Варыянт: “гастрольная” галерэя

№ 32 (1106) 10.08.2013 - 16.08.2013 г

Пасля публікацыі “Ці патрэбна мастацкая галерэя ў аграгарадку?” у рэдакцыю завітаў наш сталы чытач, дырэктар Колкаўскага СДК Петрыкаўскага раёна Мікалай ГЛУШКО. Вось якімі развагамі ён падзяліўся па названай тэме.

/i/content/pi/cult/440/9137/3-4.jpeg

— Як работнік культуры з немалым досведам ведаю ўсю паднаготную жыцця ў вёсцы і магчымыя накірункі. Маё меркаванне такое: адкрыццё мастацкіх галерэй у аграгарадках і вёсках — справа, безумоўна, добрая, але — неперспектыўная. Урэшце, і патэнцыйным гледачам пакуль не да гэтага.

Яўген Рагін правільна зазначыў у сваёй рэпліцы наконт рэнтабельнасці падобных устаноў культуры. А ўявіце сабе яшчэ платныя білеты! Такая галерэя — прынамсі, пакуль — асаблівым попытам карыстацца не будзе. Гэта па-першае. Па-другое, нават у райцэнтрах у нас часцяком няма сталай карціннай галерэі ці хаця б больш-менш прыстасаванай выставачнай залы. У нашым раёне часцей аматары выстаўляюцца. А вось каб з Гомеля прадастаўлялі на экспанаванне частку калекцыі?

Адзіны варыянт развіцця падобнай ідэі — праводзіць выстаўкі не на пастаяннай аснове, а пад “патранатам” нейкага буйнога, скажам, абласнога, мерапрыемства. А таксама выстаўкі сучасных “перасоўнікаў”, экспазіцыі па выніках лакальных пленэраў, паказы, прымеркаваныя да тых жа святаў вёсак. Але і ў такім выпадку неабходна патлумачыць людзям, чаму за сузіранне твораў мастацтва трэба плаціць, няхай і сімвалічную суму.

На сітуацыю са стаўленнем да культурных мерапрыемстваў уплывае і дэмаграфія, і наяўнасць у вёсках, аграгарадках дамоў культуры, музычных ці мастацкіх школ. Выдатна, што ў аграгарадках суседзяў (Акцябрскага, Калінкавіцкага раёнаў) здолелі адкрыць музычныя класы, сабраць туды спецыялістаў. Хаця, зразумела, перспектывы асаблівай няма, бо вёска там — 400 чалавек. Наша — большая. І ўсё ж, як бачыце, нават у меншых вёсках знайшлі штаты ды зрабілі справу.

Калі казаць шырэй, дык чаму ў вёсках у нас няма асаблівага культурнага прагрэсу? Бо мы варымся ва ўласным соку. Таму такая выязная выстаўка, хаця б раз на паўгода, можа і павінна быць: спачатку яна ў раён прыбыла, а потым па вёсках паехала. Урэшце, ужо нават паказ у райцэнтры ўзрадаваў бы…