75 “з прыцэлам” на будучыню!

№ 32 (1106) 10.08.2013 - 16.08.2013 г

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народнага артыста СССР Ігара Лучанка з 75-годдзем. Пра гэта паведаміла Прэс-служба Кіраўніка дзяржавы. “Усё сваё жыццё Вы прысвяцілі нястомнаму служэнню мастацтву. Вашы творы, якія ўвабралі ў сябе найлепшыя рысы і традыцыі нацыянальнай музычнай культуры, уваходзяць у рэпертуар некалькіх пакаленняў выканаўцаў і з’яўляюцца сапраўднай візітнай карткай нашай краіны ў свеце”, — гаворыцца, у прыватнасці, у віншаванні. “Глыбокай павагі і прызнання заслугоўвае Ваша шматгадовая грамадская дзейнасць на пасадзе старшыні Беларускага саюза кампазітараў, вялікі асабісты ўклад у развіццё і папулярызацыю айчыннай музыкі”, — адзначыў Прэзідэнт.

У аўторак Ігару Лучанку споўнілася 75! Народны артыст Беларусі і СССР, нязменны, на працягу апошніх 33-х гадоў, старшыня Беларускага саюза кампазітараў… Для большасці з нас ён, найперш, — наша спадчына: не толькі аднайменная песня на купалаўскі верш, але і самая сапраўдная, найкаштоўная песенная класіка…

 

/i/content/pi/cult/440/9146/6-1.jpeg

Ігар Лучанок з бацькамі: мама — Аляксандра Герасімаўна, тата — Міхаіл Лукіч. 1968 г.

А між тым, не Лучанок абраў песню — яна сама абрала яго. Кансерваторыю ён заканчваў з недапісанай операй — на свае вочы бачыла яе клавір сярод архіўных нотных аркушаў Саюза кампазітараў. Піяністы і дасюль граюць ягоныя авангардныя па стылі прэлюдыі, струннікі — квартэт. Дый знакамітая “песняроўская” рок-опера “Гусляр”, некалькі гадоў таму адноўленая паралельна двума калектывамі — Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам імя І.Жыновіча і музыкантамі на чале з Андрэем Скарынкіным, — была спачатку дыпломнай работай у выглядзе акадэмічнай кантаты. Прычым некалькімі гадамі раней паводле таго ж самага купалаўскага “Кургана” на той жа самы выканальніцкі склад — салісты, хор і аркестр — напісаў сваю вакальна-сімфанічную паэму (таксама як дыплом!) іншы кампазітар, тады яшчэ студэнт па класе прафесара Анатоля Багатырова, у якога пазней заканчваў і Лучанок. Гэта ж якую творчую смеласць трэба было мець, каб адважыцца на такі “дубль”!

/i/content/pi/cult/440/9146/6-2.jpeg

Затое ў святкаванні юбілеяў ён надта цнатлівы-сарамлівы. Не толькі сам ніколі не ўзгадвае ды не выступае з ініцыятывай нейкіх святкаванняў, хаця б у выглядзе творчага вечара, а яшчэ і мае звычку “знікаць”: штогод на пачатку жніўня ці з’язджае куды-небудзь, каб “не дасталі”, ці проста “вырубае” ўсе тэлефоны, насамрэч сыходзячы ў “падполле”. Так і сёлета. Нават напярэдадні на ўсе прапановы “юбілейнага інтэрв’ю” толькі адмахваўся: маўляў, у лістападзе — снежні Беларускаму саюзу кампазітараў споўніцца 80 гадоў, да гэтай падзеі будзе прымеркаваны расцягнуты па часе цыкл канцэртаў — пра гэта і пішыце!

Фота Юрыя ІВАНОВА з архіва

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"