Ганаровыя госці разам з Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам па завяршэнні літургіі прынялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі закладкі памятнай граматы ў гонар юбілейнай даты Хрышчэння Русі. Месцам для яе закладкі быў абраны падмурак каменнай праваслаўнай царквы XI стагоддзя — першага праваслаўнага храма ў Мінску. Найсвяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл выказаў надзею, што найстаражытнейшы храм Мінска будзе неўзабаве адноўлены.
У рамках святкавання юбілею па блаславенні Патрыярха Кірыла і Архіепіскапа Афінскага і Эладскага Гераніма ў Мінску знаходзілася агульнахрысціянская святыня — Х-падобны крыж, на якім, паводле падання, прыняў пакутніцкую смерць святы апостал Андрэй Першазванны.
Да святкавання 1025-годдзя Хрышчэння Русі актыўна далучыліся і музеі. У прыватнасці, фотавыстаўка “Пастырскія візіты Найсвяцейшых Патрыярхаў Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія II і Кірыла ў Рэспубліку Беларусь” адкрылася ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці — філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Здымкі, прадстаўленыя ў праекце, асвятляюць знаходжанне ў Беларусі Найсвяцейшых Патрыярхаў Алексія II і Кірыла ў 2009 і 2012 гадах адпаведна. Пад час гэтых візітаў адбыліся наведанні храмаў Мінска, Полацка, Віцебска, сустрэча з вернікамі, прайшлі гутаркі з беларускай моладдзю, пакланенне святым мошчам Ефрасінні Полацкай і Сафіі Слуцкай. На выстаўцы таксама прадстаўлена факсімільнае выданне Полацкага Евангелля XII стагоддзя. Як адзначыў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Алег Рыжкоў, ідэя выстаўкі заключаецца не ў тым, каб проста паказаць гістарычныя здымкі, але і падкрэсліць увагу, якая надаецца супрацоўніцтву дзяржавы і царквы.
Тым часам днямі ў Нацыянальным мастацкім музеі нашай краіны адкрылася выстаўка трох ікон са збораў найбуйнейшых музеяў Беларусі: Полацка, Гродна і Мінска. Прадстаўленыя абразы адлюстраваны на паштовым блоку, выдадзеным у гэтым юбілейным годзе Рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам “Белпошта”.
Акрамя таго, у рамках сумеснага выпуску Беларуссю, Украінай і Расіяй ў зварот выходзіць паштовы блок з адной маркай “1025 гадоў Хрышчэння Русі”. На блоку змешчана фрэска “Хрышчэнне Русі” Васняцова са збору Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі. Да выпуску падрыхтавана мастацкая вокладка, усярэдзіне — паштовы блок і канверт першага дня з гашэннем.
На здымках: пад час урачыстасцей на Мінскім замчышчы.
Фота аўтара