А трохтысячная "...Бяседа" — на дзесяць гадзін!

№ 32 (1106) 10.08.2013 - 16.08.2013 г

Культурны твітар: мы ў свеце

Германія

У культурным цэнтры раёна Хелерсдорф Берліна адбылася вечарына “Беларусь — зямля пад белымі крыламі”, арганізаваная Пасольствам Беларусі ў ФРГ сумесна з таварыствам “Берлінскае культурнае кола”. Асноўным пунктам праграмы стала выступленне дуэта ў складзе цымбаліста Міхаіла Лявончыка і гітарыста Яна Скрыгана. Сцэна і зала былі ўпрыгожаны габеленамі выдатных майстрых з секцыі мастацкага тэкстылю Беларускага саюза мастакоў. Удзельнікі мерапрыемства прагледзелі прэзентацыйны відэаролік “Беларусь: адзін дзень з жыцця” і мультыплікацыйны фільм Міхаіла Тумелі “Выцінанка-выразанка”.

8 жніўня ў Германска-Расійскім музеі “Берлін-Карлсхорст” (Музеі капітуляцыі) адбыліся мерапрыемствы, прымеркаваныя да 70-годдзя Хатынскай трагедыі.

Адкрылася выстаўка “Хатынь — святыня нацыянальнай памяці”, падрыхтаваная Дзяржаўным мемарыяльным комплексам “Хатынь” пры падтрымцы шэрагу архіўных устаноў Беларусі. Адбылася таксама панэльная дыскусія на тэму “Спаленыя вёскі: Хатынь 1943 — падзея і памяць пра яе ў Рэспубліцы Беларусь”, арганізаваная Пасольствам Беларусі ў ФРГ сумесна з музеем “Берлін-Карлсхорст”.

Дырэктар Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу “Хатынь” Артур Зельскі і нямецкі гісторык беларускага паходжання Алена Тэмпер пазнаёмілі аўдыторыю з гісторыяй Хатынскай трагедыі і Мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, адказалі на шматлікія пытанні па такіх тэмах, як культура памяці пра Вялікую Айчынную вайну ў сучаснай Беларусі, шляхі пашырэння ў Германіі інфармаванасці аб злачынствах, здзейсненых акупантамі на беларускай зямлі.

Польшча

3 жніўня ў гміне Міхалова Падляшскага ваяводства Польшчы адбыўся Трэці Фестываль беларускай культуры “Прымацкая бяседа”. Мерапрыемства было арганізавана Гарадской управай горада Міхалова, Гмінным цэнтрам культуры і Беларускім грамадска-культурным таварыствам у Польшчы пры падтрымцы з боку Пасольства Беларусі ў Польшчы і Міністэрства культуры нашай краіны. Традыцыйны ўдзел у мерапрыемстве ў Міхалове прыняла дэлегацыя з Ваўкавыска — горада-пабраціма з Беларусі, — на чале са старшынёй райвыканкама Міхаілам Сіцько.

 

/i/content/pi/cult/440/9140/2-10.jpeg

Удзельнікамі фестывалю сталі звыш 300 выканаўцаў з ліку прадстаўнікоў аматарскіх калектываў беларускай меншасці ў Польшчы. Свята, якое доўжылася каля дзесяці гадзін, сабрала амаль тры тысячы гледачоў. Хараство фестывалю надалі выступленні калектываў з Беларусі: Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”, ансамбля народнай музыкі “Бяседа”, ансамбля “Неруш” з БДУ, эстраднага вакальнага ансамбля “Раскоша” Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.

На здымку: ансамбль "Прымакі" пад час фестывалю "Прымацкая бяседа".

Фота Юрыя ЧАРНЯКЕВІЧА