчаную публіку падчас этнаграфічнага канцэрта ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, потым выступаў у інтэр’еры этнаграфічнай вёскі ХІХ стагоддзя ў Буйнічах пад Магілёвам, быў запрошаны і ў Шклоў — на Дзень беларускага пісьменства.
У чым жа асаблівасці і каштоўнасць мастацтва, якім валодаюць галавенчыцкія “Незабудкі” (безумоўна, вельмі адметны нават і ў маштабе ўсёй Беларусі аўтэнтычны калектыў)? Па-першае, ён вылучаецца шырынёй захавання разнастайных твораў як народнай прозы, так і музычнай, і харэаграфічнай мясцовай традыцыі. Па-другое, спадчына гэтая ва ўвасабленні творчага калектыву, аб якім ідзе гаворка, выразна адлюстроўвае мастацкія асаблівасці традыцыйнай культуры Галавенчыцаў і іх наваколля. Па-трэцяе, удзельніцы аўтэнтычнага гурта — яшчэ і выдатныя носьбіткі мясцовых звычаяў, абрадаў, наогул светаразумення.
— Аднойчы, — узгадвае Алена Боганева, — мы з навукоўцамі НАНБ, кандыдатамі навук Таццянай Валодзінай і Мікалаем Антропавым утраіх выправіліся наМагілёўшчыну, каб глыбей даследаваць традыцыйнае мастацтва пэўных мясцін. Былі мы на сваёй машыне і спадзяваліся за тыдзень праехаць некалькі раёнаў. Але прыехалі ў Галавенчыцы — і засталіся там на ўвесь гэты тыдзень. На тое, каб запісаць усё, што ведаюць гэтыя выдатныя носьбіткі аўтэнтыкі ў сферы адной толькі народнай прозы — усе іх казкі, легенды, паданні, былічкі, бывальшчыны, вусныя побытавыя расказы, легендарныя апавяданні, расказы пра цуды — не хапіла і тыдня.
Пазней супрацоўніца той жа лабараторыі БелДІПК Ірына Мазюк запісала ў Галавенчыцах больш за 60 мясцовых мелодый. Вельмі добра захаваліся тут традыцыйныя спевы каляндарна-абрадавага цыкла: калядныя, веснавыя, прыгожыя і разгорнутыя купальскія, шмат балад. Выконваюць у Галавенчыцах Пятроўскія абрадавыя песні, спяваюць і ўвесь сямейна-абрадавы цыкл.
Вядучы этнамузыколаг Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук, вядучы навуковы супрацоўнік БелДІПК, кандыдат мастацтвазнаўства Тамара Варфаламеева адзначае ў харавых спевах галавенчыцкіх кабет добры строй, прыгожыя галасы. Асаблівасцю ж іх харавых спеваў з’яўляецца тое, што верхні голас, ці падводка ў шматгалоссі, гучыць не так зычна, як у большасці аўтэнтычных калектываў.
Калі ў аналагічных спевах гуртоў з Гомельшчыны гэтае інтаніраванне іншым разам здаецца падобным ці не на крык, дык у галавенчыцкай манеры выканання верхні голас далікатны, нават пяшчотны. Таму і шматгалоссе тут, з аднаго боку, менш гучнае, з другога — усе галасы разам гучаць шчыльна, кампактна, прыгожа. Тая ж асаблівасць — і ў тутэйшай манеры гукання вясны, для якога характэрна не вельмі зычнае, пяшчотнае “гу-у-у”... Вось і атрымліваецца, што “Незабудкі” — трапная назва, якая адпавядае манеры выканання.Свае адметныя інтанацыі і ў традыцыйнай харэаграфіі галавенчыцкага гурта — характэрныя для гэтых мясцін пастава корпуса, рухі рук, пэўная энергетыка, свае асаблівасці ўласцівых беларускаму побытаваму танцу, адначасова дынамікі і ўнутранай стрыманасці.
У рэпертуары “Незабудак” багата карагодаў. Сярод іх такія зімовыя, як “Роза-белароза”, “Ляцелі дзве пцічкі”, “Хадзіў-гуляў парнішачка па дзявочаму кругу”, “Па беражку”, “Туліцца-туліцца”, у ліку іншага водзяць галавенчыцкія кабеты і шырока распаўсюджаны ўсходнеславянскі карагод “Проса”. Многа ў іх рэпертуары шматкаленных парна-гуртавых, сольна-гуртавых, парных традыцыйных танцаў. У тым ліку вельмі цікавая кадрыля “Люстэрка” на чатыры пары. Бытавала тут калісьці — гэты танец трэба яшчэ адрадзіць — і побытавая “Кадра”, якую выконвалі 6 танцуючых пар. Цікавыя такія мясцовыя танцы, як “Сем на сем”, “Шахцёр”. Танчыць галавенчыцкі гурт вядомыя “Лявоніху”, “Дасаду”, “Кракавяка”, “Барыню вясельную”.
Як жа захаваць галавенчыцкую мастацкую спадчыну і перадаць яе наступным пакаленням? Зацікаўленасць у гэтым выказваюць культработнікі Чавушчыны і кіраўніцтва райвыканкама. І вось да якой высновы тут прыйшлі: найбольш рэальныі хуткі шлях — прыняцце раённай праграмы “Традыцыйная культура і дзеці” — у рэчышчы аднайменнай рэспубліканскай праграмы, з улікам вопыту рэалізацыі такой праграмы ў Мінскай вобласці і ў некаторых раёнах. Як расказала дырэктар Чавускай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Вольга Трубачова, праект праграмы “Традыцыйная культура і дзеці” ўжо распрацаваны і перададзены ў райвыканкам. У праграме прадугледжана мэтанакіраваная праца па перадачы фальклорнага мастацтва галавенчыцкага гурта як вучням сярэдняй школы з вёскі Каменка, дзе праяўляюць вялікую цікавасць да галавенчыцкай спадчыны, так і вучням дзвюх другіх сярэдніх школ, якія знаходзяцца ў радыусе 2-3 кіламетраў ад Галавенчыцаў.
У Мінску ж у час, калі пісаўся гэты артыкул, актыўна вяліся апрацоўка і асэнсаванне сабраных у Чавускім раёне відэа-, аўдыё- і пісьмовых фальклорных матэрыялаў. Разам са спецыялістамі БелДІПК працавалі дырэктар Магілёўскага абласнога цэнтра народнай творчасці Алег Хмялькоў і спецыяліст гэтага цэнтра Алена Чарапнёва.
Вырашылі сумесна вылучаць рэпертуар і манеру выканання аўтэнтычнага галавенчыцкага калектыву на атрыманне статуса нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці Беларусі.

Наталля РУСАК
На здымку: удзельніцы “Незабудак”
разам з супрацоўнікамі БелДІПК
і чавускімі культработнікамі.
Фота Міколы КОЗЕНКІ