Забойства Пэна: яшчэ адна версія злачынства

№ 31 (1105) 03.08.2013 - 09.08.2013 г

— І што ж? — У перадапошні дзень перад заканчэннем тэрміну задання, стоячы непадалёк ад акна раздачы, я разлічыў, калі ён будзе праходзіць міма, і прысеў, каб нібыта завязаць шнурок на чаравіку. Укалоць яго ў ікру і хутка схаваць шпрыц было справай тэхнікі. На жаль, ён паспеў ускрыкнуць. На шчасце, побач з ім акрамя мяне апынуліся яшчэ двое, да таго ж, адразу некалькі чалавек, у тым ліку і я, кінуліся яму на дапамогу. Карацей кажучы, Віктар Сямёнавіч застаўся незадаволены чысцінёй выкананай аперацыі… Гэтае прызнанне адстаўнога “ліквідатара” кажа само за сябе і ў каментарыях не мае патрэбы.

 

(Працяг. Пачатак у №№ 26, 28 — 30.)

Гэтае прызнанне адстаўнога “ліквідатара” кажа само за сябе і ў каментарыях не мае патрэбы.

/i/content/pi/cult/438/9133/14-2.jpeg

Ю.Пэн. "Апошняя субота". 1910 г.

Хто ж арганізаваў забойства і сфабрыкаваў справу?

На пытанне, хто канкрэтна задумаў ды арганізаваў забойства Ю.Пэна, адказаць няпроста. Згадка ветэрана НКУС пра тое, што сапраўдны забойца мастака “быў некалі даверанай асобай Лаўрэнція Паўлавіча”, яшчэ нічога не кажа. Значна больш падазрэнняў падае на яго падручнага Абакумава, які наўрад ці быў чымсьці лепшы за свайго шэфа. Зрэшты, на чыім сумленні смерць мастака — не так важна. Важна тое, што гэта, без сумневу, было зроблена НКУС. Якім — маскоўскім або віцебскім, — на жаль, адказаць на гэтае пытанне немагчыма. Асабіста мне здаецца, што ўсё арганізавана было менавіта віцебскімі чэкістамі. А іх знакаміты ўжо пасля вайны “ліквідатар” тады ў Віцебску толькі пачынаў сваю кар’еру.

Часта чую пытанне: навошта НКУС трэба было забіваць старога мастака, які і так завяшчаў усю сваю спадчыну гораду? На яго я заўсёды адказваю пытаннем: а навошта дзяржаве рукамі НКУС трэба было забіваць ды ссылаць у лагеры мільёны ні ў чым не вінаватых людзей? Яшчэ можна было б неяк зразумець, калі Сталін прыбіраў сваіх сапернікаў у барацьбе за ўладу. Але ж забівалі і высылалі мільёны шараговых рабочых ды служачых, калгаснікаў, людзей, якія нават не думалі быць сапернікамі “бацьку народаў”. Можна зразумець і жаданне Сталіна мець мільёны рабоў, якія за мізэрнае забеспячэнне бясплатна працавалі ў самых цяжкіх умовах. Але навошта патрэбна была смерць маладых і здаровых працаўнікоў — мужчын і жанчын, якія выраблялі даброты, якія ўмацоўвалі ваенную моц краіны? Колькіх дывізій, армій, колькіх соцень ці тысяч военачальнікаў і афіцэраў Чырвоная армія не далічылася на франтах вайны толькі з-за таго, што людзі былі расстраляны ў другой палове 1930-х гг?..

А вось з пытаннем, хто сфабрыкаваў “пэнаўскую справу”, больш-менш зразумела. Можна з высокай ступенню верагоднасці сцвярджаць, што да гэтай справы руку прыклаў сумна вядомы ў горадзе начальнік гараддзела НКУС, старэйшы лейтэнант дзяржаўнай бяспекі Іван Гарбаленя. Вось што пісала з гэтай нагоды газета “Звязда” ад 14 сакавіка 1937 г.: “…Непасрэдных вінаватых злачыннага забойства і іх саўдзельнікаў выкрыў віцебскі гарадскі НКУС (нач. аддзела НКУС, старшы лейтэнант дзяржаўнай бяспекі т. Гарбаленя) пры актыўнай дапамозе брыгады ўпраўлення міліцыі БССР пад кіраўніцтвам нам. начальніка ўпраўлення міліцыі рэспублікі капітана міліцыі т. Яноўскага…”. Пра Яноўскага нічога не ведаю, а вось пра Гарбаленю вядома: на яго сумленні — жыцці соцень віцябчан. Менавіта ён выдумаў так званую Польскую контррэвалюцыйную арганізацыю, па справе якой у Віцебску да найвышэйшай меры пакарання (расстрэлу) ды іншых відаў пакарання былі прысуджаны сотні жыхароў горада...

 

Ці не час рэабілітаваць Файнштэйнаў?

Пра тое, што адзін член сям’і Файнштэйнаў жыве ў Віцебску, я даведаўся ад сваёй маці яшчэ ў тыя далёкія 1960-я. Яна была адной з многіх віцябчан, якія прысутнічалі на працэсе. Туды прапускалі строга па прапусках, а выдавалі іх, у якасці заахвочвання, перадавікам вытворчасці ды стаханаўцам. Я запаліўся думкай пагутарыць з гэтым чалавекам. Але маці горача стала адгаворваць мяне ад гэтага, спасылаючыся на тое, што Файнштэйн — чалавек замкнёны, ні з кім не кантактуе, і наўрад ці ён стане са мной нават размаўляць на дадзеную тэму. Дапамагчы ў пошуку гэтага чалавека маці рашуча адмовілася, а сам я па маладосці гадоў не вырашыўся. І вельмі хутка пра гэта пашкадаваў: непадалёк ад магілы бабулі, якая памерла ў 1968 годзе (пасля побач з ёй пахавалі і маю маці), убачыў помнік з надпісам “Файнштэйн Абрам Рувімавіч (1910 — 1968)”. Гэта быў той самы “забойца” мастака, якога асудзілі на дзесяць гадоў. Аказваецца, не заўсёды трэба слухаць бацькоў...

Зрэшты, гэтая гісторыя мела працяг...

(Працяг будзе.)

Аркадзь ПАДЛІПСКІ

Віцебск