Вандроўнік па жыцці

№ 51 (817) 22.12.2007 - 28.12.2007 г

Нязвыклая выстаўка працавала ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва. Яе экспанаты — габелены, сплеценыя з лазы, пацеркі са шпал і цвікоў, канструкцыі з ільняных нітак. Аўтар гэтай прасторавай фантазіі — член Беларускага саюза мастакоў, выкладчык Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта Генадзь Фалей. Яго персанальная выстаўка “Вандроўнік па жыцці” была прымеркавана да 50-годдзя мастака.

 /i/content/pi/cult/142/913/Vandrounik.jpg

Фрагмент экспазіцыі.
Для стварэння сваіх кампазіцый Г.Фалей абраў вельмі складаны па сваёй прастаце матэрыял — абгарэлыя кавалкі дрэва, шпагат, ніткі, цвікі, галінкі лазы.
Майстру трэба было прадставіць гэты матэрыял так, каб стварыць у прасторы светлы, лёгкі мастацкі вобраз. І ў яго гэта атрымалася. Прасторавы вобраз Г.Фалея, складзены з некалькіх кампазіцый, — характарны, адкрыты, аптымістычны, блізкі да прыроды, прасякнуты любоўю да беларускіх каранёў.
“Генадзь — незвычайны габеленшчык, — гаворыць загадчыца навуковага аддзела мінскага Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Ларыса Міхневіч. — Ён вельмі адрозніваецца ад усяго, што робіцца ў Беларусі ў гэтай галіне. Гэтая выстаўка — з’ява для беларускага мастацтва, яна адлюстроўвае многія працэсы развіцця габелена, які ў 60-я гады “адарваўся” ад сцяны, стаў інсталяцыяй, затым — зноў габеленам”. Па словах дырэктара віцебскага ЦСІ Валянціны Кірылавай, гэтая экспазіцыя можа быць запатрабавана ў любым музеі свету. Генадзь Фалей, які пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку, “ідзе нага ў нагу з сусветным мастацтвам”.

Таццяна САЛАЎЁВА
Віцебск