Не ўсё заканчваецца "інтэрмедыяй"

№ 32 (1106) 10.08.2013 - 16.08.2013 г

Калі тэатр пачынаецца з вешалкі, а працягваецца ў зале, дык завяршаецца — пэўна, ізноў вешалкай, па законах трохчасткавай формы? Буфет жа, пры такім раскладзе, становіцца “інтэрмедыяй“. Праўда, бываюць выпадкі, калі буфетам усё і заканчваецца, бо менавіта тут некаторыя гледачы праводзяць другую дзею спектакля.

/i/content/pi/cult/440/9143/44-51.JPG

Не, я не пра чыпсы ў глядзельнай зале (усё ж тэатраў яны датычацца менш, чым кінатэатраў). Я — пра пост-тэатральнае баўленне часу, пра той “працяг банкета“, які мог бы лагічна перанесціся ў тэатральнае кафэ і спалучыцца з абмеркаваннем толькі што ўбачанага. Ці — пра такія тэатральныя праекты, дзе спалучаліся б столікі і сцэна.

Многія памятаюць, што ў далёкія савецкія часы побач з нашым Вялікім тэатрам, на рагу вуліц М.Багдановіча і А.Пашкевіч, было кафэ “Тэатральнае“. Пасля спектакляў туды часцяком завітвалі артысты — і, адпаведна, іх прыхільнікі, што садзейнічала “змычцы“ тэатра з інтэлігенцыяй. Музыканты, мастакі, літаратары збіраліся ў так званым “Мутным воку“ — кавярні ў Доме мастацтваў, побач з Цэнтральным Домам афіцэраў (потым гэты будынак быў вернуты царкве). Менавіта тут разгортваліся самыя вострыя дыскусіі, наладжваліся творчыя кантакты — віравала мастацкае жыццё. Дый на тэлебачанні нас спакушалі “Шынком “13 крэслаў“,

Часы перабудовы і эканамічныя цяжкасці адвучылі інтэлігенцыю ад наведвання падобных “пажыўных месцаў“. Але памятаю, як яшчэ ў 1990-я,
калі Беларускі саюз кампазітараў змяшчаўся па старым адрасе — на плошчы Свабоды, — былі прапановы рэаніміраваць “Музычныя серады“ — паказы новай музыкі з далейшым абмеркаваннем — менавіта ў такім фармаце: за столікамі з кубачкам кавы. Ні ў якім разе не рэстаран, дзе музычная праграма — у дадатак да ежы, а ўсё наадварот! Сёння традыцыі вяртаюцца: пабываўшы ў замежжы, тая ж моладзь разумее, што кавярні прызначаны не толькі для вяселляў-юбілеяў. Але ж ці вяртаюцца ў кавярні тэатралы? І ці імкнуцца самі тэатры рушыць у бок “братання“ з буфетам?

Станоўчы прыклад сумесных імпрэз ёсць хіба ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы, пры якім існуе драм-рок-клуб — у бары “На тэатральнай“. У Мінску той жа "Гаспадар кавярні" П.Пражко паказваўся ў мінскім паб-клубе "Графіці". Няўжо ж больш нідзе няма такіх магчымасцей? Якраз наадварот. Аднойчы была сведкай таго, як гледачы, спазняючыся ў Тэатр беларускай драматургіі і адным махам адолеўшы прыступкі перад тэатрам, знянацку кінуліся ў дзверы... кавярні. Яно і не дзіва, бо кафэ месціцца пад дахам тэатра. А ў час спектакляў там адкрываюць унутраныя дзверы, каб гледачы маглі туды трапіць замест буфета. Дый само кафэ рэкламуе сябе як месца, дзе “вы можаце сустрэць любімых акцёраў“. Праўда, цэны там зусім не адпавядаюць акцёрскім заробкам. І ніякіх сумесных праектаў я не памятаю. Такія ж магчымасці — у Вялікім тэатры оперы і балета: акрамя некалькіх буфетаў у фае партэра ды бельэтажа, там ёсць і службовы ўваход, дзверы ў які адчыняюцца таксама з вуліцы.

Чаму б не выкарыстоўваць гэтыя магчымасці? У такіх кавярнях можна ладзіць прэзентацыю прэм’еры, абмеркаванне спектакля... Адна з ідэй, дарэчы, напалову рэалізавана — дастаткова ўзгадаць “Местачковае кабарэ“ М.Пінігіна ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Спектакль ідзе на сцэне, але ў глядзельнай зале так і хочацца замест радоў крэслаў паставіць столікі. Дадам, што менавіта такую рэарганізацыю залы задумаў і Вячаслаў Палунін, наглядзеўшыся замежных тэндэнцый і ўзначаліўшы ў Санкт-Пецярбургу цырк. З цыркам, мо і перабор, бо знішчаць дзеля гэтага арэну наўрад ці мэтазгодна. Але навошта рабіць выбар між апрабаваным традыцыйным — і чымсьці новым (а апошняе, як неаднойчы заўважана, з’яўляецца забытым старым)? Ці не лепш спалучыць?

Тым больш, што гледачы, не чакаючы рашэнняў, самі навучыліся “спалучаць“ тое, што ім трэба. У тым жа Вялікім тэатры часцяком бачыла гэткія “карпаратывы“, калі пасля першай дзеі дружная кампанія “перасяляецца“ ў буфет і застаецца там на ўсю другую дзею. Уцяміла магчымасці супрацоўніцтва і кіраўніцтва. Сталічны кінатэатр “Кастрычнік“, Новы драматычны тэатр ды іншыя ўстановы пачалі ладзіць акцыі: маўляў, прад’яўляеш білеты — атрымліваеш скідку ў бліжэйшай “ядальні“.

Але ж справа не толькі ў фінансах! У рэшце рэшт, гэткія “кавярна-музычна-тэатральныя“ прагляды-пасяджэнні маглі б мець самы розны кірунак — не толькі ўласна забаўляльны, але і асветніцкі, папулярызатарскі, нават крытычны. Бо ў такой форме можна праводзіць “эксклюзіўна закрытыя“ абмеркаванні ўбачанага — маўляў, толькі для наведвальнікаў і спектакля, і кавярні. Ладзіць іх трэба, вядома, з удзелам артыстаў, а магчыма, і з далейшай справаздачай на сайце тэатра, што прыцягне новую аўдыторыю. Калі так, дык з часам непрыкметна, без залішняга націску і маралізатарства, мы выхаваем і таго дасведчанага гледача, пра якога ўсе мараць.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"