“Анімаёўка-2013”: 170 стужак з 26 краін

№ 32 (1106) 10.08.2013 - 16.08.2013 г

Культурная сталіца Беларусі і СНД — горад Магілёў вырашыў сёлета не абмінуць увагай і свята анімацыі. З 16 па 18 верасня ў горадзе на Дняпры пройдзе XVI Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка”.

— На дадзены момант на ўдзел у фестывалі даслана больш за 160 стужак, — паведаміла карэспандэнту “К” начальнік аддзела метадычнай працы магілёўскага “Кінавідэапракату” Жанна Чэпялінская.  — Геаграфія ўдзельнікаў сур’ёзная: 26 краін. Прычым мы ўпершыню атрымалі заяўкі ад аніматараў з Малдовы, Таджыкістана, Кыргызстана, Кубы, Славакіі і Чылі…

/i/content/pi/cult/440/9139/2-8.jpeg

Папулярнасцю карыстаецца конкурс дзіцячай анімацыі “Я не чараўнік, я толькі вучуся…”, на які сёлета паступіла больш за 60 стужак з 7 краін. Калі ўлічыць, што дадзены конкурс ладзіцца на “Анімаёўцы” толькі ў трэці раз, то можна павіншаваць арганізатараў фэсту з удалым “ноу-хау”, які “набірае абароты” ўвагі.

— У спаборніцтве прыме ўдзел і мультфільм, зроблены дзецьмі нашай магілёўскай студыі, — нагадала Жанна Чэпялінская пра адкрытую сёлета пры гарадскім “Кінавідэапракаце” секцыю анімацыйнай творчасці.  — Такім чынам, для нас фаварыт, за якога мы будзем “хварэць”, ужо вызначаны…

Вядома, што новая студыя ў Магілёве зараз працуе на базе двух кінатэатраў — “Космас” і “Ветразь”, — і яе навучэнцамі з’яўляюцца больш за 30 чалавек.

Традыцыйна ў праграму форуму ўключаны і конкурс выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Цяпер колькасць работ, дасланых на яго, набліжаецца да 400.

Урачыстае адкрыццё “Анімаёўкі”, як заўжды, адбудзецца ў кінатэатры “Радзіма”, зазначае спецыяліст. Але папярэднічаць яму будзе тэатралізаванае шэсце па вуліцы Ленінскай, кульмінацыяй якога стане шпацыр па “чырвонай дарожцы” на Плошчы Зор гасцей і ўдзельнікаў форуму.

Дарэчы, сёлета адным з самых чаканых гасцей фестывалю стане Людміла Гнілава — савецкая і расійская актрыса тэатра, кіно і дубляжу, заслужаная артыстка РСФСР. Вядучай жа цырымоніі адкрыцця “Анімаёўкі-2013” будзе яшчэ адна актрыса з суседняй дзяржавы — заслужаная артыстка Расіі Аксана Сташэнка. Летась ейнае з’яўленне на магілёўскім фестывалі зрабіла сапраўдны фурор: дзеці літаральна “разрывалі” актрысу на аўтографы.

Склад журы фэсту пакуль захоўваецца ў таямніцы, але раскрыць яе арганізатары абяцаюць у самы бліжэйшы час, таксама як і распавесці пра колькасць тэматычных праграм фестывалю, што вызначыць напрыканцы месяца селекцыйная камісія.

— Пакуль мы дакладна можам казаць толькі аб праграме нашай студыі “Беларусьфільм”, якая абавязкова будзе прадстаўлена ў рамках “Анімаёўкі”, — трымае інтрыгу супрацоўнік “Кінавідэапракату”.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"