Музеі Грузіі: сучаснасць ды Антычнасць

№ 31 (1105) 03.08.2013 - 09.08.2013 г

Семінар “Стратэгічнае кіраванне, стандарты і менеджмент якасці ў дзейнасці музея”, які прайшоў у Грузіі 22 — 26 ліпеня, сабраў прастаўнікоў музейнай сферы з 16 краін. Сярод яго ўдзельнікаў была і дырэктар музея “Замкавы комплекс “Мір” Вольга ПАПКО, якая падзялілася сваімі ўражаннямі ад паездкі.

— Мы мелі магчымасць пазнаёміцца з музеямі аддаленых рэгіёнаў Грузіі, — распавяла яна. — Тыя помнікі, што мы ўбачылі, былі пабудаваны ў 70 — 80 гады мінулага стагоддзя, але зараз праз аднаўленне і рэканструкцыю атрымалі другое жыццё. Напрыклад, музей у пасёлку Месціа знаходзіцца на поўначы краіны: цікава, што яго аднаўленнем займаўся сын архітэктара, які спраектаваў гэты будынак. У выніку, атрымалася сучасная ўстанова, што ў найбольш выгадным свеце дэманструе ўласныя багатыя фонды.

Мы наведалі музей у Вані. Ён зараз знаходзіцца на стадыі завяршэння будаўніцтва. Паралельна вакол яго адбываюцца раскопкі антычнага горада. Яшча адна ўстанова — у Ахалцыхе, горадзе на мяжы з Турцыяй. Адпаведна, музей месціцца ў крэпасці і мае сваю прасторавую адметнасць.

У цэлым, усе адноўленыя аб’екты вылучаліся цікавай арганізацыяй прасторы, простымі і лаканічнымі экспазіцыйнымі рашэннямі. Вялікую ролю тут, хочацца адзначыць, адыгрывае святло, якое выпраменьвае пэўны прадмет экспазіцыі з прыцемкаў залы.

/i/content/pi/cult/438/9119/2-4.jpeg

Паралелі з нашым музеем у Міры, безумоўна, праводзіліся. І шмат у чым мы не прайграём, а выігрываем: хаця б у большай прапанове сувенірнай прадукцыі… Таксама, лічу, мы маглі б падзяліцца досведам папулярызацыі музея, у якім маюць патрэбу аб’екты, што наведалі музейшчыкі СНД. Музейныя ўстановы адкрыліся нядаўна, знаходзяцца ў аддаленых рэгіёнах, але заслугоўваюць вялізнай увагі публікі. І гэта трэба выпраўляць.

Яшчэ у выніках паездкі — дамоўленасць аб супрацоўніцтве з Калінінградскай мастацкай галерэяй. Але пра гэта — крыху пазней…

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"