Вялікая беларуская сцяна перад "новай драмай"

№ 32 (1106) 10.08.2013 - 16.08.2013 г

Сённяшнія ўдзельнікі апытання “К” наконт прызнання (нават удакладнім: прызнання існавання) феномену беларускай “новай драмы” — Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Магілёўскі абласны драматычны тэатр і Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча (г. Бабруйск) у асобах іх творчых кіраўнікоў і мэнэджараў выявілі цікавую тэндэнцыю ў сваіх меркаваннях: “новая драма” — усяго толькі ўмоўны тэрмін, за якім — канкрэтныя п’есы канкрэтных аўтараў. А самога “хлопчыка”, атрымліваецца, не існуе.

Мікалай ПІНІГІН, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь:

/i/content/pi/cult/440/9149/7-1.jpeg

“У чым тая драма “новая”?”

— Я не ведаю, што такое “новая драма”. “Старая”, “новая”... Для мяне ёсць такія катэгорыі, як добрая ці дрэнная п’еса. Творы Чэхава ў свой час таксама з’яўляліся “новай драмай”, у параўнанні з п’есамі драматургаў іншых стагоддзяў. У наступным сезоне мы будзем ставіць п’есу Дзмітрыя Багаслаўскага “Ціхі шоргат сыходзячых крокаў”, у 2014 годзе — новы твор Юліі Чарняўскай “Сірожа”, але, выбачайце, я лічу за лепшае называць гэтыя творы добрай беларускай драматургіяй. А калі іх далучаюць да “новай драмы”, мне не зразумела: у чым тая драма — “новая”?

— У першую чаргу тым, што яна звяртаецца да актуальных праблем грамадства…

— А “Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча — на ваш погляд, гэта твор, які не цікавы сучаснаму гледачу? Ён не актуальны для сённяшнага часу?

— Гледзячы як паставіць. Бо на нашай тэатральнай сцэне ідуць пастаноўкі класікаў, што пазбаўлены той самай актуальнасці…

— Не бяруся судзіць. Каго ж далучаюць да аўтараў “новай драмы”?

— Таго ж Дзмітрыя Багаслаўскага, Канстанціна Сцешыка, Паўла Пражко…

— Ведаеце, я не займаюся маніфестамі. Я бяру п’есу, якую лічу актуальнай для цяперашняга моманту, — і стаўлю. Мне зараз 56 гадоў, і, да прыкладу, тыя праблемы, што ўзнімае ў сваіх п’есах Павел Пражко, мяне не чапляюць. Хоць, вядома, ягоныя творы я лічу драматургіяй. Аднак ненарматыўная лексіка не павінна гучаць з нацыянальнай сцэны. Увогуле, мат  — мяркую, рэч, не ўласцівая беларускамоўнай прасторы. Чаму ён абавязаны гучаць з падмосткаў Нацыянальнага тэатра? У студыі — так, гэткі эксперымент можа быць, але не ў галоўным тэатры краіны.

Ды ўвогуле, я не хачу трансляваць тое, што зыходзіць з яго твораў: нянавісць, пэўныя рэфлексіі да рэчаіснасці... Для мяне любоў — найважнейшая з катэгорый. Даруйце, але ванітаваць сваімі праблемамі, інакш і не скажаш,  — мне не цікава. Калі ў п’есе няма вось гэтай вертыкалі “Бог — Зямля” (падкрэслю, што выказваю сваё асабістае меркаванне), твор мяне не прываблівае.

— Аднак Багаслаўскага вы ставіце?

— Так, бо лічу яго твор вартым увасаблення на сцэне. Мне даўно не сустракалася п'еса такога ўзроўню. Я назаву яе цудоўнай.

— Павел Пражко выкарыстоўвае тую ж ненарматыўную лексіку як прыём. Увогуле, ён звяртаецца да таго, што адбываецца навокал, вымалёўваючы ў сваіх п’есах і лексіку, манеру гаварыць, якой карыстаюцца сучасныя людзі…

— Але ёсць людзі, якія карыстаюцца іншай лексікай, так? Гэта як тое ж пытанне мовы. Я разумею, што сёння рускую мову мы чуем у жыцці часцей за беларускую, аднак ёсць маладыя людзі, якія размаўляюць на беларускай мове, і за імі — будучыня.

У Купалаўскім тэатры пастановак па-руску ніколі не будзе, гэта нават не абмяркоўваецца. Як казаў Уладзімір Набокаў, “феномен вялікага пісьменніка — гэта феномен мовы”. Не ідэі. Маецца на ўвазе паэтыка пісьменніка, якасць гэтай мовы. І я цалкам падтрымліваю гэтую думку…


Андрэй НОВІКАЎ, дырэктар Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра:

/i/content/pi/cult/440/9149/7-2.jpeg

“Павінна быць здаровая канкурэнцыя”

— Гэтае пытанне трэба было б адрасаваць мастацкаму кіраўніку тэатра, але, на жаль, да гэтай пары ён не прызначаны. П’есы беларускіх драматургаў на нашай сцэне ідуць: тых жа Ткачова, Пражко, Чарняўскай, Кавалёва, Дударава... Але ці магу я назваць пэўныя з іх творамі “новай драмы”?.. На маю думку, існуе такое паняцце, як сучасная драматургія, а вось “новая драма”… У Расіі гэтая “хваля” даўно схлынула — і адбываецца звычайны працэс пастаноўкі добрых аўтараў, да якіх далучаюць і беларускіх драматургаў.

— Але ж менавіта расіяне акрэслілі гэты феномен беларускай “новай драмы”, вылучаючы адметнасць, пошук новай сцэнічнай мовы аўтарамі дадзеных п’ес…

— Пошук сучаснай тэатральнай мовы адбываецца і на нашым форуме “М.@rt.кантакт”: фестываль для гэтага і быў створаны — як пляцоўка для размовы пра тое, якім можа быць сучасны тэатр. Аднак, на мой погляд, праблема тут у іншым: у адсутнасці тэатральнай канкурэнцыі ў нашым асяродку.

Паглядзіце, у нашым горадзе — толькі адзін драматычны тэатр. Зусім нядаўна быў у польскім Любліне: ён па памеры — прыблізна як Магілёў, але ў горадзе — 15 тэатраў, і кожны прапаноўвае сваю мову, сваё разуменне сучаснага тэатра.

Сёння рэпертуарныя тэатры ператварыліся ў з’яву мас-культуры, бо ім трэба зарабляць грошы. Па сутнасці, тэатры ўжо выконваюць рэпрезентатыўную функцыю, бо трэба дагадзіць самым розным пластам насельніцтва: і сталаму гледачу, і сярэдняму пакаленню, і зрабіць пастаноўкі для дзяцей…

Калі б тэатральная прастора была пашырана і ў ёй віравалі розныя маленькія тэатры, студыі, лабараторыі,  то і адкрылася больш магчымасцей для пастановак п’ес сучасных драматургаў, і не важна, да якога руху яны належаць. Павінна быць здаровая тэатральная канкурэнцыя, каб у кожнай пастаноўкі была свая мэтавая аўдыторыя. Наш тэатр адкрыты для эксперыменту, але яго абавязкі рэпертуарнага тэатра, у той жа час, ніхто не адмяняў…


Максім СОХАР, галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча (Бабруйск):

/i/content/pi/cult/440/9149/7-3.jpeg

“Не лічу гэта з’явай”

— Такое паняцце, як “новая драма”, — для нас чужое. На маю думку, гэта не больш чым форма піяру. У свой час і Астроўскі, і Чэхаў, і Гогаль лічыліся аўтарамі “новай драмы”. Ёсць новыя аўтары ў драматургіі, якія альбо цікавыя, альбо не, — усё проста. У некалькіх расійскіх тэатрах рэжысёры ўпадабалі п’есы некалькіх сучасных беларускіх драматургаў — і яны іх паставілі. Вось і ўсё! Гэта заканамерны працэс з’яўлення новых аўтараў, але зусім не адметны жанр літаратуры. Я не лічу гэта з’явай.

— “Новая драма” ўсяго толькі імкнецца знайсці новую мову для апісання тых змен, якія адбываюцца з сённяшнім грамадствам. Не думаю, што аўтары ставяць сваёй задачай вынайсці пэўны новы жанр…

— У гэтым не бачу праблемы. Праз 150 — 200 гадоў з’явяцца новыя майстры, якія будуць шукаць новую мову, і, напэўна, творы Паўла Пражко пачнуць лічыцца класікай. Аднак акцёры, што выходзяць на сцэну, за сто гадоў ніяк не змяніліся. Не змяніўся глядач. Не змяніліся такія паняцці, як каханне, здрада, сяброўства, вернасць… Так, жыццё стала больш хуткім, з’явілася больш запазычаных з іншых моў слоў, сучасныя тэхналогіі, дэвайсы, аднак… Стасункі паміж людзьмі не змяніліся. І, на маю думку, аўтары “новай драмы” ўсяго толькі начыняюць прастору сваіх твораў новымі паняццямі, “украпінамі” сучаснасці, але нічога прынцыпова новага нам не паведамляюць.

На маю думку, усё проста: ёсць новыя цікавыя аўтары, а вось самой “новай драмы” не існуе.

— Хто-небудзь з гэтых новых цікавых аўтараў вас зацікавіў?

— Так, у нашым тэатры зараз ідуць рэпетыцыі пастаноўкі па п’есе Васіля Ткачова “Без Ягора будзе гора”. Вядуцца перамовы з Дзіянай Балыка, перакладаем твор Андрэя Карэліна… У нас на пастаяннай аснове адбываецца маніторынг беларускай драматургіі. Лічу, што калі п’еса цікавая, яна заўжды знойдзе і свайго рэжысёра, і свайго гледача.

— Увосень у вашым тэатры пройдзе чарговы Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя Дуніна-Марцінкевіча. Якую мэту вы ставіце яго правядзеннем?

— Так, сёння сучасную драматургію можна знайсці ў Інтэрнэце, але ў Сусветным павуцінні часам не цяжка і згубіцца, таму мы даём магчымасць маладым аўтарам прадставіць сябе, свае творы ў рамках фестывалю.

Вялікую працу ў прэзентацыі беларускіх аўтараў робіць Цэнтр сучаснай драматургіі і рэжысуры — нельга забывацца на яго актыўнасць. Новыя імёны з’яўляюцца, адбываецца нармальны працэс, і, паўтаруся, калі творы новых драматургаў — глыбокія, разумныя ды якасныя, то яны абавязкова знойдуць сваю сцэну. Аднак называць п’есы пэўных аўтараў “новай драмай” — гэта, мяркую, кітч…

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА, Юрыя ІВАНОВА і з архіва Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"