"Адчуваеце" Малевіча? Я — не...

№ 31 (1105) 03.08.2013 - 09.08.2013 г

У чаканні летняга ваяжу ў Мінск маіх сяброў-замежнікаў разважаю: што ж мушу паказаць ім, як прэзентаваць нашу сталіцу? Які вобраз вымалюецца ў выніку гэтай маёй прэзентацыі?.. Вандруючы па Старым горадзе, прызвычаілася да расповедаў пра тое, “што калісьці было” на тым ці іншым месцы — гэта частка нашай гісторыі. Але якім мусіць выглядаць “тое, што ёсць”?

Доўгі час негалосна было прынята лічыць, што вобраз сталіцы (зрэшты, як і любога населенага пункта) вызначае архітэктурнае аблічча. Ды толькі ў апошнія дзесяцігоддзі непарушнасць гэтага тэзісу пахіснулася відавочным чынам. Не толькі таму, што новыя будаўнічыя тэхналогіі прывялі да заўважных змен у архітэктурным выглядзе, так што людзі, завітаўшы ў Мінск пасля дзесяцігадовага перапынку, наўрад ці пазнаюць горад. Стала зразумела: фарміруе гэтае аблічча не што іншае, як культурнае жыццё, якое точыцца тут і зараз.

/i/content/pi/cult/438/9121/4-1.jpeg

Мінску не выпадае скардзіцца на адсутнасць альбо аднастайнасць культурных мерапрыемстваў, што адбываюцца ў горадзе: тут можна знайсці прапановы папраўдзе на любы густ — ад масавых гулянняў і зборных канцэртаў да элітных тэматычных выставак ды вузкапрофільных творчых акцый. Аднак існуе цэлы кірунак гарадскога жыцця, які ў Мінску пачаў жыва развівацца толькі ў апошнія гады, — вулічная культура. Можна шмат гаварыць, параўноўваючы з іншымі краінамі, дзе рэгулярна ладзяцца фестывалі вулічных тэатраў, выдзяляюцца адмысловыя зоны для графіці-мастацтва, а гарадская прастора становіцца своеасаблівай “палітрай” для творчага самавыяўлення сучасных мастакоў, пра тое, што ў Мінску не так і шмат месцаў, дзе падобныя ідэі можна было б рэалізоўваць (як з пункта гледжання наяўнасці плошчы, так і з пазіцый бяспекі).

Развіваць вулічную культуру ў Мінску пачалі са “спакойных” форм — выставак пад адкрытым небам: другі год запар ля помніка Якубу Коласу ладзіцца знаёмства гараджан і гасцей сталіцы са спадчынай выбітных мастакоў. Сёлета — з творчасцю Казіміра Малевіча. Што і казаць, ідэя — важная. Іншая справа — ці дасягае яна мэты?

Гуляючы між стэндаў, якія, даруйце, нагадваюць кабінкі для пераапранання на пляжы, задаюся пытаннем: чаму да ўсяго, што бачу на прадстаўленых рэпрадукцыях, не просіцца слова “мастацтва”? Безумоўна, першапачатковую функцыю — фіксацыю ў свядомасці мінакоў думкі пра тое, што “быў такі Малевіч”, і пазнавання ў будучым “знаёмай” карцінкі, убачанай на гэтай выстаўцы, — дадзены праект выканае. Але ці здольны ён даць людзям уяўленне пра маштаб творчай асобы Малевіча? Ці зможа дапамагчы “адчуць” ягоны жывапіс? Наўрад ці. Гэтак жа як у савецкія часы шакаладныя цукеркі з выявай “Раніцы ў сасновым лесе” не маглі выхаваць у дзецях любоў да жывапісу Шышкіна…

Заканамернае пытанне: а што ж я прапаную? Адказваю: аддаць прастору вулічнай культуры тым творцам, якія свядома працуюць у гэтым кірунку. А яшчэ — не імкнуцца “ўдаступніваць” творы мастацтва за кошт іх масавага тыражавання. Як нельга адчуць водар кветкі нават на самым прыгожым яе фотаздымку, так немагчыма і спрычыніцца да творчасці Майстра ды адчуць “водар” ягоных твораў па пластыкавай выяве…