“Па слядах Шагала ў Ізраілі”

№ 32 (1106) 10.08.2013 - 16.08.2013 г

Пад такой назвай 8 жніўня ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў Мінску адкрылася перасоўная выстаўка пры ўдзеле Ізраільскага культурнага цэнтра пры Пасольстве Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Іосіфа Шагала, прадстаўнікоў яўрэйскіх суполак Беларусі, акадэмічнай і творчай грамадскасці.

Марк Шагал наведваў Ізраіль восем разоў, пісаў свае ўражанні ад Тэль-Авіва, Іерусаліма, Цфата ды іншых мясцін Біблейскай зямлі. Тут ён стварыў вітражы ў сінагозе ў Іерусаліме, мазаікі і габелены для Кнесета, мноства эскізаў для работы над ілюстрацыямі да Бібліі.

У экспазіцыі прадстаўлены аўтарскія копіі (жыкле на палатне) работ Аб’яднання мастакоў Ізраіля: гэта своеасаблівы дыялог сучаснага ізраільскага мастака і Маэстра. Глядач пабачыць 30 твораў мастакоў розных мастацкіх школ і кірункаў. Сярод іх ёсць і тыя, хто нарадзіўся і вучыўся ў Беларусі: Л.Мінковіч, А.Жудро, Б.Караванаў, І.Хініч, Г.Няпомняшчы.

Кожны ўдзельнік выстаўкі перадае сваё ўспрыняцце духоўнай спадчыны М.Шагала і свой погляд на дзень сённяшні праз прызму часу.

А 9 жніўня ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адкрылася выстаўка “Пад знакам меноры. З гісторыі яўрэйства ў Беларусі”, прысвечаная 90-годдзю дзеючага Прэзідэнта Дзяржавы Ізраіль Шымона Перэса і 100-годдзю з дня нараджэння былога Прэм’ер-міністра Ізраіля Менахема Бегіна.

Менавіта зямля беларуская стала месцам, дзе нарадзіліся гэтыя вядомыя дзеячы. Фотаматэрыялы, прывезеныя з Ізраіля, пазнаёмяць з іх біяграфіямі, а арыгінальныя рэчы яўрэйскага побыту, рытуальныя прадметы з калекцый Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі і Музея гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі дапамогуць адчуць атмасферу яўрэйскага мястэчка першай трэці ХХ стагоддзя.

Экспазіцыя створана пры падтрымцы Пасольства Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь і Музея гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"