“Хаўз” для Тызенгаўза

№ 32 (1106) 10.08.2013 - 16.08.2013 г

12 — 15 верасня ў Гродне ўпершыню пройдзе Свята класічнай музыкі “TyzenHouse”. Фестываль праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а яго галоўным арганізатарам выступае Гродзенскі аблвыканкам.

Усе чатыры канцэрты пройдуць у зале Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра. Назва фестывалю іскрыцца гульнёй слоў і пры жаданні можа быць перакладзена як “Дом Тызенгаўза”. Праграма ж прывабіць нават самых спакушаных меламанаў, бо ўсе выканаўцы — сусветна вядомыя зоркі найвышэйшага рангу.

 

/i/content/pi/cult/440/9138/2-7.jpeg

Так, у вечар адкрыцця слухачоў чакае сустрэча са знакамітым піяністам Барысам Петрушанскім. Адзін з апошніх вучняў легендарнага Генрыха Нейгаўза, апошнім часам ён жыве і выкладае ў Італіі, працягваючы канцэртную дзейнасць па ўсім свеце. 14 верасня сольны канцэрт дасць прызнаны польскі піяніст Пётр Палечны, неаспрэчны (і вельмі нечаканы, папраўдзе “крэатыўны”) інтэрпрэтатар твораў Ф.Шапэна.

Яшчэ ў двух канцэртах месца за раялем зойме 25-гадовы беларускі музыкант Кірыла Кядук — ураджэнец Гродна, лаўрэат найпрэстыжных міжнародных конкурсаў, які прадоўжыў адукацыю ў Польшчы і Італіі, а зараз жыве ў Германіі ды шырока гастралюе па ўсёй Еўропе і не толькі. Менавіта ён паўтара года таму выступіў ініцыятарам правядзення дадзенага форуму ў сваім родным горадзе, запрасіўшы тых музыкантаў, з якімі цесна супрацоўнічае. 13 верасня ён выступіць разам з маладым скрыпачом Міхаілам Сіманянам, якога ўжо на пачатку кар’еры пачалі называць новым Давідам Ойстрахам. А 15-га — з Дзяржаўным камерным аркестрам Беларусі, за пульт якога ўстане малады польскі дырыжор Якуб Храновіч.

На тым жа канцэрце закрыцця свята з гэтым калектывам будзе саліраваць і наш віяланчэліст, лаўрэат Міжнароднага конкурсу імя П.Чайкоўскага, удзельнік перадапошняга класічнага “Еўрабачання” Іван Карызна.

Інтэрв’ю з мастацкім кіраўніком “TyzenHouse” Кірылам Кядукам чытайце ў адным з наступных нумароў “К”

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"