З наскоку ж не атрымаецца!

№ 32 (1106) 10.08.2013 - 16.08.2013 г

Палілог перад фестывалем: няўжо нашы тэатры пачалі адчуваць канкурэнцыю?

Увосень мінчан і гасцей сталіцы чакае ІІІ Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТэАРТ”. Каб падрыхтаваць да гэтай падзеі культурную грамадскасць, арганізатары распачалі серыю “круглых сталоў”, прысвечаных найбольш актуальным праблемам тэатральна-фестывальнага руху, і назвалі іх “Тэатральныя сустрэчы з “ТэАРТ”. У ліпені адны з вядучых крытыкаў Беларусі і Расіі — галоўны рэдактар часопіса “Мастацтва” Людміла Грамыка і эксперт “Залатой Маскі” Дзмітрый Рэнанскі — разам з дырэктарам форуму “ТэАРТ” Анжалікай Крашэўскай, мастацтвазнаўцам Аляксеем Стрэльнікавым, які выступіў мадэратарам праекта, і зацікаўленымі абмеркавалі тэатральны фестываль як феномен сучаснай культуры.


Нашто нам фестываль?

Са з’яўленнем “ТэАРТа” ўсё часцей сталі раздавацца і супрацьлеглыя думкі: маўляў, навошта нам усё гэта, калі ёсць сваё? І хаця пакуль такія меркаванні выказваюцца выключна ў кулуарах, зрабіць выгляд, што мы іх не чуем і не ведаем, было б памылкова. Тым больш, што гучаць яны не з боку гледачоў, а ў самім тэатральным асяродку. І гэта, у рэшце рэшт, першы доказ таго, што “ТэАРТ” — на правільным шляху, бо нашы тэатры пачалі адчуваць канкурэнцыю, хвалявацца за свайго гледача, які атрымае цяпер магчымасць параўноўваць — і часта не на карысць тых тэатраў, на сцэнах якіх ідуць фестывальныя паказы. У нас звычайна робяць інакш, свядома запрашаючы гасцей, на парадак слабейшых за нашых, каб негалоснае спаборніцтва нязменна атрымлівалася з вялізнай перавагай гаспадароў. Дык ці здольны фестываль, у такім выпадку, зрушыць гэтую сітуацыю? Ці ён можа толькі раздражніць апетыты ды спустошыць кішэні публікі, якая потым адмовіцца ад айчыннага тэатральнага фаст-фуда?

Як адзначыў Дзмітрый Рэнанскі, такое стаўленне да фестывальнага руху ўласціва ўсёй постсавецкай прасторы; у Расіі таксама не адразу і не ўсе пачалі ўспрымаць новыя тэндэнцыі. Але фестывалі фарміруюць і гледачоў, і самі кадры, найперш — рэжысёраў у іх прафесійным станаўленні.

Людміла Грамыка прывяла прыклады “Белай вежы” ў Брэсце і “M.@rt.кантакту” ў Магілёве: “Назіраючы за імі, можна адзначыць, што не толькі публіцы, але і самім тэатральным дзеячам гэтых гарадоў фестывалі даюць глыток свежага паветра, які не дазваляе заставацца на кансерватыўных пазіцыях. “ТэАРТ” з самага пачатку быў арыентаваны на перадавыя сусветныя знаходкі і змог пераадолець супраціўленне тэатральнай грамадскасці Беларусі. Калі спачатку, сутыкнуўшыся з новымі кірункамі, хтосьці парыраваў: маўляў, мы і самі з тымі ж другакурснікамі можам не горш, — дык цяпер ужо зразумела, што вось так адразу, з наскоку, — не атрымаецца.

Але што радуе больш за ўсё, дык гэта стаўленне публікі. Памятаю, як усе хваляваліся, ці ўспрыме яна таго ж Касцялучы, якога і ў прасунутай Еўропе прызнаюць далёка не ўсе. Пасля спектакля планавалася абмеркаванне, яго нават хацелі перанесці ў іншую залу, каб было ўтульней. Ажно не: публіка спектакль прыняла, на абмеркаванне засталася практычна ўся зала, прычым людзі задавалі адэкватныя пытанні, што здзівіла нават саміх стваральнікаў пастаноўкі, якія прывыклі да таго, што частка публікі выступае супраць. Адкрыццём для грамадскасці сталі і няпростыя для ўспрыняцця спектаклі Каршуноваса. Таму, калі я чую заклікі “Давайце любіць сваё!”, вельмі хочацца адказаць: мы свой тэатр ужо “залюбілі да смерці” — давайце глядзець, што адбываецца ў свеце! Без фестывальнага руху мы існуём у замкнёнай прасторы".

Фестываль, дадаў Рэнанскі, стварае сітуацыю дыялога культуры, праз які павінна адбывацца згуртаванне нацыі. Мы ж, са свайго боку, удакладнім: галоўнае, каб гэта не было “з’яднанне супраць агульнага ворага” — тых замежных пастановак, якія лепшыя за нашы.


Крытыкаваць ці фарміраваць?

Закранулі на “круглым стале” і пытанне суадносін фестываляў і крытыкаў. Не, размова не ішла пра тое, ці пускаць апошніх на фестываль (як ні дзіўна, але на некаторых форумах, здараецца, такія праблемы ўзнікаюць), — разглядаліся самі формы супрацоўніцтва крытыкаў з фестывалем.

А яны могуць быць, як адзначыла Людміла Грамыка, самымі рознымі. Гэта і стасункі з гасцямі, і ўдзел у абмеркаваннях, і публікацыі у СМІ. Але галоўная праблема тут у тым, што колькасць крытыкаў, здольных ацаніць спектаклі, зменшылася. Тэатральны працэс асвятляецца слаба. Замест сур’ёзнага аналізу з’яўляюцца анонсы, пераказы, фотарэпартажы. Такое становішча склалася яшчэ і таму, што тэатральная суполка, бывае, і сама не зацікаўлена ў прафесійным крытычным падыходзе: усе чакаюць адно ўхваленняў, рэкламы, каб тая паўплывала на продаж білетаў, і не больш.

Была абмеркавана роля крытыкаў у фарміраванні праграм. Узгадаем, што арганізацыйныя недасканаласці гэтага працэсу, якія перашкаджаюць тэатразнаўцам уздзейнічаць больш уплывова, неаднаразова ўзнімаліся і на “круглых сталах” па выніках Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Дзмітрый Рэнанскі прывёў прыклад расійскіх фестываляў, што не запрашаюць крытыкаў да адбору спектакляў, і гэта негатыўна адбіваецца на ўзроўні: “Крытыкі сталі мадэратарамі фестываляў не ад добрага жыцця — проста, яны зразумелі, што трэба браць усё ў свае рукі, каб высокім быў сам імідж фестываляў”. Такое супрацоўніцтва, дарэчы, ідзе на карысць абодвум бакам. Арганізатары ведаюць, што не дарма выдаткоўваюць грошы, што пры ўдзеле крытыкаў высокамастацкі вынік — забяспечаны.


Ад праблем нікуды не падзецца

Зразумела, што адной з галоўных праблем на ўсіх фестывалях становіцца фінансавы складнік. Калі форум абмежаваны ў грошах, дык не ўсё можа паказаць, што хацелася б. Другі не менш важкі бок, таксама звязаны з фінансамі, — гатоўнасць гледачоў набыць білеты, часта нятанныя. Нарэшце, трэцяя дэталь — фінансаванне фестывальных спектакляў саміх гаспадароў.

Дзмітрый Рэнанскі лічыць, што, у параўнанні з замежжам, у нас усё не так дрэнна, як здаецца: “Сітуацыя ў Еўропе — куды горшая, бо там знайсці грошы на новыя фестывальныя пастаноўкі насамрэч цяжэй. І рэжысёры дамаўляюцца адразу з некалькімі фестывалямі, тыя скідваюцца, і на гэтыя грошы ставіцца спектакль, які потым будзе катацца па азначаных форумах”.

Гэта пацвердзіла і Людміла Грамыка: “У Еўропе 80 працэнтаў на пастаноўку шукаюць самі, а максімум 20 — дае дзяржава. У нас жа — усё наадварот: галоўная падтрымка — дзяржаўная”.

Што ж да саміх фестываляў, дык у Расіі з імі таксама праблем хапае. Акрамя “Залатой Маскі”, скіраванай на расійскія пастаноўкі, у Маскве ёсць і Міжнародны тэатральны фестываль імя А.П. Чэхава, куды прывозілі ўсё лепшае, што было ў Еўропе. Ішоў апошні па тры месяцы. Але з часам ягоны фармат змяніўся: зараз ён доўжыцца максімум паўтара месяца, а галоўнае — скіраваны на самаакупнасць, таму ў ім пачалі пераважаць цыркавыя, харэаграфічныя прадстаўленні, разлічаныя на шырокую публіку. А што да фестывалю “NET”, які расшыфроўваецца як “Новы Еўрапейскі Тэатр”, дык усе жартуюць, што назва — няўдалая, бо грошай катастрафічна няма: маўляў, як карабель назавеш...

Што ж да публікі, дык, лічу, была б добрая афіша, а глядач падцягнецца, асабліва калі з ім працаваць, даказваючы, што спектакль неабходна ўбачыць абавязкова! У Расіі — іншая праблема: надта шмат усяго прывозіцца, і папраўдзе публіка, якой многа і за межамі сталіцы, літаральна не паспявае ўсё ахапіць. З Новасібірска да Масквы так хутка не даедзеш, а ў вас — можна даехаць на мінскі спектакль з любога абласнога цэнтра. Тое ж, што ў Польшчы: у Варшаву публіка едзе і з іншых гарадоў”.

Аляксей Стрэльнікаў заўважыў, што тэатральны турызм у нас не развіты. Тым не менш, ужо ёсць прыклады, калі спецыялісты едуць глядзець прэм’еру ў іншы горад. А ўлічваючы, што ў Еўропе тэндэнцыя пачала складацца толькі пасля Другой сусветнай вайны і сфарміравалася не так даўно, дык ёсць спадзеў, што і ў нас яна стане больш распаўсюджанай.


Дык зрабіце хоць што-небудзь!

Лозунгам тэатраў, на думку Дзмітрыя Рэнанскага, павінна стаць прыказка “Выратаванне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў". Ён прывёў прыклады таго, як рэжысёры ставілі спектаклі на кватэрах, на плошчах, не маючы датацый, арганізоўвалі тэатр са спектаклямі на арэндных пляцоўках, хаця ў Санкт-Пецярбургу, у адрозненне ад Масквы, знайсці сцэну практычна немагчыма: “Найперш — творчае выказванне, грошы — потым. Мяркую, іншага шляху няма”.

Людміла Грамыка ўзгадала, як віраваў тэатральны працэс у сярэдзіне 1990-х, калі адкрываліся студыі: “Сёння дзеячы сцэны ў большасці сваёй займаюць утрыманскую пазіцыю, разбурана рэжысёрская школа. Не дзіва, што дыскусіі зводзяцца ці да праблем фінансавання, ці да абмеркавання, колькі камедый можа прысутнічаць у рэпертуары, каб гэта не парушыла тэатр. Сітуацыя — складаная. З аднаго боку, раздаецца "вечны плач": нам не даюць, мы не іграем!.. З іншага ж, малыя сцэны ў многіх тэатрах бяздзейнічаюць. Нават Акадэмія мастацтваў. Так, там рамонт, але раней, яшчэ да яго пачатку, сцэна навучальнага тэатра часам пуставала”.


Беларусы мы, беларусы!

Нацыянальныя пастаноўкі, як высветлілася, хвалююць не толькі нас — на многіх замежных фэстах часта менавіта яны становяцца галоўным стрыжнем. У Германіі клапоцяцца пра нямецкамоўныя пастаноўкі, у Францыі — пра франкамоўныя. Такое ж становішча — і ў іншых еўрапейскіх краінах. Што да беларускай драматургіі, дык уражанне, што пра маладых творцаў, якія працуюць у нязвыклым яшчэ для нас кірунку “новай драмы”, дбаюць, найперш, нашы суседзі — Расія і Польшча. “Павел Пражко, — запэўніў Дзмітрый Рэнанскі, — той малады рускамоўны драматург, якога ставяць часцей за іншых. Між маскоўскімі тэатрамі ідзе ледзь не спаборніцтва, хто будзе яго ставіць, расійскія драматургі нават скардзяцца, што на іх забыліся. На рускамоўным фестывалі ў Польшчы чатыры спектаклі з дзясяткі былі паводле п’ес Пражко; ягонай творчасці ў фестывальным буклеце прысвяцілі 35 старонак з сотні... Мне расказвалі, як у Польшчы хтосьці зайшоў на сайт Купалаўскага тэатра, каб падлічыць, колькі ж ставяць Пражко на радзіме, і не мог паверыць вачам, не знайшоўшы нічога. А ёсць жа яшчэ Сцешак, Багаслаўскі. Пры гэтым у саміх п’есах — шмат беларускіх рэалій, не зразумелых замежнікам. Таму пастаноўкі атрымліваюць хіба агульнаэстэтычнае ўспрыняцце, не могуць быць рэалізаваны цалкам, з усёй сваёй глыбінёй. Вельмі важна, каб мастацтва паказвалася там, дзе яно ўзрасло. З беларускай жа драматургіяй атрымліваецца ўсё наадварот. А між тым, самае сучаснае, што сёння ёсць у беларускім тэатры, — гэта драматургія. І яе неабходна вярнуць на беларускую прастору”.

Як заўважыла Анжаліка Крашэўская, “перашкаджае стаўленне: пабудуйце дом, а мы падумаем, што там будзем рабіць. Масквічы, якія засвойваюць беларускую драматургію, пачынаюць самі”.

“На беларускія тэатры, — лічыць Аляксей Стрэльнікаў, — можа паўплываць хіба грамадская думка. Напісалі ў свой час, што Табакоў разгледзеў п’есу Курэйчыка — і ўсе ў нас пачалі таксама звяртацца да ягонай творчасці. Раннія творы Пражко былі пераймальнымі. Але іх не ставілі, і ён пачаў развівацца далей".

“Многія беларускія п’есы, — прадоўжыла Людміла Грамыка, — прыходзяць на Беларусь праз Маскву, — так было нават з Дударавым. Курэйчык жа сам сябе прасоўвае, робячы геніяльны піяр. А Масква заўсёды прагне новага, таму няма нічога дзіўнага ў тым, што нашых драматургаў адкрываюць там. У нас таксама пастаўлены некаторыя п’есы Пражко. Але як толькі тая ж Кацярына Аверкава сказала сваёй пастаноўкай “Не!” крыналінам, на “M.@rt.кантакце” ледзь не скандал разгарэўся, бо хтосьці сказаў: маўляў, які жах! Асабіста я вельмі прыдзірліва шукала ў п’есах Пражко нешта такое, з-за чаго іх ставіць было б нельга. І нічога, што трэба было б забараніць, не знайшла: там такога няма”.

А між тым, на самім “круглым стале”, нягледзячы на вялікае кола разгледжаных праблем, пытанняў не паменшала. Урэшце, падобныя сустрэчы маюць стаць традыцыяй не толькі на фэсце “ТэАРТ”, але і на ўсіх буйных форумах са статусам "міжнародны". Дый нацыянальным фестывалям дыскусіі не зашкодзілі б.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"