Стрыжань “Танга”

№ 31 (1105) 03.08.2013 - 09.08.2013 г

Гродзенскі абласны драматычны тэатр сярод іншых айчынных тэатраў даўно займеў славу калектыву, які падыходзіць да фарміравання свайго рэпертуару надзвычай прынцыпова-выкшталцона.

Тут, у адрозненне ад многіх іншых афіш-клонаў, можна ўбачыць прозвішчы аўтараў, якія, пры ўсёй прызнанасці свайго майстэрства, не з’яўляюцца частымі гасцямі сучасных падмосткаў: ці то з-за адсутнасці “кляйма” касавасці, ці то з прычыны таго, што пранікненне ў глыбіні іх твораў вымагае ад рэжысёраў інтэлектуальных ды творчых высілкаў. Яшчэ адным прыемным пацвярджэннем таго, што гродзенцы не шукаюць лёгкіх шляхоў, стаўся спектакль “Танга” па п’есе польскага абсурдыста Славаміра Мрожака ў пастаноўцы Сяргея Курыленкі.

Тэатр абсурду як плынь атрымаў распаўсюджванне ў другой палове мінулага стагоддзя — аккурат пасля Другой сусветнай вайны, зазнаўшы не толькі магутнае тэарэтычнае абгрунтаванне, але і шырокае выкарыстанне: не столькі з-за сваёй прынцыповай навізны, колькі таму, што, бадай, ніводнаму пакаленню людзей за ўсю гісторыю існавання чалавецтва так і не ўдавалася да канца патлумачыць усё, што з намі адбываецца, выключна з пазіцый логікі ды рацыянальнасці. У той час як тэарэтыкі абсурдызму сцвярджалі: абсурд — гэта і ёсць канчатковая, гранічная ступень лагічнасці.

/i/content/pi/cult/438/9125/11-1.jpeg

Зрэшты, любая тэорыя на практыцы набывае самыя разнастайныя формы ды выразныя сродкі, і часам складана нават уявіць сабе, што дыяметральна супрацьлеглыя творчыя праявы могуць мець адзін агульны “корань”. Менавіта таму і варыяцый таго, якім чынам асвойваюць эстэтыку абсурду тэатральныя рэжысёры, бясконцае мноства.

У гродзенскім тэатры рэжысёр спектакля Сяргей Курыленка адмовіўся ад знешняй “гульні формай”, якая так часта прываблівае пастаноўшчыкаў абсурдысцкіх п’ес. Наадварот, для яго прынцыпова важным было знайсці ў гэтым “быццам бы бязглуздым” існаванні сваю логіку, той унутраны закон, які і вызначае відочны бок жыцця герояў.

Пошукі так званага сэнсу жыцця — тэма ці не адна з магістральных для любога пакалення людзей. І акурат яна стала “стрыжнем”, вакол якога фарміруецца дзеянне спектакля “Танга”. Каб стаць кімсьці, неабходна пераадолець існуючую сістэму каардынат ды зрабіць нешта важкае, больш значнае за існае. Але што рабіць, калі гэтыя каардынаты ўжо даўно адрынуты і можна ўсё, чаго толькі пажадае душа? Якім чынам маладое пакаленне можа сцвердзіцца на фоне старэйшых, калі ні “лепшым”, ні “горшым” стаць проста немагчыма?

Парадаксальная для еўрапейскага тэатра другой паловы ХХ стагоддзя (і польскага, у прыватнасці) тэма пошуку балансу паміж традыцыяй, аўтарытэтамі ды імкненнем да ўнутранай свабоды ў гродзенскім спектаклі выліваецца ў сваю лагічную “выснову”: толькі жорсткая дыктатура з яе рэгламентацыяй прыярытэтаў здольная даць хаця б якое-кольвечы адчуванне “платформы пад нагамі” для таго, каб мець магчымасць стартаваць у пэўным кірунку.

Прынцыповай удачай гродзенскага спектакля “Танга” з’яўляецца акцёрскі ансамбль, гарманічны і выкшталцоны ў суіснаванні ўсіх сваіх персанажаў. У ім дакладна выбудаваны так званыя прыкметы пакаленняў: прыхаваныя “падпольныя” бунтаўшчыкі самага старэйшага ўзросту — Яўгенія (Валянціна Харытонава) і Яўген (Мікалай Емяльянаў), адкрыта “дысідэнцтвуючыя” бацькі, для якіх ужо нават сам факт пратэсту перад усім і ўсімі страціў вастрыню ды якую-кольвечы важкасць, Стоміл (Васіль Прабадзяк), Элеанора (Святлана Завадская) і Эдзік (Васіль Мініч). На іх фоне Артур (Мікалай Вілімовіч) як прадстаўнік маладога пакалення выглядае насамрэч маленькім шчанюком, чые пратэсты ды бунтарствы з’яўляюцца спробай “даскочыць” да дарослых, заявіць пра сябе, прымусіць астатніх да таго, каб яго, хлапчука, заўважылі і... пагладзілі па галоўцы.

Але ж не: на працягу спектакля мы паступова разумеем, што зусім не звыклай ласкі хоча для сябе Артур. Ім кіруе нармальная, і нават здаровая ў сваёй першааснове, ідэя, якой мог бы ганарыцца любы малады чалавек: заявіць пра сябе ў гэтым свеце, зрабіць штосьці, каб пакінуць след на зямлі. Вось толькі вынік імкнення да гэтай мэты аказваецца, мякка кажучы, не адпаведным свайму першапачатковаму імпульсу. І не толькі таму, што кожнаму чалавеку ў кожным часе неабходны дакладныя ды непарушныя арыенціры з серыі “што такое добра і што такое дрэнна”. Абсурдысцкая філасофія Славаміра Мрожака і рэжысёрская спроба Сяргея Курыленкі пранікнуць у яе глыбіні чарговы раз уваскрасілі старую ісціну: плёну ад любой дзейнасці можна чакаць толькі ў змаганні “за” штосьці, а зусім не тады, калі ты ідзеш “супраць”…

Мінск — Гродна — Мінск

На здымку: сцэна са спектакля "Танга".

Фота з архіваў тэатра.