Я.Ждан. Эскіз касцюма Дэмана. |
Пейзаж займае асобнае месца ў творчасці Я.Ждана. Велічная прыгажосць роднай беларускай зямлі натхняюць яго сэрца і душу на стварэнне цудоўных паэтычных замалёвак: “Мой родны кут”, “Ваколіца”, “Вясенні гоман”, “Зімовы дзень”, “Стары парк Рдултоўскіх”, “Восеньскі туманны дзень”. У своеасаблівай, незвычайнай манеры напісаны аўтапартрэты і партрэты “Ірына”, “Маці”, “Спявачка Нагіма Галеева”, “Марк Шагал”.
У творах Я.Ждана прысутнічае адухаўленне прыроды, глыбокае адчуванне хараства. Асноўны прынцып мастака — цэльнасць філасофскага і паэтычнага бачання. Ён стварыў свой свет — арыгінальны, непаўторны, лірычны. Яго палотны можна разглядаць як цікавую кнігу гісторыі беларускага народа, яго мінулага і сучаснага.
Прафесійнае майстэрства, своеасаблівае мастацкае асэнсаванне вобразаў у жывапісных карцінах, тэатральных дэкарацыях даюць права паставіць імя Яўгена Ждана ў шэраг знакамітых дзеячаў нацыянальнай культуры. 18 снежня ў Музеі гісторыі беларускага кіно адбылося адкрыццё выстаўкі работ юбіляра. На ёй прадстаўлены эскізы касцюмаў і дэкарацый да розных спектакляў, фотаздымкі, сцэнічныя касцюмы да спектакля “Галька” С.Манюшкі, якія захоўваюцца ў фондах музея, а таксама жывапісныя палотны з уласнай калекцыі мастака, створаныя ў апошні час.
Ірына ПАНЧАНКАВА,
навуковы супрацоўнік
Дзяржаўнага музея
гісторыі тэатральнай
і музычнай культуры